Раней сялянам прэстыжна было не толькі трымаць коней, але і прыгожую збрую з паддужнымі званочкамі

Гармонiк ямшчыка

ЦЯЖКА сказаць, чым прывабліваюць калекцыянераў трохі сплюснутыя на палюсах бронзавыя альбо медныя пустацелыя шарыкі са шротам унутры і адтулінамі па баках, што звіняць мілагучнымі пералівамі. Бразготкі, бомы, шархуны і нават шалашкі, ці ў рускім вымаўленні — “бубенцы”, пакрытыя ў недаступных для чысткі месцах ледзь прыкметным зеленаватым налётам, нібы скроні старога чалавека сівізной, у розных варыянтах выстаўлены на продаж на шматлікіх сайтах антыкварыяту. Аб’явы з Паставаў, Маладзечна, Баранавічаў, Гомеля, Ліды... Само сабой, з Мінска. 

Гаспадар “Лаўкі цудаў” Валерый.

ПРАЎДА, у сталічных магазінах старызны мне давялося шукаць гэтую рэч з недалёкага мінулага даволі доўга. І толькі ў гандлёвым цэнтры “Бюргер” натрапіла на калекцыю з дзесяці папарных і адзінаццатага ў адным экзэмпляры бронзавых кругляшоў. Гаспадар “Лаўкі цудаў” Валерый выкладвае іх перада мной адзін побач з другім — ад самага большага шостага нумара да маленькага першага. На кожным надпіс “Зав. Е.С. Клюикова въ с. Пурехъ Ниж. Губ” і лічбы ад адзінкі да шасцёркі. Гэта значыць, выраблены на заводзе ў сяленні Пурэх Ніжнегародскай губерні — адным з цэнтраў ліцця ў царскай Расіі. Лічба азначае тон гуку.

Спрабуем па чарзе патрэсці бомы. Чароўны, ні з чым не параўнальны звон адразу бярэ ў эмацыянальны палон. У кожнага нумара гучанне рознай танальнасці, бо розная і таўшчыня металу, з якога выраблены шарыкі. Ад вушка, за якое чапляліся бразготкі на спецыяльны ашыйнік для каня, яна большая, чым знізу. Пры патрэсванні адразу некалькіх бразготак з’яўляецца меладычнае звонкае рознагалоссе. І сапраўды цуд. 

Валерый паказвае, што вушкі ў шарыкаў не сцёртыя. Захаваліся цэлымі вочкі і прасечкі, значыць, яны не зношаныя. За калекцыю гаспадар просіць мільён восемсот тысяч рублёў і тлумачыць, што засталося знайсці таго коніка, на шыю якому можна будзе павесіць мілагучныя пацеркі. Аднак перш патрэбна будзе бомчыкі прыстасаваць на юхтовым ашыйніку. Таму яго тавар таннейшы, чым гатовы для запрэжкі каня рымарскі выраб. Нават калі шарыкі на ім і пашкоджаны і калі ашыйнік пацёрты, усё роўна прадаюцца даражэй — за два і больш мільёнаў. 

Скураныя ашыйнікі прывязвалі да аброці раменьчыкамі. Колькасць бразготак звычайна была няцотнай — сем, дзевяць, адзінаццаць. Падабраныя па памерах і танах у лад, яны стваралі так званую “ямшчыцкую гармонь”, што цешыла слых. Хіба сёння хто купляе машыну без радыёпрыёмніка? Вось і раней хацелася музычнага суправаджэння. Акрамя таго, бомы сігналілі аб набліжэнні экіпажа. У плане эзатэрычным гэта быў знак-папярэджанне цёмным сiлам саступiць дарогу.

Попыт на запрэжныя шархуны рэзка вырас, калі ў XIX стагоддзі царскі ўрад забараніў прыватнікам выкарыстоўваць пры яздзе званочкі. Ніякага самадурства тут не было, хутчэй упарадкаванне сігнальнай практыкі. Звычайна, пачуўшы звон, работнікі паштовых станцый адразу пачыналі рыхтаваць коней для замены, але раптам высвятлялася, што едзе не паштовая тройка, а зухаваты купец ці памешчык. Такая блытаніна выклікала незадаволенасць кур’ераў і фельд’егераў, якім коней закладвалі па-за чаргі. Каб абысці забарону, аматары гармоніка ямшчыка пачалі замест паддужных званочкаў выкарыстоўваць цішэйшыя па гуку шархуны.

Лічыцца, што радзіма металічнага шарыка са шротам — старажытны Кітай. Як бы там ні было, а бразготкі ўвайшлі і ў жытло славян, стаўшы прыкметай сялянскага побыту. Іх замацоўвалі на панёвах — жаночых спадніцах з воўны, да конскай збруі, дзіцячых цацак, хатняй жывёлы, лоўчых птушак. Яны служылі абярэгамі. Буйныя жалезныя варкуны прывязвалі да апошніх санак зімовага абозу, каб было чуваць, ці не адсталі яны на доўгай дарозе. 

Выраблялі шархуны і на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ іх называлі шаргуны, шалестуны, шумёлы, шарготкі. Сёння складана даведацца аб беларускіх майстрах-саматужніках, бо клеймаў яны не ставілі. Вядома, што штампавалі іх кавалі на кузнях у Заслаўі. Особную групу складаюць цэльналітыя з надпісамі на лацініцы — TULA, S. PUP, VICTORIA, METAL. Яны называліся «бубенцами» на загранічны манер і вырабляліся ў Вільні і Заслаўі.

АДНА з заснавальніц клуба-музея народнага побыту ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна і колішні мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага гурта Раіса Дула ўзгадала, як да іх патрапілі шаластуны — так называюць гэты атрыбут жыхары з пагіранскімі каранямі. Прынесла абадок са звонам мясцовая жанчына Алена Дваранін, калі культработнікі вырашылі сабраць экспанаты з гарышчаў. Тую конскую прыладу, мяркуе Раіса Канстанцінаўна, мог вырабіць і здатны на сваё рамяство каваль Іван Кугейка з хутара Арлоўшчына, у якога малатабойцам калісьці працаваў яе бацька: у знак падзякі, калі апошні адыходзіў ад каваля, той змайстраваў яму замок, які служыць і па сённяшні дзень. Кугейка вырабляў капачы, плугі, падкоўваў коней, чаму б не мог наштампаваць і шарыкаў-шаластуноў? На іх быў попыт, нават мода. Мілагучныя бубенчыкі ўпрыгожвалі не вельмі багатае на забавы сялянскае жыццё, цешылі душу. Не адно вяселле не абыходзілася без іх звонкай мелодыі. Калі жаніх ехаў здаля ў Погіры, іх гук задоўга абвяшчаў аб хуткім прыбыцці сватоў, і дзяўчына, выходзячы насустрач, наносіла апошні штрых у сваё ўбранства, як кажуць цяпер, каб прадстаць перад каханым ва ўсёй красе.


Медныя шалестуны перайшлі ў спадчыну да Людмілы Васільеўны Гагалінскай з Верхнядзвінска ад бацькоў. Засталіся яны ад дзядулі па лініі маці Кацярыны Паўлаўны Тычко, якая працавала конюхам у калгасе. У вёсцы Гаі была вялікая каняферма, і маленькая Люда часта наведвалася туды. Тады ж на ўсё жыццё палюбіла прыгожых, грацыёзных скакуноў.

З дзяцінства ёй даспадобы прыйшліся і званочкі, якія яна зараз калекцыяніруе. Раней шмат хто трымаў коней у хатняй гаспадарцы. Справай прэстыжу было мець і прыгожую збрую, усялякія прычындалы, бомы, ці, як там называлі, шалестуны. Да іх дадавалі паддужны званочак, і на вяселле ці якое-небудзь народнае гулянне запрагалі тройку святочную. Пералівы гучалі на ўсю акругу...

Вясельныя паязды — адметная з’ява ў сялянскім побыце. Юнакi i дзяўчаты з дружыны маладога ўпрыгожвалi брычкi, фурманкi, тарантасы — у залежнасцi ад мясцовасцi i сацыяльнага становiшча яго сям’i. Транспарт засцiлалi саматканымi посцiлкамi, упрыгожвалi кветкамi. Асаблiва яркiм быў воз, якi iшоў першым — на iм ехаў жанiх. Дугу апляталi хвойкамi — галiнкамi елкi цi сасны, а зверху прымацоўвалi некалькi стужак.

Для такога поезда выбiралi самых моцных коней, якiх спецыяльна да гэтага дня чысцiлi, падстрыгалi грыву, хвасты завязвалi вузлом. Нi ў якiм разе ў вясельным картэжы не выкарыстоўвалi тых коней, на якiх калiсьцi везлi нябожчыка.

Самым галоўным атрыбутам усёй кампазiцыi былi званочкi, бразготкi, шархуны: пасярэдзiне мацавалi большыя, па краях — меншыя. Яны здалёк абвяшчалi жыхарам вёсак аб чарговай святочнай падзеi — стварэннi новай сям’i. Лічылася, што святочнае гучанне нейтралiзавала, знiшчала любыя чараваннi i ачышчала дарогу ад усялякай псоты, што магла стаць прычынай сямейнага разладу. 

У Дунілавічах Пастаўскага раёна бразготкі мелі назву шархуткі. У мясцовага краязнаўца Франца Хоміча іх звон нязменна асацыіруецца з вясельнай цырымоніяй. Зніклі яны са з’яўленнем аўтамабільных картэжаў толькі ў васьмідзясятых гадах. Дагэтуль маладыя і іх госьці перамяшчаліся на конных павозках. Для таго каб коні беглі шпарчэй, ім давалі алкаголь. Існавалі два спосабы падбадзёрыць жывёліну: проста ўліць гарэлку ў рот ці накапаць некалькі капель у вушы. Эфект быў аднолькавы, а расход спіртнога значна меншы.

У разрозненым выглядзе шархуткамі карысталіся як званочкамі. Дзеці таго часу, калі ў вёсках яшчэ не было электрычнасці, памятаюць іх яшчэ і як школьны званок. Званочкі вешалі на шыю і жывёле, якую пасвілі па лесе, каб лягчэй было знайсці тую, што адстала ад статка ці згубілася.

У ГЛЫБОЦКІ краязнаўчы музей шархуны перадала Паўла Мікалаеўна Сауліч. Па ўсяму відаць, што прадмет саматужнага вырабу, бо не мае ніякіх надпісаў. На скураным абадку прымацаваны восем шарыкаў у дыяметры ад двух да чатырох з паловай сантыметраў. У час экскурсій дзеці навыперадкі імкнуцца патрэсці незнаёмую рэч і прыходзяць у захапленне ад яе гарманічнага гучання. Хоць зусім не ведаюць гісторыі ўжытку шархуноў. Калі ж навуковы супрацоўнік пачынае расказваць пра тройку, пра карэнных і прыпражных коней, пра званочкі ды бомы на вупражы, у зале наступае цішыня. Напэўна, у кожным з нас захавалася нейкая генетычная памяць, што дазваляе атаясамліваць сябе з народнасцю. Як пяецца ў рамансе, “звон бубенчиков трепетно может воскресить позабытую тень”. 

Гэта ж пачуццё прымушае збіраць калекцыі. На апантаных разлічваюць і гандляры антыкварыятам. Канешне, даражэй цэняцца Пурэх ці Касімаў, польскія вырабы і вельмі рэдкія амерыканскія. На сайце All.by нейкі маладзечанец прадае хамут з адзінаццаццю бразготкамі за мільён сто рублёў, набор са званком і надпісам VICTORIA — за мільён шэсцьсот. За адзін шарык нумар 2 з кляймом пурэхаўскага завода А.М. Трошына ў Лідзе просяць 393 тысячы рублёў, за поўны камплект з надпісам TULA — 710 тысяч, а на абадку — 945 тысяч. Адзін METAL уладальнік з Глыбокага прадае за 100 тысяч. За Клюйкова са страчаным адным шарыкам, а другім пашкоджаным на пацёртым аркане мінчанін паставіў цану ў два мільёны рублёў.

У наш час шархуны больш выкарыстоўваюцца як музычны інструмент. Музыкі кажуць, што саматужныя гучаць больш меладычна, чым фабрычныя, таму што мясцовыя ўмельцы спецыяльна падбіралі шарыкі па танах. Фабрычныя з Пурэха адліваліся серыямі, і іх куплялі ў разрозненым выглядзе партыямі. Кожны гаспадар ці рымар потым мацаваў звінячыя гірлянды да ашыйнікаў самастойна.

І ЯШЧЭ знойдзена цікавае прымяненне рэчы старажытнага паходжання. Самагучны шарык выкарыстоўваецца ў наш час ў так званых мантэсоры-матэрыялах для развіцця абсалютнага слыху і музычных здольнасцей у дзяцей ад трох да шасці гадоў. Метад выхавання і навучання распрацавала італьянскі ўрач і педагог Марыя Мантэсоры. Яе методыка папулярная і ў нашай краіне. Яркія браслеты з бразготкамі на каляровым раменьчыку мацуюцца на руку дзіцяці, на пояс і развіваюць слых. Ёсць званочкі на рукаятцы — джынглстыкі. Так што нашы продкі мелі рацыю, калі прымянялі на выгляд простую забаўку ў паўсядзённым жыцці. 

klimovich@sb.by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter