Складзены каляндар турыстычных падзей у краіне на год

Гартаючы лicты календара

Мы прывыклі планаваць паездкі на мора за паўгода. Але наведванне фестываляў і святаў унутры краіны да гэтага часу справа імпульсіўная. Па ідэі, падставы для разважанняў і паездак варта шукаць у календары найбольш цікавых для турыстаў падзей. Такі ў нас ёсць. За аўтарствам Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму. У спісе цікавыя форумы, якія пройдуць у гэтым годзе ў Мiнску і рэгіёнах. Тут жа пазначаны даты і месцы правядзення сустрэч, кантакты арганізатараў. Часам паказана і верагодная колькасць удзельнікаў. Зрэшты, афіцыйна дакумент называецца інфармацыяй пра найбольш значныя запланаваныя турыстычныя мерапрыемствы. Гучыць суха і супярэчліва. Месцамі змест пацвярджае гэтае адчуванне. Прама як у прымаўцы пра карабель і яго плаванне.

Святы нацыянальных культур у Верхнiм горадзе сталi традыцыйнымi

Саміх значных форумаў запланавана крыху больш за сем дзясяткаў. Многiя з iх пераклiкаюцца. Напрыклад, святкаванне Дня Перамогi, дней горада i Ночы музеяў. Але ж сустракаюцца i эксклюзiўныя. Толькi iх трэба адшукаць. Так, два дзясяткі мерапрыемстваў пройдзе на Брэстчыне. Напрыклад, у маі ў Жабінкаўскім раёне адбудзецца міжнародны байк-фестываль. Абяцаюць парад мотатэхнікі ў Брэсце з удзелам каля пяці тысяч байкераў, шоу вулічных відаў спорту. Затым свята перамесціцца на тэрыторыю аздараўленчага лагера «Арляня», дзе гасцей чакаюць рок-канцэрт і феерверк. Для рэгiёна, мабыць, цiкавая падзея, але ж нешта падобнае праходзiць i ў Мiнску. Застаёмся дома. Але ж у чэрвені ёсць магчымасць пабываць за мяжой: можна будзе прабегчыся з Брэста ў Цярэспаль падчас міжнароднага лёгкаатлетычнага прабегу «Дружба».

Чытаю далей. Ёсць у спісе рэканструкцыя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Міжнародны пленэр ганчароў і выстава-кірмаш «Гараднянскі кірмаш» на Століншчыне. А таксама ваенна-гістарычная рэканструкцыя падзей Першай сусветнай вайны ў вёсцы Скокі. Цiкава было б паглядзець. Пiшуць, што ў мінулым годзе на ёй пабывала больш за тысячу гледачоў, прайшла навуковая канферэнцыя «Вялікая еўрапейская вайна». 

Крыху менш за паўтара дзясятка цікавых форумаў заяўлена ў Мінску. Тут запар упадабаныя «фішкі» накшталт музычна-турыстычных выхадных у Верхнім горадзе, «Лістапада», фестывалю Юрыя Башмета, паўмарафона і іншыя. Менш за ўсё падстаў зазірнуць спецыяльна ў рэгіёны на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — пяць і шэсць адпаведна. У першым выпадку чакаюцца вядомыя міжнародныя сустрэчы — маладзёжны тэатральны форум «М@арт.кантакт», фестываль «Александрыя збірае сяброў», «Вялікая бард-рыбалка», «Рыцарскi фэст» у Мсціславе, фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка». 

На Гомельшчыну, мяркуючы па календары, можна збірацца мэтанакіравана ў красавіку. Там пройдзе міжнародны турнір па більярдным спорце «Кубак славянскіх дзяржаў» з удзелам зорак сусветнай велічыні. Чакаецца каля 1,5 тысячы удзельнікаў і гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Вiдовiшча, мяркую, на аматара. Нават здаецца дзіўным, што яно трапіла ў каляндар. Больш цікавасці асабіста ў мяне выклікае Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагiня». Чакаецца, што яго наведаюць больш за дзве тысячы гледачоў. На чэрвень заяўлены міжнародны лагер славянскай моладзі «Дружба 2018». У ліпені абяцаюць аўтамотафестываль (дзесьцi мы гэта ўжо бачылi), а ў жніўні — міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся». Нягуста. Цiкава, як складаецца i на каго арыентаваны каляндар? 

У Дэпартаменце па турызме патлумачылi: спiс — да ўвагі сваіх, унутраных турыстаў. Фармiруецца ён на падставе падзей, якія акумулююць у сябе ўпраўленнi спорту і турызму аблвыканкамаў. Яны прапануюць найбольш наведвальныя і вядомыя. Святы, якімі славяцца асобныя раёны, сюды, як правіла, не ўваходзяць. Але інфармацыю пра іх можна знайсці на сайтах аблвыканкамаў і райвыканкамаў. Справа, скажу вам, не самая хуткая. 

Пакуль шукаю, калi збiрацца на свята кулiкоў у Тураў — вельмi спадабалася назiраць за птушкамi з берага паўнаводнай Прыпяцi ў мiнулы раз, разважаю. У апошнія гады рэгіёны ўсё больш імкнуцца заявіць пра сябе і свае адметнасці. Можа, ажывіць рэспублiканскi каляндар «местачковымі «фішкамі»? Папулярныя можна вызначыць з дапамогай анлайн-галасавання. А яшчэ трэба было б неяк распаўсюдзіць спіс сярод грамадзян. Зразумела, што на кожным слупе яго не павесіш хоць бы таму, што не хопіць рук і сродкаў. Ды і незаконна гэта. Але, можа, хаця б пакінуць яго на бачным месцы на сайтах выканкамаў? Як варыянт. Аднекуль жа трэба даведвацца, што незвычайнага ў суседзяў.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter