Фонд Национального архива Беларуси пополнился знаковыми документами

Гартаючы нятленныя старонкі

Фонд Национального архива Беларуси пополнился знаковыми документами
Фонд вядомых палітычных і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры Нацыянальнага архіва Беларусі заўсёды прыцягваў да сябе асаблівую ўвагу. Сёлета ён папоўніўся дакументамі славутага партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза Васіля Каржа, якія перадала яго ўнучка Вольга Мікалаеўна. Яшчэ адзін са здабыткаў НАБ — фонд вучоных-геолагаў, лаўрэатаў Дзяржпрэмій СССР і Беларусі Гаўрыiла і Радзіма Гарэцкіх. Сярод прынятых дакументаў — дыпломы, атэстаты, дзённікі і ўспаміны, асабістая перапіска і шмат іншага.



Але самыя важкія тамы ў гэтым годзе былі складзены з нагоды ліквідацыі Беларускага рэспубліканскага фонда «Паразуменне і прымірэнне». Цяпер усе даведкі па яго дзейнасці будуць даваць менавіта ў Нацыянальным архіве Беларусі.

Тысячамі каштоўных папер штогод папаўняюцца беларускія архівы. Тут і дакументы дзяржаўнага значэння, і асабістыя рэчы. Сёння мы прапануем агляд самых каштоўных здабыткаў за апошні год.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва з асаблівым гонарам расказваюць пра паступленне цікавых матэрыялаў беларускага замежжа з калекцый Беларускага інстытута навукі і мастацтва (ЗША). Гэта дакументы з асабістага архіва грамадскага дзеяча Васіля Шчэцькі, які працаваў бібліятэкарам Калумбійскага ўніверсітэта. Дзякуючы яму ў Беларусь трапілі некаторыя паперы вядомага кампазітара, аўтара музыкі гімна «Магутны Божа» Міколы Равенскага,  перапіска гісторыка Юрыя Туронка з дзеячамі нашай краіны і замежжа, а таксама карэспандэнцыя Вітаўта Тумаша, Юркі Віцьбіча, Яна Пятроўскага, Міхася Саўкі-Міхальскага, Эміля Цяўлоўскага і іншых беларускіх дзеячаў пасляваеннай беларускай эміграцыі. Цікавыя і дакументы паэтэсы Наталлі Арсенневай, у тым ліку яе перапіска апошніх гадоў, копіі дарчых надпісаў з падораных ёй кніг, рукапісы пісьменніка і выдаўца Міколы Панькова — невялікія кніжачкі, якія ён ствараў у 1946—1948 гадах у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Ёсць сярод рарытэтаў самаробныя кнігі з творамі Уладзіміра Дубоўкі, перапісаныя ці складзеныя з газетных выразак 1950-х гадоў эміграцыйным пісьменнікам Янкам Золакам, а таксама рэдкі асобнік зборніка вершаў Уладзіміра Жылкі «Прыкладзіны», выдадзены суполкай «Ускалось» у Германіі ў 1950 годзе. 

Не так даўно ў архіў-музей паступілі дакументы літаратуразнаўцы і фалькларыста Янкі Саламевіча: слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыштанімаў (XVI—XX ст.), паперы падрыхтоўчай працы па выданні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» і іншыя матэрыялы. Частка спадчыны народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава цяпер таксама захоўваецца ў БДАМЛМ, у прыватнасці, яго перапіска з Янай Берановай, афіцыйныя лісты, тэлеграмы і віншавальныя паштоўкі ад арганізацый, выдавецкіх устаноў, перакладчыкаў, рэдактараў, знаёмых і чытачоў.

* * * 

Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі ганарыцца праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які нядаўна трапіў да яго на захаванне. Нагадаем, гэты будынак, які сёння па праву лічыцца візітнай карткай Мінска, быў задуманы больш як дзесяць гадоў таму. У 2004-м на нацыянальным конкурсе «Архітэктурны праект года» перамагла менавіта работа Віктара Крамарэнкі і Міхаіла Вінаградава. Сёння любы жадаючы можа ўбачыць, як ствараўся вядомы на ўвесь свет ромбакубаактаэдр. Яшчэ адзін значны здабытак БДАНТД — праект Летняга тэатра на плошчы Свабоды ў Віцебску, які з 1992 года з’яўляецца асноўнай пляцоўкай міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар».



Цікавасць уяўляюць перададзеныя на пастаяннае захаванне дакументы першай мадэлі з сямейства персанальных электронна-вылічальных машын (ПЭВМ) — ЕС 1840, створанай Мінскім вытворчым аб’яднаннем вылічальнай тэхнікі, а таксама першай мадэлі каляровага тэлевізара, зробленай на Віцебскім тэлевізійным заводзе «Віцязь», — прыёмнік «Віцязь 722», якому ў 1979 годзе прысвоены дзяржаўны Знак якасці. Таксама на пастаяннае захаванне паступіла дакументацыя на асноўныя мадэлі трактароў (МТЗ-225), матацыклаў (дарожная мадэль «Мінск» М106 і ММВЗ - 3.115), халадзільных установак («Мінск-10», «Мінск-11» і інш.).

Калі ж узгадваць асабістыя фонды, то за апошні час іх займелі заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Юрый Шпіт і заслужаныя архітэктары Беларусі сямейная пара Вольга Ладыгіна і Яўген Заслаўскі, якія ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні Мінска. Самым жа значным аб’ектам Вольгі Барысаўны быў Палац воднага спорту ў Мінску, матэрыялы, прысвечаныя яму, таксама ёсць у архіве.

* * *

Асноўныя «пастаўшчыкі» матэрыялаў у Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў — «Беларусьфільм», Белтэлерадыё-кампанія, АНТ, СТБ, іншыя сродкі масавай інфармацыі, а з нядаўняга часу яшчэ Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета і Бел-дзяржфілармонія. Апошняя, дарэчы, у гэтым годзе перадала 22 дыскі CD, 43 грампласцінкі, 5 аўдыёкасет, амаль сто адзінак захавання магнітнай ленты — усё гэта запісы розных музычных калектываў. Вялікі ж прадставіў свае спектаклі на 130 DVD-дысках.

Не менш каштоўнымі можна лічыць кінадакументы, якія трапляюць у гэты архіў. Зараз, напрыклад, там прымаюць летапісны матэрыял, зняты на «Беларусьфільме». Ён ахоплівае перыяд з 1977 па 2007 год. Цікава, што гэты матэрыял раней практычна не выкарыстоўваўся для вытворчасці іншых кінадакументаў. Супрацоўнікі БДАК звяртаюць увагу на калекцыю відэадакументаў, перададзеных ім дырэктарам музея гісторыі беларускага кіно Ігарам Аўдзеевым. Гэта дыскі з запісамі мастацкіх і анімацыйных фільмаў 1927—1990-х гадоў вытворчасці нашай кінастудыі, якія захоўваліся ў Расійскім дзяржаўным архіве кінафотадакументаў. Для Беларусі гэта значны здабытак, бо нічога падобнага ў нас не было.

Фонд фотадакументаў БДАК у гэтым го-дзе значна папоўніўся дзякуючы перадачы прыватных калекцый майстроў гэтай справы. Уладзімір Крук працаваў у розных мастацкіх выданнях, таму ў яго сабралася шмат партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, пачынаючы з 1955 года. Пасля смерці фатографа яго нашчадкі перадалі гэтыя каштоўныя матэрыялы на дзяржаўнае захаванне. Такая ж гісторыя і з работамі Усевалада Марцыёнкi. Пастаянна папаўняе калекцыю архіва і фотамайстар Вадзім Качан.

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter