ГАРАЦЫЙ НА АЎТОБУСЕ

Экскурсавод Анатоль Варава знаходзiць скарбы нават у пустыні Ён кінуў акадэмічную аспірантуру, здрадзіўшы бацькоўскаму жаданню зрабіць з яго хіміка. Душа гарнулася не да колбаў і вынаходніцтва філасофскага каменя з магічных формул, а да падарожжаў: сузірання спічастых вежаў касцёлаў і карункавых строяў цэркваў уздоўж старых шляхоў, на рынкавых пляцах мястэчак. Анатоль Варава ўвосень 1973 года паступіў на курсы экскурсаводаў, а ўвесну 1974-га ўжо “вадзіў караблі” з турыстамі па прасторах невядомай Беларусі...

Чвэрць стагоддзя таму яшчэ не было даведнікаў-праваднікоў, шыкоўных альбомаў і перадач па тэлебачанні пра гістарычныя помнікі радзімы. Для савецкага чалавека ўсё так званае дарэвалюцыйнае мінулае не мела ніякай вартасці. І нават Нясвіжскі замак, які сёння ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і рэстаўруецца пад патранатам Прэзідэнта, у эпоху застою быў усяго толькі санаторыем. Тут не стаялі гужы аўтобусаў, рыцары ў час фэстаў не бразгалі мячамі, а дзеці не каталіся на карэтах, як сёння.
А менавіта ж Варава з калегамі першым праклаў дарогу да гэтага месца, як да легенды.
— Маршрут з Мінска ў Нясвіж стаў адным з першых, што быў прысвечаны айчыннай архітэктуры і распрацаваны ў Мінскім бюро падарожжаў і экскурсій, — па праву ганарыцца і сваёй далучанасцю да гэтай справы Анатоль Георгіевіч. — Тады яшчэ ніхто нікога спецыяльна не вазіў у старажытны горад, каб паглядзець на першы ў краіне барочны касцёл, на рэзідэнцыю самага магутнага магнацкага роду. Хіба толькі часам з турбазы “Высокі бераг”, што ў Стаўбцоўскім раёне, адпачыннікаў адпраўлялі ў вандроўку па коласаўскіх мясцінах, а ў Нясвіжы пісьменнік вучыўся. Заадно падвозілі да замка, спыняліся ля помніка з Вечным агнём, расказвалі пра падзеі мінулай вайны, адным словам згадвалі “эксплуататараў, жорсткіх паноў” Радзівілаў, праводзілі па парку — і на гэтым уся “экскурсія” заканчвалася. Каб зладзіць падарожжа на іншым грунце, паказаць людзям хараство жывапісу ў касцёле Божага Цела, унікальны ансамбль замка як шэдэўра дойлідства, мне даводзілася “ўзгадняць” тэкст экскурсіі з думкамі класікаў камуністычнага вучэння.
Абавязкова цытаваў Леніна, Луначарскага, якія гаварылі, што “варта ўзяць усё лепшае з мінулага”: такім чынам “апраўдваўся”, што заводзіў турыстаў у храм — але не як у культавы будынак, а як у помнік мастацтва. Іначай здарыліся б непрыемнасці. Нярэдка за архітэктурнымі экскурсіямі сачылі пільныя партыйныя наглядчыкі, каб разам з лекцыяй аб красе мастацтва не пранікалі ў галовы слухачоў “шкодныя” рэлігійныя ідэі.
Цяпер прадстаўнікі дзяржавы заказваюць Вараву даведнікі па гістарычных мясцінах, бо лепш за яго ніхто не валодае фактурай і вобразным словам. І з году ў год кожныя выхадныя разам з беларускімі турыстамі ён возіць па старадаўніх маёнтках, парках, палацах і храмах цікаўных да мінуўшчыны гасцей з Расіі, Захаду. Адпрацаваўшы ў Мінскім бюро падарожжаў і экскурсій да 1989 года, “паматляўшыся” па прыватных фірмах, сёння Анатоль Георгіевіч прадстаўляе кампанію “Віяполь”. Зрэшты, не спяшайцеся бегчы заказваць білеты. Спярша завітайце ў кнігарню і набудзьце сабе адзін з даведнікаў-праваднікоў, складзеных Варавам па маршрутах бадай ува ўсе канцы бацькаўшчыны. Сам ён ужо нават не можа дакладна падлічыць, колькі напісаў кніжачак-падказак вандроўнікам: у Нясвіж, па дарозе з Мінска на Вільню, не кажучы пра сцежкі-дарожкі Заходняй Беларусі.
А бестселерам стаў альбом “Сердце Беларуси — Минщина”, выдадзены па заказу Мінаблвыканкама.
— Праўда, калі я рабіў гэтую кнігу, сутыкнуўся з рэліктамі колішняга неразумення некаторымі музейнымі работнікамі, супрацоўнікамі выканкамаў, што наша спадчына — гэта не толькі вайна і вёска.
У выніку, пераадолеўшы забабоны часоў брэжнеўскай цэнзуры, экскурсавод спадзяецца, з яго кнігай беларусы і госці з-за мяжы змогуць падарожнічаць па краіне і праз дзесяць год.
— Але складана ладзіць экскурсіі ў тых рэгіёнах, дзе мало што засталося — а гэткія пустынныя астраўкі ёсць. Зрабіць з нічога цукерку не заўсёды ўдаецца, — прызнаецца спадар Варава ў “слабасцях” свайго рамяства. — Яшчэ ў савецкі час мы паехалі з калегамі ў Чэрвенскі раён, на радзіму Станіслава Манюшкі. На месцы дома нараджэння музыканта знайшлі самотную стэлу, на якой было напісана, што гэта “вялікі польскі кампазітар”. Я тады абурыўся: бо надпіс рабілі беларусы, якія мусяць шанаваць сваіх землякоў і ведаць, што яны нашы, а не “папрыязджалі тут”. Горш тое, што ў Смілавічах палац Манюшкаў стаяў занядбаны. У Мінску дом, дзе жыў майстар, толькі цяпер адзначылі мемарыяльнай шыльдай. Карацей, мы маглі многа расказаць пра біяграфію славутай асобы, але ўдзельніку экскурсіі важна не толькі пачуць, але і пабачыць нейкія цікавосткі. Хай ты нават Гарацый, а ў пустыні, дзе няма за што зачапіцца воку, твой голас нічога не будзе значыць. На жаль, калі на поўначы і захадзе Міншчыны незвычайных мясцін даволі, на ўсходзе бадай усё павыполвана ды перакапана трактарамі ды бульдозерамі.
Бывае і так, што мясцовыя жыхары і нават нібыта дасведчаныя кіраўнікі перакананы: нешта асаблівае ў іх краі адшукаць немагчыма. А Варава спрачаецца, пярэчыць такому нігілізму — і знаходзіць скарбы, цуды.
— З 70-х гадоў я вазіў экскурсіі ў Івянец, і ўвесь час мы прыходзілі да вядомага разьбяра па дрэве Аляксандра Пупко толькі па адно: каб ён расказаў, як у 1916 годзе ў ягонай хаце спыняўся вядомы рэвалюцыянер, “бацька” мінскай міліцыі таварыш Міхайлаў-Фрунзе. На жаль, цяпер на тым доме нават шыльды няма. Хаця ў асаблівай значнасці Фрунзе для Івянца даводзіцца сур’ёзна сумнявацца. Сёння мястэчка больш цікавіць вандроўнікаў уласна творамі Пупко ды сваімі непадобнымі адзін да аднаго барочным і неагатычным касцёламі.
Пра кожны з помнікаў Анатоль Варава раскажа вам неверагодную гісторыю. Ён не стане “разумнічаць” і “грузіць” архітэктурнымі тэрмінамі, а згадае пра незвычайны лёс гаспадароў таго або іншага будынка, пра таямнічыя здарэнні ў тутэйшых ваколіцах у даўно забытыя часы, пра абставіны асабістага лёсу вядомых персон — ад князя Міндоўга да песняра Багушэвіча, працытуе невядомыя радкі з твораў класікаў. Экскурсавод мусіць гаварыць і гаварыць — ніводная паўза не павінна збіць падарожніка з захапляльнага “плавання” ад вострава да вострава скарбаў у акіяне цудаў мінуўшчыны. Варава дзякуючы дару красамоўства не дасць сумаваць нават у пустыні, як бы сціпла ён ні ацэньваў часам свае здольнасці. Бо іначай уражаныя аповедамі пра яго вандроўкі турысты не запісваліся б да экскурсавода нумар адзін загадзя — за некалькі тыдняў. Пакуль лета і экскурсійныя аўтобусы курсіруюць па краіне па добрых дарогах — з’ездзіце з мінскім Гарацыем у падарожжа і вы!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter