Гарады ў зялёных тонах

У Полацку, Наваполацку і Навагрудке рэалізуецца канцэпцыя зялёных гарадоў

Варта толькі ненадоўга выехаць з горада на свежае паветра, дадому вяртаешся з галаўным болем. Сітуацыя знаёмая? Не хапае нам, гараджанам, выхлапных газаў ад аўто і іншых забруджванняў. На жаль, мы да гэтага даўно прывыклі. Але ці магчыма змяніць схему і паставіць экалогію ў аснову? Так, ідэя так званых «зялёных» гарадоў, якая шырыцца па ўсiм свеце, пранiкае i ў наша жыццё.

У будучыні Полацк і Наваполацк звяжа веладарожка
Фота сaves.by

Зялёная выгада


«Зялёныя» гарады — цэлая канцэпцыя. Прычым за знешняй прыроднай прыгажосцю хаваецца і цалкам рэальная эканамічная выгада. Напрыклад, у Швецыі, дзе ідэя атрымала шырокае распаўсюджванне, за 28 гадоў удалося скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу амаль на 40%. І амаль на гэтую ж лічбу паменшылася энергаёмістасць шведскай эканомікі. Чаму гаворка ідзе менавiта пра Швецыю? Справа ў тым, што гэтая краіна супастаўная па тэрыторыі і колькасці жыхароў з нашай.

Правільнае азеляненне горада, веладарожкі, перахопліваючыя стаянкі для аўтамабiляў і многае іншае — такое аблічча «зялёнага» горада. Прывабнага, камфортнага, чыстага і эканомнага. І пра гэта не па чутках ведаюць удзельнікі праекта ПРААН/ГЭФ «Беларусь: падтрымка «зялёнага» горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах», які будзе доўжыцца да 2021 года ў  Полацку, Наваполацку і Навагрудку.

Паколькі праект пачалі ствараць яшчэ ў 2012-м, па словах першага намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Сяргея Лейчанкі, многія яго пункты ўжо сталі рэальнасцю:

— Напрыклад, мы прапісалі план гарадской мабільнасці, транспартную схему. Дарэчы, яны ўвайшлі ў генплан горада. Праект даў нам добры штуршок, а галоўнае, разуменне, як і куды развівацца гораду. Гэтай працы папярэднічала маштабнае абследаванне ў плане развіцця транспартнай сеткі, перспектыў развіцця веласіпеднай сеткі. Мы пабудавалі першую веладарожку, якая заняла адрэзак праезнай часткі. І зараз гэты вопыт МУС спрабуе ўкараняць па ўсіх гарадах. У далейшым хочам аб’яднаць намаганні з Наваполацкам і злучыць веладарожкай два гарады. Як гэта зрабіць? Спадзяёмся, нам у адказе на гэтае пытанне дапамогуць жыхары горада.

Без гараджан нікуды


Нават самая цудоўная ідэя мае патрэбу ў падтрымцы гараджан. Полацк гэта высветліў на ўласным прыкладзе. Таму да генерыравання ідэй заўсёды прыцягвае неабыякавых гараджан. Так, кажа Сяргей Лейчанка, было і ў выпадку з веладарожкай, і па многіх іншых напрамках:

— Пабудаваць можна што хочаш і выклікаць негатыў. Данесці інфармацыю да грамадзян — самы важны этап праекта. Як і выкарыстоўваць іх уласныя ідэі па развіцці горада. Напрыклад, пракласці веладарожку нам дапамагаў актыў нашага веларуху. Цяпер гэтымі дарожкамі любяць ездзіць не толькі веласіпедысты, але і мамы з каляскамі. У мінулым годзе праводзілі конкурс для маладых архітэктараў, якія прапаноўвалі нам праекты добраўпарадкавання горада. Лепшыя мы перадалі праекціроўшчыкам. У іх ліку ідэі добраўпарадкавання нашага Сафійскага сабора, плошчы Францыска Скарыны, удасканалення дарожнага асвятлення.

Першай вугляродна-нейтральнай сталіцай да 2020 года абяцае стаць Капенгаген

Наперадзе — удасканаленне парковак, дваровых тэрыторый, зялёных зон і зон адпачынку. Мы хочам вырашыць пытанне, як прымусіць людзей больш карыстацца грамадскім транспартам, тым самым захоўваючы горад у чысціні. Гаворка ідзе пра будаўніцтва перахопліваючых стаянак, павышэнне хуткасці грамадскага транспарту.

Як і ў Швецыі, усе зялёныя ініцыятывы павінны даць экалагічны і эканамічны эфект. Па падліках, ударная пяцігодка толькі аднаго праекта дасць скарачэнне выкідаў амаль у 90 тысяч тон СО2: каля 80 тысяч тон за кошт удасканалення сістэмы гарадскога транспарту ў Полацку і Наваполацку, астатняе — за кошт павышэння энергаэфектыўнасці ў Навагрудку. Дарэчы, толькі замена асвятлення ў Навагрудку дасць эканомію энергарэсурсаў у 596 МВт\г у год. Гэта значыць, горад зэканоміць 90 тысяч долараў.

Тонкая грань


Дык ці магчыма бязбольна пераводзіць гарады на зялёныя рэйкі, тым самым выконваючы абавязацельствы па Парыжскай канвенцыi? А гэта, нагадвае начальнік аддзела рэгулявання уздзеянняў на атмасфернае паветра і азонавы слой Мінпрыроды Андрэй Піліпчук, мінус 28%, або больш за 90 мільёнаў тон скарачэння СО2. Ды і ў цэлым краіна арыентуецца на так званае нізкавугляроднае развіццё, або вугляродную нейтральнасць. Дарэчы, першай вугляродна-нейтральнай сталіцай да 2020 года абяцае стаць Капенгаген.

Што да нас, плануецца: сур’ёзна паменшыць выкіды дапаможа энергетыка. Не толькі і не столькі аднаўляльная, бо яе працэнт пакуль досыць невялікі, колькі атамная. У тым ліку гэта, па словах дырэктара Інстытута энергетыкі НАН Антона Брыня, таксама рашэнне праблемы дыверсіфікацыі энергетыкі, якая пакуль на 96% складаецца з газу:

— Галоўны параметр на сёння — дыверсіфікацыя. Трэба пазбаўляцца ад газавай залежнасці, таму ў тым ліку развіццё ўзнаўляльных крынiц энергii — кірунак актуальны. Таксама як і пераход на атамную энергетыку. Спажыванне электраэнергіі ў нашай краіне — 36 мільярдаў кВт/гадзін. Яно падае з кожным годам. А па планах, калі ўвядуць два блокі АЭС, уклад у выпрацоўку электраэнергіі будзе 18 млрд кВт/гадзін, або палова ад нашай патрэбнасці.

Свой уклад у гэтую няпростую працу ўнясуць «зялёныя» гарады. Выканаць парытэт паміж эканомікай і экалогіяй магчыма, хоць і няпроста, перакананы Сяргей Лейчaнка.

— Як правіла, каб нешта атрымаць, трэба нешта аддаць. Але спрабаваць выконваць парытэт трэба. Нельга, напрыклад, каб аўтамабілісты атрымалі нешта на шкоду пешаходам, ці наадварот. Усе павінны атрымаць і правы, і абавязкі. Сёння Полацк і Наваполацк лідзіруюць па выкідах СО2. Каму, як не нам, быць зацікаўленымі ў тым, каб гэтыя выхлапы памяншалiся?

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Аляксандр Хiжняк, дырэктар «БелнiiПгорадабудаўнiцтва»:


— Любы горадабудаўнічы праект, у прыватнасці генплан, разглядае тэрыторыю не толькі з пункта гледжання геалогіі, архітэктуры, транспарту, але і з пункта гледжання экалогіі, ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый. Прымаюцца меры ў тым ліку і па захаванні зялёных насаджэнняў. Як горадабудаўнікі мы зараз робім упор на навядзенне парадку ў санітарна-ахоўных зонах, абарону ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый ад забудовы. Гэта і стратэгічная экалагічная ацэнка, якая зараз укараняецца ў нашай краіне. Вопыту пакуль у нас няма, таму будзе рэалізавана некалькі праектаў, на якіх мы будзем гэта апрабаваць. Будуць створаны схемы азелянення тэрыторый населеных пунктаў, якія ў адпаведным законе ў нас прапісаныя. Якімі яны будуць? У нас ёсць вопыт савецкіх часоў, але гэта крыху не тое. Наша прадпрыемства распрацавала метадалогію, як мы гэта будзем рабіць. Плануем, што ў канцы гэтага года — пачатку наступнага будзем выходзіць на дзяржаўныя экспертызы з гэтымі схемамі. Гэта будуць Віцебск, Салігорск, Слуцк, Жодзіна, Брэст. Першыя праекты. Мэта — адпрацаваць усе праблемныя кропкі з максімальным упорам на захаванне зялёных насаджэнняў. Вядома, трэба ўлічваць спецыфіку кожнага горада. I памятаць, што не ўсе зялёнае — гэта лес, не ўсе зялёнае — ландшафт. Ёсць іншыя тэрыторыі, якія, наадварот, трэба азеляняць. Ёсць разлікі забяспечанасці зялёнымі насаджэннямі на кожнага жыхара. I гэта трэба выконваць.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?