Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кніга “Беларусь турыстычная” Мікалая і Яўгена Чырскіх можа стаць візітнай карткай краіны

Гартайце, чытайце — і прыязджайце

Напрыканцы мінулага года ў Мінску прэзентавалася кніга “Беларусь турыстычная”. Аўтары яе, Мікалай і Яўген Чырскія, паспрабавалі расказаць пра ўсе ўнікальныя месцы, славутасці Беларусі ў адной кнізе. І гэта — салідны адказ тым, хто лічыць: маўляў, у маленькай Беларусі “няма чаго глядзець”, акрамя Брэсцкай крэпасці ды Белавежскай пушчы, і яшчэ Міра ды Нясвіжа... Са старонак новай кнігі Беларусь паўстае як досыць вялікая і разнастайная краіна — якая, разам з тым, па гэта час неспазнаная і невядомая: як для многіх замежнікаў, так і саміх беларусаў.

Зімовыя карункі ля Мірскага замка

Па-першае, Беларусь — гэта краіна з багатай гісторыяй. А ці ведаеце вы, што цяпер на яе тэрыторыі можна пабачыць ажно тры гістарычныя сталіцы: Полацак-Полацк (сталіца Полацкага княства), Наваградак-Навагрудак (сталіца Вялікага Княства Літоўскага) і Гародня-Гродна — духоўная і культурная сталіца, рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай. Па-другое, Беларусь — край некранутай прыроды, тысяч вялікіх і малых рэк, азёр, балот і лугоў. Па-трэцяе, гэта на дзіва гарманічная краіна: тое адчуваюць многія госці з замежжа. Тут усё дыхае нейкай зладжанасцю, узгодненасцю, парадкам: як маленькія сельскія цэркаўкі з сярэднявечнымі замкамі ды стройнымі касцёламі, так і родавыя сядзібы знакамітых мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў. Ёсць — а гэта ж геаграфічны цэнтр Еўропы! — проста ўнікальныя куткі некранутай прыроды, шматлікія музеі з этнаграфічнымі вёсачкамі. Па-чацвёртае, Беларусь — гэта бесканфліктная краіна, у якой мірна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнання. Прычым адрозненні тыя — не перашкода для стварэння моцных і дружных сем’яў. Па-пятае, Беларусь — гэта краіна, якая гарманічна злучае ў сабе традыцыі ды сучаснасць. Рухаецца ў будучыню з павагай да мінуўшчыны, у тым ліку й савецкай...

Мікалай і Яўген Чырскія — прафесіяналы, працуюць у сферы турбізнесу. І яны здолелі стварыць кнігу з улікам вялікага досведу, пажаданняў гасцей краіны і мясцовых турыстаў. Проста і вельмі даступна яны распавялі пра Беларусь, яе вялікія і малыя паселішчы, пра самыя цікавыя гістарычна-геаграфічныя факты. І вось што ўражвае: нават проста пагартаўшы кнігу, хочацца яшчэ больш даведвацца пра сваю краіну, больш вандраваць па ёй. Дый уважлівей паглядзець навакол — і знайсці нешта новае, чаго, магчыма, мы часам не заўважаем у штодзённай мітусні.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Беларусь” накладам 1000 асобнікаў, яе кошт — каля 39 беларускіх рублёў (эквівалент прыкладна 15 долараў). Аўтары спадзяюцца, што кніга стане добрым падарункам усім, хто мае цікавасць да нашай краіны. А таксама выкліча жаданне ў чытачоў: пабачыць прыродныя і рукатворныя багацці беларускай зямлі не толькі на фотаздымках, але й на ўласныя вочы.

Голас Радзімы № 4 (3556), чацвер, 25 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter