Гартаючы старонкі

2012-ы год у нашай краiне аб’яўлены Годам кнігі

2012-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам кнігі

Пераканаўчым сведчаннем таго, што пытанні захавання духоўнасці грамадства, развіцця беларускай літаратуры і культуры з’яўляюцца прадметам асобага клопату дзяржавы, стала абвяшчэнне ў нашай краіне бягучага года Годам кнігі. Адпаведны ўказ напярэдадні навагодняга свята падпі­саў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы даручыў Савету Міністраў зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенню гэтага года.

На думку першага намесніка дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва» галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» паэта Алеся Бадака, прынятае рашэнне паспрыяе павышэнню ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхаванню ў маладога пакалення любові да мастацкага слова.

— У 2011 годзе РВУ «Літаратура і Мастацтва» выдадзена 79 найменняў кніг, тыраж 14 з іх ужо цалкам рэалізаваны, некаторых — амаль рэалізаваны, таму можна меркаваць, што попыт на кнігі ёсць. Іншая справа, што сёння асноўны заказчык — бібліятэкі, а не індывідуальны пакупнік. Але ж і дома ні тэлевізар, ні камп’ютар не могуць замяніць кнігу, паколькі ў іх розныя і функцыі і магчымасці. І там, дзе ў шафах раней стаялі кнігі, сёння часта бывае пуста — туды больш нічога не паставіш, яно будзе глядзецца там не на сваім месцы. Так і ў нашых душах: калі мы перастаём чытаць, недзе ў глыбіні душы застаецца пустэча, якую нічым іншым нельга запоўніць, — ні серыяламі, ні папулярнай музыкай. Я вельмі спадзяюся, што Год кнігі дапаможа вярнуць мастацкае слова ў нашы дамы, у нашы душы. Тое слова, якое нясе святло, дабрыню, якое ачышчае і робіць нас лепшымі, мудрэйшымі, — адзначыў у інтэрв’ю «Р» Алесь Бадак.

Думку пра тое, што абвяшчэнне ў краіне Года кнігі дапаможа захаваць аўтарытэт чытання, падзяляе і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

Паводле яго слоў, з’яўленне разнастайных інфармацыйных крыніц значна пашырыла ў сучасным свеце спектр інфармацыйнай прадукцыі і, безумоўна, аператыўнае яе прадастаўленне — справа вельмі важная. Але пры гэтым не меньш важна помніць, што духоўныя каштоўнасці і арыенціры грамадства стагоддзямі адлюстроўвала менавіта друкаваная кніга.

— Захоўваючы інстытут кнігі, аўтарытэт чытання і чытаючага, дасведчанага чалавека ў сучасным свеце, мы захоўваем і стратэгічныя прыярытэты свайго развіцця. Тое, што 2012 год абвешчаны менавіта Годам кнігі, — гэта свайго роду выказванне занепакоенасці лёсам кніжнай прадукцыі, — кажа Раман Матульскі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter