“Гарадзец” мабілізуецца і пачынае

Даспявае на палях збажына — наліваецца, хіліцца долу спелы колас. Вынікі працы хлебароба на працягу сельскагаспадарчага года будуць вызначацца колькасцю сабранага ўраджаю. Добрыя на яго віды ў КУВСП “Гарадзец” Шаркаўшчынскага раёна, дзе ў мінулую пятніцу прайшлі ўрачыстыя “зажынкі”.

Святочныя толькі першыя тры зажыначныя кругі. Астатнія — буднічныя, гарачыя і... гераічныя

Даспявае на палях збажына — наліваецца, хіліцца долу спелы колас. Вынікі працы хлебароба на працягу сельскагаспадарчага года будуць вызначацца колькасцю сабранага ўраджаю. Добрыя на яго віды ў КУВСП “Гарадзец” Шаркаўшчынскага раёна, дзе ў мінулую пятніцу прайшлі ўрачыстыя “зажынкі”.

СОНЕЧНЫ і спякотны дзень — такое надвор’е для камбайнераў прывычная з’ява. Але, як сёлета, гэта ўжо занадта. Аднак усе 14 камбайнераў “Гарадца” і столькі ж  іх памочнікаў падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі па ўсёй тэхналогіі. Праверылі спраўнасць электронікі, бо камбайны новай мадэфікацыі, а 4 будуць працаваць упершыню.

У вызначаны час адзін за адным выстраіліся камбайны ў накірунку на жніўнае поле ва ўрочышча “Кушнева”. Іх урачыста, з песнямі, пад музыку адпраўлялі са двара ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Лужкаўскага Дома культуры і раённага метадычнага цэнтра.

І вось камбайны на полі, дзе насенны ўчастак пшаніцы каля 70 гектараў. Камбайны ўрэзаліся ў збажыну. Тут іх прыпынілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. На “першы сноп” прыехаў старшыня райвыканкама Мечыслаў Морхат, дырэктар гаспадаркі, яго намеснік, галоўны інжынер і аграном. Спяваюцца песні, а ў гэты час перадавы камбайнер мінулагодняй уборкі Іван Кірсанаў з удзельніцай самадзейнасці зажынаюць сноп. Яго перавязваюць каляровай стужкай і ўручаюць дырэктару гаспадаркі Васілю Недзведзю. Прысвячаецца песня маладому аграному Анастасіі Урублеўскай, якая пасля заканчэння БДСГА другі год на пасадзе агранома — насеннявода.

Некалькі хвілін на ўрачыстасць, і камбайнеры робяць па тры зажыначныя кругі тут і столькі ж ва ўрочышчы “Лапунова”. Зроблены пробныя заезды. Дзень-другі, і пачнецца масавая ўборка збажыны і ў нашых паўночных раёнах.

Камбайны вярнуліся на ахоўваемыя пляцоўкі. Арганізаваны падвоз людзей на працу, двухразовае для іх харчаванне. А ў выпадку непаладак або вырашэння іншых пытанняў працуе мабільная брыгада.

Дарэчы, у той дзень “зажынкі” прайшлі ў большасці гаспадарак раёна. А наступным днём камбайнеры, галоўныя аграномы і кіраўнікі ўсіх гаспадарак сабраліся ў райвыканкаме. Для іх быў паказаны кінафільм, прысвечаны 70-годдзю раёна. Потым прысутныя паглядзелі на відэаслайдах новыя мадэфікацыі зернеўборачных камбайнаў, якія выпускае “Гомсельмаш”. Аб іх рабоце даў тлумачэнні прадстаўнік завода. Дарэчы, у раён сёлета прыбыло 20 новых камбайнаў.

Інтарэс гледачоў вызвалі здымкі сёлетняй хлебнай нівы шаркаўшчынскага краю. Іх напярэдадні зрабілі з верталёта старшыня райвыканкама Мечыслаў Морхат і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Аляксандр Маркевіч.

— Вы яе сеялі, вы даглядалі, вам яе і ўбіраць, — сказаў старшыня райвыканкама. — На здымках бачна, хто колькі ўлажыў у сёлетні каравай, якія дапусціў агрэхі, адступленні ад тэхналогіі вырошчвання зерневых. Глядзіце, параўноўвайце з суседзямі і рабіце вывады.

Затым на мехдвары СВК “Даватарскі” ўдельнікі ўборачнай пазнаёміліся з рэгуліроўкамі новых камбайнаў. Вучобу правялі прадстаўнікі дылерскага цэнтра “Гомсельмаша” — Глыбоцкага райаграсервісу.

І гэта быў апошні штрых перад уборачнай. Наперадзе яе гарачыя і доўгія дзянькі.

Кацярына СОСНА

Шаркаўшчынскі раён

НА ЗДЫМКАХ: камбайнер Іван КІРСАНАЎ і дырэктар КУВСП “Гарадзец” Васіль НЕДЗВЕДЗЬ; самадзейныя артысты з хлебаробамі.

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter