Гартаючы «Залаты фаліянт»

Зборнік вершаў «Мама. Маці. Матуля», што выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», названы пераможцам Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2007». Выданню, што было аздоблена мастакамі Аляксеем Пятровым і Валерыем Рагалевічам, прысуджана вышэйшая ўзнагарода конкурсу — статуэтка «Залаты фаліянт» і дыплом імя Францыска Скарыны. Пераможцы ў гэтым годзе вызначаліся ў 12 намінацыях. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Мастацтва кнігі-2007» адбудзецца ў Дзень беларускай пісьменнасці 2 верасня ў Шклове.

На конкурс, арганізатарам якога стала Міністэрства інфармацыі нашай краіны, было прадстаўлена больш за 250 выданняў, што ўбачылі свет у 2006 годзе. За перамогу змагаліся
41 выдавецтва і выдавецкая ўстанова, паведамляе БЕЛТА.
Па словах намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ігара Лапцёнка, які быў старшынёй журы конкурсу, упершыню была ўведзена намінацыя «Лепшы падручнік 2006 года». Дарэчы, лепшым падручнікам названа «Геаграфія Беларусі» для 10-га класа, выдадзеная «Народнай асветай», а лепшым навучальным выданнем стаў вучэбна-метадычны комплекс па замежнай мове «Кітайская мова», выдадзены «Вышэйшай школай».
«Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага («Мастацкая літаратура») стала лепшым літаратурна-мастацкім выданнем, «Мінск. Кніга жыцця» (Мінская фабрыка каляровага друку) — пераможцай сярод навукова-папулярных выданняў.
Ацэньвала кампетэнтнае журы таксама ўдзельнікаў конкурсу па 4 спецыяльных намінацыях. Лепшым у намінацыі «За прапаганду чытання» стала тэлепраграма «Слова пісьменніка» на тэлеканале «ЛАД». Названы таксама лепшы ілюстратар (Павел Татарнікаў), дызайнер кнігі (Дзмітрый Герасімовіч), фотамастак (Сяргей Плыткевіч).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter