Славные традиции и перспективы развития чаусского агрогородка Горбовичи

Гарбавічы: узгоркі, апавітыя Растой, і горкі досвед Канстанціна Сіманава


Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў 1560 годзе ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага. Пазней адзначана яно і ў Баркалабаўскім летапісе. Побач з сялянскімі сядзібамі пралёг Кацярынінскі шлях. У канцы ХVІ стагоддзя Гарбавічы ўваходзілі ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства.

Згодна з першым падзелам Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска адышла да Расійскай імперыі. У канцы ХІХ стагоддзя гарбавіцкі памешчык генерал-лейтэнант Мікалай Пузанаў пабудаваў ільнозавод. Вёска адносілася да Галянеўскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні. Дзейнічалі школа, паштовая станцыя, хлебазапасны магазін, вадзяны млын, шынок, казённая вінная лаўка.

Пасля ўсталявання савецкай улады льнозавод дабудавалі. Электраэнергію для яго вырабляў спецыяльны паравоз. Забудоўваўся рабочы пасёлак, які паступова стаў часткай вёскі.

Значнае развіццё Гарбавічы атрымалі пасля пракладкі ў 1929 годзе чыгункі. Утварыўся калгас, рэарганізаваны ў ААТ «Раста-Агра Плюс».

У першы ваенны месяц за вясковай ваколіцай моцны бой з акупантамі трымаў адступаючы на ўсход стралковы корпус пад камандаваннем савецкага генерала Фёдара Бакуніна. У час нямецка-фашысцкай акупацыі не давалі спакою гітлераўцам народныя мсціўцы. Помнікам увекавечана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У 2005 годзе вёска Гарбавічы атрымала статус аграгарадка Чавускага раёна.


З абласнога цэнтра да чавускага аграгарадка Гар­бавічы, куды накіраваўся ў чарговую вандроўку, два дзясяткі кіламетраў. За акном легкавіка, якім кіраваў старшыня сельвыканкама Уладзімір Вычанкоў, лясны масіў змяняўся пералескамі, палямі, не па-зімоваму ўсланымі рунню. Мільгануў дарожны ўказальнік з назвай Гародня. Уладзімір Уладзіміравіч патлумачыў, што вёсцы папулярнасці надала страусавая ферма. Турыстычны сэрвіс дапоўніла пабудаванае побач кафэ. Шашлыкі, смажаныя каўбаскі і іншыя прысмакі прапануе на выязным фургоне Таццяна Сівакова з Гарбавіч. Мясціны для адпачынку тут прывабныя. На некалькі кіламетраў выцягнулася на мяжы Магілёўскага і Чавускага раёнаў вадасховішча Рудзея. Акружаюць азёрнае люстэрка карабельныя сосны. Пацеркамі вакол параскіданы вёскі. Выкупленыя гараджанамі сялянскія сядзібы сталі лецішчамі. Багаты на садовыя таварыствы і Гарбавіцкі сельсавет, да якога хутка і зручна дабірацца з Магілёва.

Першы намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Аляксандр ПУХОЎСКІ, старшыня Гарбавіцкага сельвыканкама Уладзімір ВЫЧАНКОЎ і старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль МАЦЮЛІН.

Часта ў студэнцкія гады курсіраваў па магістралі з чавускай вёскі Пунькі ў абласны цэнтр Уладзімір Вычанкоў. Яго бацька Уладзімір Свірыдавіч кіраваў саўгасам. На падворку трымалі дзвюх кароў, свіней, курэй. Калі прывозілі лугавое сена, суседзі дапамагалі выгружаць. У вёсцы жылі дружна, адзін аднаму памагалі.

Пасля заканчэння педуні­версітэта малады педагог вярнуўся дамоў. Настаўнічаў і дапамагаў аўдавелай маці ўпраўляцца па гаспадарцы. Задумаў займець сваё аўто. Стаў адкладваць грошы. А як сабраў, замест легкавіка купіў у калгасе патрыманы трактар. Сабе і людзям апрацоўваў агароды. Ажаніўся з маладой настаўніцай Наталляй. Нарадзіўся сын. У адной школе разам з жонкай працавалі. Ён быў завучам, а потым дырэктарам. Пяты год Уладзімір Уладзіміравіч узначальвае сельвыканкам, на тэрыторыі якога пражывае 2000 чалавек. Колькасць насельніцтва паступова змяншаецца. Абяз­людзелі вёскі Мітаўё, Забава, Дуброўка. Лічаныя жыхары засталіся ў Слабадзе, Драчкаве, Ка­ласоўшчыне, Удоўску, Відліне, Цёмналессі. Маладыя сем’і перабіраюцца ў аграгарадок, дзе створана інфраструктура. Трэцяя частка жыхароў сельсавета жыве ў Гарбавічах. Шматлюдна і ў Благавічах — цэнтральнай сядзібе ААТ «Раста-Агра Плюс». Найбольш буйныя населеныя пункты газіфікаваны. Там пракладзены водаправод. У аграгарадку завяршаюцца апошнія прыгатаванні да ўводу ў эксплуатацыю новай станцыі абезжалезвання вады. Пабудавана яна на сродкі раённага бюджэту.

Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Раста-Агра Плюс» Уладзімір БОНДАРАЎ і механізатар Святаслаў Лосеў

У цэнтры Гарбавіч магілёўская фірма выкупіла ўчастак для будаўніцтва ўніверсальнага ма­газіна. Прыгожымі катэджамі забудавана Дарожная вуліца. Жывуць у іх у асноўным працаўнікі гаспадаркі. Уласны дом пабудавалі тут Таццяна і Віктар Маньковы. Гаспадыня сустрэла нас ля веснічак. Працуе яна медсястрой у Расцянскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. З маленькай дачкою прыехала на Магілёўшчыну з расійскага Геленджыка. У Гарбавічах лёс падараваў ёй сустрэчу з вадзіцелем Віктарам Маньковым. Ужо амаль два дзесяцігоддзі крочаць разам па жыцці. Дачка Таццяны Анатольеўны атабарылася ў замежжы. У Маньковых падрастаюць сыны Сяргей, Даніла і трохгадовы Максімка. Дзяржава дапамагла шматдзетнай сям’і льготным крэдытам на будаўніцтва жылля. Цёпла і ўтульна ў прасторных пакоях. Праз акно віднеюцца маладыя саджанцы яблынь, ягаднікаў. Агарод акуратна прыбраны і пераараны.

Шматдзетная сям’я Таццяны і Віктара МАНЬКОВЫХ.

На гэтай жа вуліцы ў катэджы, атрыманым ад гаспадаркі, жыве сям’я механізатара Святаслава Лосева, з якім сустрэліся. На трактары «Беларус-952» ён перавозіў фураж на новы малочна-таварны комплекс «Благавічы». У аграгарадок пераехаў з Быхаўскага раёна. Старэйшыя сыны Іван і Алег падаліся ў горад. На выхадныя прыязджаюць з дзвюма ўнучкамі і ўнукам. Малодшы сын Антон вучыцца ў Мсціслаўскім дзяржпрафтэхліцэі на муляра. Настроены вярнуцца дамоў і працаваць у гаспадарцы.

Спецыялізуецца сельгас­прадпрыемства на выт­ворчасці малака, ялавічыны і збожжа. Чацвёрты месяц абавязкі дырэктара выконвае Уладзімір Бондараў. Раённае кіраўніцтва дапамагае яму. Першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Пухоўскі адзначыў, што малады кіраўнік адразу ўзяўся за навядзенне парадку на машынна-трактарным двары, жывёлагадоўчых фермах. Дзякуючы збалансаванаму рацыёну кармлення павялічыўся валавы надой малака. З дапамогай раёна вясной машынна-трактарны парк папоўніцца энерганасычанай тэхнікай.

Дырэктар навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Наталля КАРПЕКІНА і былы кіраўнік школы Сяргей ШЫБУТ.

Развіваецца і фермерства. Сяргей Нячаеў арандуе ў ААТ «Раста-Агра Плюс» памяшканне жывёлагадоўчай фермы. Закупіў 60 цялят у вяскоўцаў і адкормлівае іх. Для забеспячэння іх фуражом на 200 гектарах вырошчвае кармавыя і збожжавыя культуры.

Сяргей Рыжанкоў з суседняй вёскі Антонаўка спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення траў. Ён арандуе 220 гектараў поля. Закупіў комплекс сельгасмашын па дапрацоўцы насення. Дзясятак сяльчан атрымалі занятак у фермераў.

Пяцікласніца Паліна ДЗЮКО на ўроку працы.

Індывідуальны прадпрымаль­нік Андрэй Каранькоў выкупіў на ўскрайку аграгарадка па­мяшканні сельгаспрадпрыемства, якія пуставалі. Наладзіў там дрэваапрацоўку. Каля дзесяці чалавек атрымалі працу. На базе гэтай вытворчасці праводзіўся раённы семінар прадпрымальнікаў.

Менавіта ў пашырэнні фермерства і развіцці дрэваапрацоўкі бачыць перспектыву стварэння новых працоўных месцаў у населеных пунктах сельсавета старшыня Чавускага райсавета дэпутатаў Анатоль Мацюлін.

Два гады таму аграгарадок прымаў удзельнікаў і гасцей раённых «Дажынак». У гонар такой падзеі пасадзілі сорак яблынек. А на наступны год жыхары Гарбавіч сабралі грошы і купілі ў Хацкавіцкім гадавальніку паўсотні пладовых дрэўцаў. Высаджвалі іх сем’ямі.

Працэдурная медсястра Святлана ВАЙЦЯНКОВА і пацыентка Таццяна СТАЛЬМАКОВА.

Са старшынёй сельвыканкама прайшліся па маладым садзе. Каб зберагчы яблынькі ад зайцаў, іх ухуталі плёнкай. Ініцыятыву азелянення падтрымалі ў аграгарадку. Мінулай вясной вакол аздараўленчага цэнтра высадзілі 70 маладзенькіх ліпак. Абвіваюць дрэўцы і падворак праваслаўнай царквы Святой Кацярыны. Храм упрыгожыў цэнтральную частку Гарбавіч. Дзесяць гадоў таму апусцелы будынак былой аптэкі пераабсталявалі ў святыню. Старшынёй прыходскага савета выбралі былога эканаміста гаспадаркі Тамару Крупеніну.

Славіцца аграгарадок народным ансамблем «Расцяначка». Кіруе ім Алена Мацкевіч. Самадзейных артыстаў засталі на рэпетыцыі. Звонкія галасы даносіліся з актавай залы да прасторнага фае Дома культуры. Апранутыя ў нацыянальныя строі жанчыны адточвалі чарговы нумар. Летась на абласным конкурсе «Таленты Прыдняпроўя» спявачкі атрымалі дыплом першай ступені. Ім апладзіравалі ўдзельнікі святочнага канцэрта на абласных «Дажынках» у Магілёве.

Удзельнікі народнага ансамбля «Расцяначка» Валянціна СІДАРЭНКА, Валянціна КРУПЕНІНА, Валянціна СІВАКОВА, Рыта НОЧКІНА, Людміла БАРЫСЕНКА і Марыя КАЗЛОВА.

Амаль сорак гадоў калектыву. У вытокаў яго стварэння былі медыцынскія работнікі Марыя Казлова, Валянціна Сівакова, школьная тэхнічка Валянціна Крупеніна і лабарант Людміла Барысенка, якая, як і дырэктар Дома культуры Рыта Ночкіна, скончыла Магілёўскі дзяржкульт­прасветкаледж. Самая малодшая ў ансамблі — Кацярына Быстрова. Нядаўна яна нарадзіла дачушку. Спявачкі віншавалі маладую маці.

Ёсць у аграгарадку і дзі­цячы ансамбль «Забава». Школьнікі часта наведваюцца і ў бібліятэку, размешчаную на другім паверсе Дома культуры. Бібліятэкар Алена Уласенка задаволена, што кніжны фонд, які перавышае 9000 экзэмпляраў, пастаянна папаўняецца новымі выданнямі.

Бібліятэкар Алена УЛАСЕНКА з чытачамі Аляксандрам і Таццянай ГОРЛАВЫМІ.

На стэндзе побач з літаратурай пра гісторыю і культуру Магілёўшчыны выстаўлена і кніжка Святланы Шыбут пра Гарбавічы. Нас яна сустрэла ў школьным краязнаўчым музеі, створаным паўвека таму. Сабраны ў ім унікальныя матэрыялы і экспанаты. Святлана Уладзіміраўна кіруе пошукавай дзейнасцю юных краязнаўцаў. З розных крыніц збірала яна факты гісторыі, успаміны тутэйшых пра перажытае ў нямецка-фашысцкую акупацыю. Жорсткі бой, што адбыўся ў канцы ліпеня 1941 года каля Гарбавіч, увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Вырываючыся з акружэння, воінскія фарміраванні 61-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Фёдара Бакуніна на ўзбярэжжы Расты сутыкнуліся з гітлераўцамі. Два дні кіпеў бой. Поле ўслалі забітыя. Настаўнікі Павел Кузьмянкоў, Ганна Су­дзянкова, Трыфан Шундалаў разам з вучнямі карпатліва адшуквалі сваякоў палеглых чырвонаармейцаў. Школьныя краязнаўцы перапісваліся з Канстанцінам Сіманавым. Пісьменнік падпісаў і прыслаў ім тры кнігі рамана «Жывыя і мёртвыя». У пісьме аўтар падзякаваў за дапамогу ў зборы матэрыялаў, якія выкарыстаў пры напісанні гістарычнага твора.

Педагог Святлана ШЫБУТ з навучэнцамі ў школьным музеі.

Зараз дзейнасцю школьных краязнаўцаў кіруе Святлана Уладзіміраўна. Не забывае школу і яе муж Сяргей Міхайлавіч. Тры дзесяцігоддзі ён узначальваў педкалектыў. Жыхары выбралі педагога старастам аграгарадка. Эстафету кіравання школай прыняла Наталля Карпекіна. На будучы год чакаецца ўдвая больш першакласнікаў. Маладой змене ўмацоўваць слаўныя традыцыі і ствараць будучае Гарбавіч.

Чавускі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter