Харызматычны і выкшталцоны — бадай, так можна назваць таленавітага сына нашай Айчыны Кастуся ЦЫБУЛЬСКАГА. Падпалкоўнік міліцыі, 16 гадоў служыў на Случчыне ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і час гэты прыпаў на апошняе дзесяцігоддзе жыцця ў Савецкім Саюзе. Кастусь Пятровіч заўсёды аддана любіў беларускую мову, а на службе камандзіры хапаліся за галаву, што да іх у каманду прыйшоў хлопец, які гаварыў па-роднаму. І тады наш герой выказаўся адназначна: неўзабаве прыйдуць тыя часы, калі на гэтай мове можна будзе заяўляць пра сябе гучна і ўголас.
– Заўсёды быў белай варонай, выручала актыўнасць і тыя відэафільмы, якія пачаў здымаць у канцы 1980-х. У інспекцыі па справах непаўналетніх многа сюжэтаў, ад якіх цяжка было ўстрымацца. Напрыклад, дзяўчынка прыехала з Расіі паступаць ва ўніверсітэт, жыла ў цётухны, якая была завучам у школе, прыгожая, харошая, толькі 17 гадоў. Але звязалася з небяспечнай кампаніяй, тая падсадзіла яе на іголку, у выніку перадазіроўкі аказалася ў рэанімацыі і ледзь не адправілася на той свет. Дзякуй дактарам, што ратавалі. Адзін са сваіх першых фільмаў зняў менавіта пра яе.
Служба ўспамінаецца са складанасцю, але і з прыемнасцю. Ратаваў людзей з небяспечнай пасткі і не толькі. Дзесяць гадоў на Случчыне кіраваў літаратурным аб’яднаннем, ператварыў яго ў літсаюз, аддаў гэтаму краю многа здароўя і сіл. У адну кагорту сабраў паэтаў, празаікаў, артыстаў чытальніцкага жанру, спевакоў, разам выступалі, выязджалі нават у сталічны Дом літаратара. У зале тым часам сядзелі класікі Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч... Случчане на сцэне выдавалі піруэты, чыталі вершы і спявалі песні. Шкада, што тады не знайшлося добрага фатографа ці відэааператара, які б засняў, як разам з мэтрамі пасля выступлення абмяркоўвалі справы і жартавалі за сталом.
У 1998-м Кастусю Цыбульскаму прапанавалі пасаду ў сталіцы — начальнікам прэс-цэнтра УУС. І з пераездам у шумны горад творчасць актывізавалася яшчэ больш. У выніку напісана каля 100 песень, пяць зборнікаў вершаў, два з якіх выйшлі з дзяржаўнай падтрымкай. А кніга «Ноч маладзіка» — у серыі часопіса «Маладосць». Пачынаў менавіта з вершаў, песенны дар адкрыўся пасля дарожна-транспартнай аварыі, дзе Кастусь Цыбульскі моцна пацярпеў. А вылечыўшыся і ўзняўшыся на ногі (хоць некаторыя прарочылі, што гэта наўрад ці ўдасца), мужчына стаў цудоўна адчуваць гармонію музыкі і мелодыку вершаў. Таму часта да сваіх твораў становіцца кампазітарам сам. Іх і спявае, а таксама яго песні ў рэпертуары гуртоў «Чысты голас», «Сябры», Мікалая Скорыкава, Нацыянальнага дзяржаўнага хору імя Цітовіча, узорнага аркестра ўнутраных войск. Кастусь Пятровіч напісаў гімны
БЕЛАЗу, МАЗу, кампаніям «Марка», «Крышталь», «Прамтэхмантаж», маторнаму заводу, дарожна-аўтамабільным інспекцыям вобласці і рэспублікі:
— Музычнай адукацыі ў мяне няма, але пасля катастрофы, якая са мной здарылася, «нахлынулі харалы», і, здаецца, як толькі пачынаю пісаць верш — тонка адчуваю яго гармонію. Наогул, мы — паэты-лірыкі — самі ствараем песенны рытм, кампазітарам лёгка яго ўлавіць, дадаць трошкі свайго, і атрымаецца цудоўная музыка. Не, я сябе не цешу і разумею, што не стану другім Лучанком, але пацвярджаю сваё сяброўства з рытмам і словам.
І пацвярджае не толькі сам аўтар, але і народная любоў. Мы добра ведаем гэтыя песні. «Пані Гражына», якую выконвае Валерый Дайнека, і падставай для яе стварэння стала рэальная гісторыя, а прататыпам — усмешлівая полька. Дарэчы, прыпеў на польскай мове. «Бацькоўскі зруб», «Зямля бацькоў» з рэпертуару Анатоля Ярмоленкі і «Сяброў», кампазітара Валерыя Іванова. Усё паводле вершаў Кастуся Цыбульскага, як і «Дымок радзімы», музыку да якой аўтар напісаў разам са старшынёй Саюза кампазітараў Аленай Атрашкевіч.
— І я вельмі рады, што песні ідуць на ўра. Вось і нядаўна — на Дні пісьменства ў Бялынічах — прайшоўся ў вольны час, каб маленькай унучцы купіць яблыкаў, груш, а калектывы на падворках спявалі пад гармонікі і баян. Запытаўся, ці можна мне? З іх дазволу заспяваў «Зязюлю-варажбітку», «Гарадскую не такую», дык пачалі збірацца людзі. «Гэта вашы песні? З імі ж многія артысты выступаюць!» — здзіўляліся. Мне як выканаўцу і аўтару гэткія цёплыя водгукі чуць прыемна.
І ўласную ўнучку бадай з двухмесячнага ўзросту музычны дзядуля далучыў да песень:
— Толькі заплача, адразу па 10—15 і сваіх, і чужых запар напяваю, люляючы, пакуль не засне. Напісаў адмысловую калыханку. Зараз унучцы восем гадоў, і тое, што яна любіць музыку, — заканамерна. Наконт твораў, навеяных з дзяцінства, яны ў мяне таксама ёсць. Так, напрыклад, верш «Сказ пра ката», які стаў маёй візітоўкай. Нарадзіўся з выпадку, калі бацька звёз рыжага памазлівага ката, а той праз тры месяцы вярнуўся дахаты і тым самым натхніў мяне. Я, наогул, як думаю? Няважна, колькі ў арсенале вершаў і песень, хоць сотні і тысячы, можна нават праз адзін твор вядомым стаць, які стане народным хітом.
Залатая творчасць перамяжоўваецца з умацаваннем стану. Кастусь Цыбульскі — інструктар па каратэ і са спортам на «ты», толькі так можна трымаць у форме цела і дух. Цяпер, прызнаецца, сілавымі практыкаваннямі займаецца мала, секцыю рукапашнага бою наведваў два гады таму. Разам займалісія чэмпіёны Еўропы, дужыя і маладыя. Загартаваны Кастусь Пятровіч, нягледзячы на мудры ўзрост за плячыма, слабіну не даваў, ды пацярпеў:
— Калі мы павінны былі перакульвацца, я каленам у лоб атрымаў так моцна, што ледзь даехаў дадому. Ніколі не падаў і тады не ўпаў, толькі страсенне мозгу сур’ёзнае. Да слова, іх у мяне столькі здаралася, што на гэты раз вырашыў: трэба паберагчы галаву для паэм і песень.
Кастусь Цыбульскі нарадзіўся на Маладзечаншчыне і цяпер часта там бывае з прыгожымі імпрэзамі, запрашае з сабой знакамітых паэтаў, выканаўцаў. Служыў у Прыкарпацкай ваеннай акрузе, пасля працаваў на заводзе фрэзероўшчыкам, а да міліцэйскай службы прыступіў пасля філфака БДУ. Назіранне за парадкам прывяло і да ўпарадкавання творчай спадчыны, якую ён стварае. А голас пісьменніка скрозь гады аказаўся прарочым: і сапраўды, цяпер, размаўляючы на роднай мове, нам няма каго асцерагацца. І наш голас гучыць годна і гучна!
basikirskaya@sb.byСказ пра ката
Касматага і рыжага,
Як восеньскі стажок,
Гарэзу-блінакрада
Нёс бацька ў мяшок,
I машыніст пракураны
За пачку папярос
Праныру безбілетнага
На выселкі завёз.
Міналі дні і месяцы,
Як кадры ў кіно...
Пра рыжага свавольніка
Забыліся даўно.
Туманам слаўся верасень —
Шчадрэйшы грыбасей...
З дажынкамі-дакопкамі
Сплывалі дні часцей...
Дажджом і ветрам ранак
У шыбы грукатаў...
Пачулася ля весніц
Кароценькае «мяў»...
Мы выбеглі з сястрою
I глянулі за плот —
Аж ток прайшоў па скуры:
Без лапы плакаў кот...
Пушысты рыжык-пыжык,
Праныра-блінакрад...
А да бацькоўскай хаты
Без лапы поўз назад.
Малым я быў, а помню,
Як слёзы ліў з сястрой,
Як бінтавалі лапку
Кашуляю старой...
Буслоў кружыла восень,
Рабіны стыў касцёр...
А каля ганка роднага
Маўкліва кот памёр...
...У імпартных машынах
Шыкуе блазната...
А я любіць Айчыну
Вучуся ў ката.
Фота з асабістага архіва Кастуся ЦЫБУЛЬСКАГ