Водитель, врач, электрогазосварщик: какие профессии в стране самые востребованные и что нам обещает рынок труда

Гартаем працоўную кнiжку

У тых, хто шукае рабочае месца, выбар становiцца большым. А ў тых, хто пра­паноўвае вакансii, — наадварот, шансы знайсцi работнiка памяншаюцца. Такая галоўная асаблiвасць рынку працы мiнулага года. Эксперты прагназуюць, што i далей тэндэнцыя захаваецца: прапаноў ад наймальнiкаў будзе больш, чым жадаючых iмi скарыстацца. Якiя прафесii ў краiне найбольш папулярныя i чаму? Чаго чакаць далей? Пра апошнiя трэнды ў галiне працаўладкавання даведалася карэспандэнт «Р».

Рабочыя спецыяльнасцi ў моладзi не карыстаюцца вялiкiм попытам.

Дыплом ВНУ — ужо не «бонус»

Мода на вышэйшую адука­цыю, якая фармiравалася ў апош­нiя дзесяцiгоддзi, зараз уладаль­нiкам дыпломаў ВНУ можа нават ускладнiць жыццё: работадаўцы ў асноўным шукаюць прадстаўнiкоў рабочых спецыяльнасцей. Як расказала намеснiк начальнiка ўпраўлення палiтыкi занятасцi Мiнпрацы i сацыяльнай абароны Алёна Дакукiна, у топе найбольш запатрабаваных прафесiй — вадзiцелi аўтамабiляў розных катэгорый, прадаўцы, кухары, муляры, электраманцёры i электрагазазваршчыкi. I калi ў суiскальнiка ёсць не толькi адпаведная адукацыя, але i вопыт i квалiфiкацыйны разрад, то такi спецыялiст мае магчымасць выбраць з некалькiх вакансiй тую, дзе самыя лепшыя для яго ўмовы i самая высокая зарплата.

— Рабочыя прафесii сёння не карыстаюцца попытам у моладзi, — канстатуе начальнiк упраўлення палiтыкi занятасцi Мiнпрацы i сацыяльнай абароны Алег Токун. — А тым часам рабочы хутчэй за ўсё на пачатку сваёй дзейнасцi будзе за­рабляць больш, чым той, хто атрымаў вышэйшую адукацыю.

На аднаго беспрацоўнага электрагазазваршчыка прыходзiцца 10 i болей вакансiй па гэтай спецыяльнасцi.

З-за шырокай запатрабаванасцi рабочых прафесiй служба занятасцi праводзiць падрыхтоўку па iх. I калi спецыялiсту з вышэйшай адукацыяй паднадакучыў няпыльны iнтэлiгентны занятак, ён раптам страцiў гэтае месца, а новага не знайшоў, яму дадуць зялёнае святло на перападрыхтоўку. За дзяржаўны рахунак можна набыць новую рабочую спецыяльнасць. Прычым — з гарантаваным рабочым месцам. Практыка навучання пад заказ наймальнiка ў нашай краiне пашыраецца.

Зрэшты, вымалёўваюцца топавыя спецыяльнасцi i сярод служачых. Гэта перш за ўсё ўрачы, бухгалтары, IT-спецыялiсты, iнжынеры розных кiрункаў, менеджары па продажах, упраўленцы сярэдняга звяна, майстры i кiраўнiкi падраздзяленняў.

Мяжы развiцця IТ-сферы пакуль не бачна

Калiсьцi ў краiне была мода на юрыстаў i эканамiстаў. Сёння ўладкавацца па гэтых спецыяльнасцях вельмi няпроста, асаблiва маладым спецыялiстам. Цi не чакае такi ж сцэнарый сферу IT, якая зараз на пiку запатра­баванасцi?

На спецыялiстаў у гэтай галiне — высокi попыт. Падрыхтоўка такiх кадраў — тэсцiроўшчыкаў, праграмiстаў — iнтэнсiўна развi­ваецца. Акрамя таго, IT-сферы сталi патрабавацца спецыялiсты па продажы праграмных прадуктаў, кадравiкi, адказныя за iншыя дапаможныя пытаннi. Алег Токун лiчыць, што крайняй мяжы ў развiццi рынку працы ў IT-галiне пакуль не бачна. Тым больш сёння там захоўваецца вельмi прывабны ўзровень заробку.

Як прагназуюць спецыялiсты Навукова-даследчага iнстытута працы Мiнпрацы i сацабароны, ў IT-галiне блiжэйшым часам будзе назiрацца павелiчэнне колькасцi занятых. Будзе таксама расцi колькасць работнiкаў сферы прадастаўлення сацыяльных паслуг, а яшчэ — у гасцiнiчным i рэстаранным бiзнесе. А вось у сельскай гаспадарцы, прамысловасцi i будаўнiцтве, наадварот, колькасць занятых паменшыцца.

У сорак пяць працу можаш зноў шукаць

Па дадзеным Мінпрацы, у сярэднiм беспрацоўнаму патрабуецца 7 месяцаў, каб працаў­ладкавацца. У тых, хто аказаўся прафесiйна незанятым ва ўзросце 50+, гэты тэрмiн больш працяглы — 11 месяцаў. Наймальнiкi аддаюць перавагу маладзейшым кандыдатам, асаблiва з улiкам таго, што апошнiм цяжэй адаптавацца на працоўным месцы i асвойваць новыя тэхналогii. I тым не менш на рынку працы адзначаецца пазiтыўная тэндэнцыя: калi раней аб’ектыўныя цяжкасцi пры працаўладкаваннi ўзнiкалi ў 40—45-гадовых суiскальнiкаў, то цяпер — толькi пасля 50. Эксперты тлумачаць гэта тым, што павялiчылася працягласць жыцця насельнiцтва, людзi даўжэй застаюцца працаздольнымi i сталi больш схiльнымi да пастаяннага самаразвiцця. Апрача таго, у прадстаўнiкоў сталага ўзросту ёсць немалая перевага. У адрозненне ад маладых спецыялiстаў, якiя, па статыстыцы, у сярэднiм раз на два гады мяняюць працу, сталыя работнiкi больш схiльныя да пастаянства.

Праблемных раёнаў стала менш

Спiс рэгiёнаў з напружанай сiтуа­цыяй на рынку працы за мiнулы год паменшыўся ўдвая. Раней гэты пералiк, якi складаюць у прафiлактычных мэтах, уключаў 58 назваў, а зараз — 29. У лiку праблемных сёння значацца 28 раёнаў i горад Бабруйск. Найбольшая колькасць праблемных зон па працы — на Вiцебшчыне i Мiншчыне.  

Па меркаваннi намеснiка стар­шы­нi пастаяннай камiсii па працы i сацыяльным пытанням Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Жанны Стацiўка, знiжэнню ўзроўню беспрацоўя i тэрыторый з напружанай сiтуацыяй працы садзейнiчала дастаткова стабiльная эканамiчная сiтуацыя ў краiне, а таксама трансфармацыя рынку працы з улiкам прынятых дэкрэтаў аб развiццi прадпрымальнiцтва, магчымасцi самазанятасцi. Дэпутат прывяла паказальныя лiчбы: больш за 135 тысяч грамадзян, якiя звярнулiся ў службу занятасцi ў мiнулым годзе, працаўладкаваны, з iх каля 68 тысяч прайшлi навучанне па запатрабаваных прафесiях, у аплочваемых грамадскiх работах удзельнiчалi каля 38 тысяч чалавек, а на новае месца жыхарства i працы пераехалi 154 сям’i нядаўнiх беспрацоўных.

—Мяняецца стаўленне грама­дзян да пытанняў працаўладка­вання, — адзначыла характэрную асаблiвасць мiнулага года дэпутат. — Нарэшце прыходзiць разуменне, што трэба разлiчваць перш за ўсё на сябе. Моладзь праяўляе крэатыў, не баiцца мяняць накiрункi i род дзейнасцi.

Гаворачы пра перспектывы гэтага года, усе эксперты глядзяць на блiжэйшыя перспектывы развiцця рынку працы пазiтыўна. Рэзкiх негатыўных змен чакаць не давя­дзецца. Зараз узровень афiцыйнага беспрацоўя ў краiне складае 0,2 працэнта, а калi ацэньваць яго па метадалогii Мiжнароднай арганiзацыi працы — 4 працэнты. Нармальным лiчыцца ўзровень да 5 працэнтаў, таму што такi паказчык гарантуе канкурэнцыю не толькi з боку наймальнiкаў, але i з боку суiскальнiкаў.

kozlovskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter