Минск
+11 oC
USD: 2.04
EUR: 2.27

В Бресте представят факсимильную копию Радзивиловской Библии

Гартаючы залатыя старонкi

Заўтра ў Брэсце прадставяць факсімільную копію Радзівілаўскай Бібліі, аднаго з найбольш значных выданняў у гісторыі айчыннага кнігадрукавання. Фаліянт убачыў свет у 1563 годзе ў першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі тыпаграфіі, якую ў Берасці заснаваў Мікалай Радзівіл Чорны. 

Прэзентацыя Бібліі адбудзецца сёння ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы ў 17 гадзін.

— Брэсцкая Біблія — самае аб’ёмнае друкаванае выданне ХVI—ХVIII стагоддзяў у Вялікім Княстве Літоўскім, шэдэўр палі­графічнага мастацтва эпохі Рэнесансу, — расказвае кіраўнік аддзела Брэсцкай абласной бібліятэкі Ала Кузьміна. — На выданне Бібліі Мікалай Радзівіл выдаткаваў свой гадавы даход — 10 тысяч дукатаў. Афармленне было зроблена на вышэйшым узроўні. 

У свеце захавалася каля 130 асобнікаў выдання. Поўных — яшчэ менш. Кошт кожнага арыгінала, па розных ацэнках, складае ад 40 да 140 тысяч долараў. Але справа нават не ў цане: за апошнія паўстагоддзя фаліянт толькі некалькі разоў выстаўляўся на аўкцыёнах. 

Доўгачаканы падарунак зрабіў Прэзідэнт. Падчас святкавання 1000-годдзя Брэста Аляксандр Лукашэнка перадаў Музею гісторыі горада арыгінальнае выданне Радзівілаўскай Бібліі. Яго камплектнасць — 99 працэнтаў. Нейкім цудам захаваліся нават два гравіраваныя тытульныя лісты да Старога і Новага Запаветаў. Падобныя асобнікі існуюць, але іх можна пералічыць па пальцах. 

Арыгінал Бібліі — музейны экспанат. Аднак кампанія «Белнафтастрах» і Нацыянальная бібліятэка зрабілі фаліянт даступным для кожнага. Сумеснымі намаганнямі былі выдадзены 11 асобнікаў факсімільнай копіі Берасцейскай Бібліі. Адзін застаўся ў сталіцы, астатнія перадалі Брэсту. 

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша ўпэўнены, што выданне ўвойдзе ў гісторыю сучаснай беларускай культуры: 

— Гэтая кніга ўнікальная сама па сабе. Брэсцкая Біблія стала легендай, яна лічыцца самай прыгожай, дарагой, вялікай і, як яе часам называюць, самай загадкавай у гісторыі кніжнай культуры Беларусі. Сучаснае факсімільнае выданне можна ў пэўнай ступені назваць самым незвычайным у гісторыі айчыннага друку. Ні па памеры, ні па вазе, ні па аб’ёме такіх кніг у Беларусі не выходзіла.

Кнігу надрукавалі, узнавіўшы з абсалютнай дакладнасцю ўсе асаблівасці арыгінала. 

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Сергей МИЦЕВИЧ
Загрузка...