Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Магдэбургскае права Гарадца

Гарадзец: на два бакі пераправы

У Беларусі шмат паселішчаў з аднолькавай назвай. Кожнае мае глыбінныя карані, якія пачынаюцца з далёкіх часоў засялення першабытным чалавекам. Кобрынскі Гарадзец упершыню пісьмова ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу ў 1142 годзе, калі валынскі князь Уладзімір Васільковіч завяшчаў сваёй жонцы Вользе Раманаўне горад Кобрын і сяло Гарадзец.

У Вялікім Княстве Літоўскім паселішча, якое ўпрыгожваў праваслаўны храм Святога Іллі, адносілася да Кобрынскага ўдзельнага княства. Каралева і вялікая княгіня Ганна надала мястэчку Магдэбургскае права і герб: у срэбраным полі святыя Ганна і Марыя з немаўляткам Ісусам на руках.


Праездам у 1784 годзе спыняўся тут апошні правіцель Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Гарадзец адышоў да Кобрынскага павета Расійскай імперыі. Уладары сядзібы заможныя шляхціцы Орды абнавілі яе мурамі. Гарадзец стаў цэнтрам воласці, у якім дзейнічалі праваслаўная царква, яўрэйская школа. Грузавыя баржы прымала прыстань на пракладзеным сярод палескіх балот Дняпроўска-Бугскім канале. Двойчы на год ладзіліся кірмашы.

Згодна  з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, мястэчка стала цэнтрам гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Тут радзіма польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч.

З восені 1939 года Гарадзец — цэнтр сельсавета Антопальскага, а з 1959-га — Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі тры атрады народных мсціўцаў не давалі ворагу спакою. Байцы ўстройвалі дыверсіі на чыгунцы, нападалі на паліцэйскую ўправу.

Помнікам ушанаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі ў барацьбе з гітлераўцамі.

У пасляваенныя гады аднавілі дзейнасць цагельня, калгас, навучальныя, медыцынскія, сацыяльна-бытавыя ўстановы. Адкрыўся агароднінасушыльны завод.

Адным з першых на Кобрыншчыне паселішча атрымала статус аграгарадка. Цяпер гэта цэнтр ААТ “Гарадзец-агра”.

Сусвет і чалавек. Усё тут узаемазвязана і нагадвае кожнаму пра сэнс жыцця, пра велічнасць сусвету і ролю ў ім нашага лёсу. Пра гэта думалася перад сустрэчай з кіраўніком ААТ “Гарадзец-агра” Іванам Цецяруком, пра якога шмат цікавага чуў, але не быў знаёмы. Праз цэнтральную сядзібу гаспадаркі Гарадзец, што стаіць на ажыўленым брэсцка-пінскім шляху, часта праязджаў. Запомніліся векавыя дрэвы, з-за якіх выглядаюць велічныя муры, забрукаваная цэнтральная вуліца з адыходзячымі ад яе завулкамі і вулачкамі.

Пастух Уладзімір ШАРАПАЎ і дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван ЦЕЦЯРУК

Чарговая вандроўка выпала ў Гарадзец. Ад кобрынскай развілкі да аграгарадка ехалі з Мікалаем Вярэнічам, маім земляком. Вырас у столінскай вёсцы Стахава, адкуль родам вядомы беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі, акадэмік АН БССР Харытон Гарагляд. Многія выпускнікі мясцовай сярэдняй школы пайшлі па яго шляху. У пінскі саўгас-тэхнікум паступіў і Мікалай Вярэніч. Атрымаў дыплом заатэхніка і прыехаў працаваць у Гарадзец. Завочна закончыў заатэхнічны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута. Кіраваў гаспадаркай, пасля далучэння якой да ААТ “Гарадзец-агра” стаў першым намеснікам дырэктара Івана Цецярука.

Старшыня сельвыканкама Дзмітрый МІРОНЕНКА і дырэктар Гарадзецкага дзіцячага сада—сярэдняй школы Аляксандр ВАЛАСЕВІЧ

Сельгаспрадпрыемства адно з найбольшых у Кобрынскім раёне. Сельгасугоддзяў 15 тысяч гектараў, трэцюю частку якіх сёлета займалі збожжавыя. За тры тыдні справіліся са жнівом. Атрымалі па 27 цэнтнераў зерня на круг, што склала па цэнтнеру збажыны на бала-гектар. Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што летась хлебная ніва была больш шчодрай на ўраджай.

Першы намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай ВЯРЭНІЧ.

На мехдвары сустрэліся з механізатарам Мікалаем Пакалюком, які з памочнікам Аляксандрам Бараноўскім прадувалі механізмы збожжаўборачнага “Джон Дзіра” перад пастаноўкай на зімовае захоўванне. 12-ы сезон адпрацавала энерганасычаная машына. У Мікалая Анатольевіча гэта 20-е жніво. Звыш за тысячу тон збожжа намалаціў экіпаж. Механізатара ўжо чакае трактар “Амкадор”, на якім будзе трамбаваць зялёную масу кукурузы ў сіласных траншэях.

Яшчэ не ўсе камбайны рыхтуюць да захоўвання. Раніцай паромам за Дняпроўска-Бугскі канал пераправілі два камбайны КЗС-10 Сяргей Патоня і Сяргей Сабалеўскі, каб убіраць збажыну на прыватных дзялках у вёсках Бародзічы, Выгада, Аніскавічы, Мелянкова і Дубіны. Абслугоўвае паромную пераправу брыгада матросаў ДРБУ-201. Курсіруе паром з ранняй вясны і да зімовых маразоў. Да пераправы пракладзена асфальтаваная дарога.

Шматдзетная сям’я Ірыны і Аляксандра ВАЙТОВІЧАЎ.

Калі мы пад’ехалі, матрос Пётр Сінкавец грувасткім ланцугом замацоўваў да прычала паром. На пытанне, колькі аўтамашын памяшчаецца, Пётр Мікалаевіч адказаў, што легкавых — 19, а грузавых — 7. Часта карыстаецца паромам старшыня сельвыканкама Дзмітрый Міроненка. Раней за каналам быў Аніскавіцкі сельсавет, які ў 2012-м аб’ядналі з Гарадзецкім. Пяць гадоў таму закрылася сярэдняя школа ў Аніскавічах. Аўтобусам падвозяць навучэнцаў у Гарадзецкі дзіцячы садзік — сярэднюю школу, размешчаную ў былым касцёле.

Быццам вартавыя, волаты-дубы ахоў- ваюць школьныя муры, акружаныя пярэстымі кветнікамі. На падворку сустрэліся з дырэктарам Аляксандрам Валасевічам. Ён таксама выпускнік школы. Другі год кіруе педкалектывам. Суцяшае Аляксандра Міхайлавіча, што колькасць вучняў расце. У верасні сядуць за парты звыш за 220 навучэнцаў. 20 першакласнікаў прыйдуць на змену 15 сёлетнім выпускнікам, сярод якіх і залаты медаліст Яўген Вайтовіч, які вырас у шматдзетнай сям’і. Яго старэйшы брат Іван — студэнт Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, малодшыя Аляксей і Аляксандр — школьнікі, а самай меншай Настусі — шосты год. Бацькі — чыгуначнікі. Дом самі будавалі. Рады, што і Яўген стаў студэнтам факультэта радыё- фізікі і камп’ютарных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта.

Матрос пераправы Пётр СІНКАВЕЦ

Многія выпускнікі школы з дыпломамі спецыялістаў вяртаюцца дамоў. Аграномам працуе Аляксандр Патоня, вадзіцелямі грузавых аўтамашын Сяргей Патоня, Уладзімір Леанюк, механізатарам Вадзім Федытнік. Старшыня сельвыканкама Дзмітрый Міроненка таксама выхаванец школы. Бацькі яго пасля чарнобыльскай катастрофы пераехалі з Гомельшчыны ў Гарадзец. Доўга хлопчыку сніліся густы бор за кармянскай вёскай Залатоміна і пакінутая бацькоўская хата. У Барысаўскім прафтэхвучылішчы лесаводаў атрымаў прафесію лесніка і вярнуўся на Кобрыншчыну. Працаваў і завочна атрымліваў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Пяты год Дзмітрый Мікалаевіч узначальвае сельвыканкам, які аб’ядноўвае 30 населеных пунктаў. Жонка Наталля Уладзі- міраўна настаўнічае ў пачатковых класах. Падрастаюць Кіра і Мікіта. На пачатку восені Міроненкі чакаюць папаўнення.

Камбайнер Мікалай ПАКАЛЮК

Шматдзетная сям’я ў матушкі Юліі і настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы аграгарадка Акцябр Аляксандра Гісаў. Народжаную вясною дачушку назвалі Сафійкай. Падрастаюць старэйшыя Мацвейка і Варвара. Падворак святара прылягае да храма, які як помнік драўлянага дойлідства ахоўваецца дзяржавай.

Па высокіх мураваных прыступках падняліся ў сярэдзіну. Прахалода і хваёвы водар панавалі ў прасторным памяшканні, аздобленым раскошнымі абразамі. Айцец Аляксандр адзначыў, што гэта самы вялікі храм Кобрынскага благачынства. Нядаўна яго адрамантавалі. Унутраныя сцены абілі сасновай вагонкай. Гаспадарка “Гарадзец-агра” падтрымала сродкамі. Сярод багацця абразоў захоўваюцца 300-гадовыя палотны. Усе пяць хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі сельсавета дзеючыя. Два з іх — Свята-Уздзвіжанскі і Свята-Дзмітрыеўскі — упрыгожваюць Гарадзец. Гісторыя іх захоўваецца ў краязнаўчым музеі, куды нас запрасіў дырэктар Гарадзецкага дзіцячага сада— сярэдняй школы Аляксандр Валасевіч.

Сям’я матушкі Юліі і айца Аляксандра ГІСАЎ

Два гады таму музей атрымаў званне народнага. Навуковыя даследаванні вучняў пастаянна трапляюць у лік лепшых на рэспубліканскіх конкурсах. Экспазіцыі прысвечаны гісторыі, культуры і традыцыям вёсак сельсавета, выдатным землякам. Асобна дэманструюцца дэкаратыўныя вырабы вучняў. На працягу многіх гадоў гуртком народных промыслаў кіравала таленавітая Ганна Казлова. Узначальвае школьны музей настаўніца Галіна Чыжэўская.

Экспанаты юныя краяведы і педагогі збіралі па навакольных вёсках, хутарах. Кіраўніцтва ААТ “Гарадзец-агра” дапамагло сродкамі на афармленне экспазіцый.

Ветэран вайны і працы Пётр ЗАВАДОЎСКІ

На стэндзе ганаровых жыхароў — фотаздымкі заслужаных настаўніцы Ганны Сташэўскай, фельчара Ганны Шаўчук, работніка культуры Ігара Чэрніка, перадавых хлебаробаў, жывёлаводаў, рабочых прамысловых прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Сабраны матэрыялы пра шляхетную зямлячку Марыю Радзевіч. У вёсцы Грушава захаваліся некалькі муроў яе радавога маёнтка. Падпірае неба волат-дуб, каля якога ўсталявана мармуровая пліта з надпісам на беларускай і польскай мовах “У памяць выдатнай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч. 1864—1944. Удзячныя за яе працу гэты знак, устаноўлены пад дубам DEWAJTIS, дораць землякі”.

Школьнікі сабралі ўні- кальны матэрыял пра мужную барацьбу землякоў з нямецка-фашысцкімі акупантамі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах.

Раздатчыца абедаў Надзея КАЗЮК

У цэнтры пакоя баявой славы — фотапартрэты і асабістыя рэчы выпускнікоў школы воінаў-інтэрнацыяналістаў Мікалая Дземі- довіча і Канстанціна Тунчыка, якія загінулі ў Афганістане.

Ёсць пра што ўзгадаць з баявога мінулага ветэрану вайны і працы Пятру Завадоўскаму, які вярнуўся ў родныя мясціны. Аўдавеламу Пятру Сцяпанавічу далі кватэру ў яго роднай вёсцы Грушава.

Завіталі да ветэрана. З двухпавярховага шматкватэрнага дома выйшаў жвавы стромкі мужчына з пышнымі серабрыстымі кучарамі на галаве, які не выглядае на 92 гады. 17-гадовым разам з равеснікамі яго прызвалі ў Савецкую Армію. Цягніком даехалі да вызваленага ад гітлераўцаў Полацка і адтуль прызыўнікоў чыгункай адправілі ў Адэсу. У саставе 3-га Украінскага фронту вызваляў Югаславію, Венгрыю, Румынію, Аўстрыю. У адным з баёў пры фарсіраванні Дуная варожая куля прасвістала ў міліметры ад скроняў і пакінула шрам.

Разам з аднапалчанамі радавы Завадоўскі з аўтамата салютаваў Перамозе над нямецка-фашысцкай Германіяй у аўстрыйскім гарадку Шайбс. Германія капітуліравала, але вораг яшчэ застаўся на Далёкім Усходзе. Паступіў загад грузіцца ў вагоны, і састаў адправіўся з Аўстрыі на ўсход. Даехалі да ўкраінскага горада Чарнаўцы і там да 1951 года змагаўся з бандфарміраваннямі ў Прыкарпацці.

Вучаніца Ангеліна КРАЎЧУК і кіраўнік школьнага музея Галіна ЧЫЖЭЎСКАЯ

Толькі праз шэсць гадоў пасля вайны вярнуўся да бацькоў. Ажаніўся. Закончыў курсы механізатараў. Працаваў прычэпшчыкам на трактары, а потым трактарыстам. Жонка Надзея Іванаўна была паляводам. Выхавалі двух сыноў. Застаўся адзін, жыве ў Расіі. Сельвыканкам замацаваў за Пятром Сцяпанавічам сацыяльнага работніка.

93-ю восень сустракае ветэран вайны і працы Рыгор Вышынскі. Сядзіба яго больш нагадвае ціхі хутарок, акружаны мурожным лугам. Яблыні зазіраюць у вокны. Дочкі Галіна і Валянціна на пенсіі і пастаянна ля бацькі, якому патрэбны догляд.

Вандруючы па Гарадцы і яго наваколлі, на палявой дарозе сустрэлі легкавік дырэктара гаспадаркі Івана Цецярука. Зыркія іскрынкі зухаватасці ў вачах выдавалі няўрымслівасць шырокаплечага гаспадара. Спяшаўся ён на луг, дзе пасвіўся малочны статак. Па дарозе да выпасу Іван Сяргеевіч, як з камп’ютара, сыпаў лічбамі. 12 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы. Трэцяя частка — дойныя каровы. Сярэднегадавы надой перавысіў 5 тысяч кілаграмаў. Вытворчасць малака дае найбольшую рэнтабельнасць. У планах давесці пагалоў’е да 15 тысяч, з якіх трэцяя частка будуць дойныя каровы, прадукцыйнасць якіх вырасце.

ЗА паўтара дзесяцігоддзя кіравання гаспадаркай Іван Сяргеевіч як самаадданы шахматыст пралічвае наперад кожную ініцыятыву. Дапамагаюць сялянская кемлівасць і эрудыцыя. Пачынаў ён сваю дзейнасць з камсамола, працаваў экскаватаршчыкам, галоўным заатэхнікам.

Шмат чытае, і ішныя пераймаюць гэта ад яго. Кожны з амаль што паўтысячы тут працуючых — чытач “Сельской газеты”. Іван Сяргеевіч перакананы, што затрачаныя на падпіску сродкі апраўдваюцца карысцю. Як кажуць, хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Так жыве сённяшні Гарадзец, руплівай працы вянец.

Кобрынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter