Музыкальное недопонимание: почему родители считают, что занятия в хоре для их детей будут скучными

Гармонія хору

Нядаўна ў тралейбусе міжволі пачула размову двух мам. Гаворка ішла пра заняткі іх дзяцей, мяркуючы па ўсім, малодшага школьнага ўзросту. На дыялог я не звяртала ніякай увагі. І раптам:

— А мы яшчэ і на хор ходзім. Машы так падабаецца! — сказала адна.

— На хор? Няўжо не сумна? — паціснула плячыма другая.

Фота musicalwave-school.ru

І тут я здзівілася.

Першы раз — прыемна: ёсць, аказваецца, бацькі, якія разумеюць, што харавыя спевы дзіцяці толькі на карысць, і дзеці, якім яны па душы.

Другі раз — непрыемна: усё ж у большасці сённяшніх маладых мам і татаў хор асацыіруецца з заняткам нудным і нецікавым. Магчыма, таму, што менавіта такімі былі калісьці іх школьныя ўрокі спеваў? І наўрад ці ведаюць гэтыя бацькі, што сёння ёсць хары, якія выконваюць і сучасную музыку, і класіку ў сучаснай апрацоўцы, і нават джаз. І што насамрэч справа гэта — спяваць разам — вельмі захапляльная.

Харавыя спевы — від музычнай творчасці, вядомы спрадвеку. І патрэбнасцю людзей ён быў заўсёды. У Старажытнай Грэцыі наогул паняцце «неадукаваны чалавек» азначала «той, хто не ўмее спяваць у хоры». Харавой музыкай і сёння захапляецца ўвесь свет. Праводзяцца нават Сусветныя харавыя гульні, на якія прыязджаюць спаборнічаць сотні дзіцячых і дарослых калектываў з розных краін. У 2014-м у Рызе яны сталі самымі буйнымі за ўсю гісторыю конкурсу: 460 калектываў і 27 тысяч удзельнікаў з 73 дзяржаў. Маштаб уражвае, пагадзіцеся.

А якое магутнае ўздзеянне, які ўздым эмоцый і пачуццё яднання выклікае гучанне зводнага хору! Успомніце «Харавое веча» з «Малітвай за Беларусь», якое прайшло два гады таму каля царквы Усіх Святых у Мінску. Прыступкі храма-помніка ператварыліся ў пеўчыя падмосткі і сабралі больш за 70 калектываў з усіх куткоў краіны. Больш за дзве тысячы выканаўцаў бы ткалі сваімі галасамі грандыёзнае агульнае музычнае палатно! 

Адкуль жа перакананне, што хор — гэта сумна і нецікава? І чаму мы пазбаўляем дзяцей асалоды ствараць гэтую прыгажосць? Пытанні без адказу.

На жаль, харавыя спевы сёння не ў модзе. Ды і адкуль ёй узяцца? Агульнаадукацыйная школа не спявае — б’юць трывогу прафесіяналы. Зніклі класы з харавым ухілам. Цяперашні ўрок «Музыка» ў раскладзе заняткаў толькі адзін раз на тыдзень і толькі з 1-га па 4-ы клас. Спецыялісты сцвярджаюць: гэтага катастрафічна мала. І ўспамінаюць крылаты выраз заснавальніка навуковай педагогікі К.Д. Ушынскага. Памятаеце? «Заспявае школа — заспявае народ».

Хтосьці наконт гэтага скептычна ўсміхнецца ці з іроніяй успомніць адгалоскі сацыялістычнага мінулага. І дарма. Можа, высакамоўна, але хор — гэта адзінства многіх. А хіба не ў адзінстве сіла народа? 

Хор дысцыплінуе, развівае вакальныя здольнасці і музычны густ, фарміруе пачуццё адказнасці, узаемадапамогі, таварыскі дух і сяброўскія адносіны. Магчыма, многія будуць здзіўлены, але сучасныя даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што заняткі спевамі, і асабліва харавымі, валодаюць вялікай аздараўленчай сілай. Прычым спрыяльна ўплываюць на людзей любога ўзросту.

Першымі пра гэта пачалі гаварыць шведскія вучоныя. Яны даказалі, што ў працэсе спеваў чалавек кантралюе сваё дыханне гэтак жа сама, як і ў працэсе заняткаў ёгай. Гэта дапамагае атрымаць гармонію ў арганізме.

Пры спевах павялічваецца жыццёвы аб’ём лёгкіх, умацоўваюцца органы дыхальнай сістэмы. Калі чалавек спявае, у яго мозгу выпрацоўваюцца гармоны радасці — эндарфіны.

Нядаўна на харавыя спевы звярнуў увагу Еўрапейскі вяшчальны саюз — ім аб’яўлены міжнародны конкурс «Еўрабачанне» для аматарскіх пеўчых калектываў. Першае тэлевізійнае шоу пройдзе гэтым летам. У ліку ўдзельнікаў — хары з 7 краін. Нашай у спісе няма. А шкада. Бо спяваць разам беларусы усё ж яшчэ не развучыліся. Напэўна, пацвердзіць гэта і бліжэйшы Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». Сёлета ў ліпені яго ўдзельнікаў і гасцей зноў чакаюць на Мядзельшчыне. 

Можа, не за гарамі час, калі і на харавым «Еўрабачанні» заспяваем?

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter