Наша карэспандэнт убірала збожжа разам з сямейным экіпажам камбайнераў на Магiлёўшчыне

Гарачы хлеб

Калі звычайны тэрмометр паказвае плюс дваццаць пяць, то на жніве гэты градус можна смела памнажаць на два. Нічога дзіўнага: уборачная кампанія ў прамым і пераносным сэнсе — пара ну вельмі гарачая. Хлеб ніколі не даваўся проста так: аграрыі ведаюць, колькі ён каштуе на самай справе. Наш карэспандэнт выехала ў поле філіяла «Сервалюкс Агра» Магілёўскага раёна і пераканалася: у мясцовых хлебаробаў зараз кожная пагодлiвая хвіліна на асаблівым уліку. Бо яна набліжае сялян да галоўнай мэты: убраць ураджай у поўным аб’ёме і ў самы аптымальны тэрмін.


Для старэйшага камбайнера Аляксандра Мая сёлетняе жніво — дваццаць трэцяе па ліку. Як заўсёды, у сезон ён паспеў загарэць так, што турыстам на берагах паўднёвых мораў і не снілася. Механізатар прызнае:

— Быць за штурвалам камбайна ўвесь светлавы дзень нялёгка. Аднак іншы рэжым не ўстановіш: хлеб не будзе чакаць, пакуль мы адпачнём. Так што водпуск па традыцыі будзем браць недзе восенню. 

Вось ужо другі год, як яго экіпаж стаў сямейным: на вахту ра_ зам з бацькам заступіў сын Павел. Працу механізатара хлопец асвоіў яшчэ ў Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя Арлоўскага. Аднак і практычныя парады бацькі аказаліся не лішнімі. Зараз яны разумеюць адзін аднаго амаль без слоў. Наогул, на доўгія і не вельмі размовы часу цяпер няма. «Дадому, — не скрывае Аляксандр, — вяртаемся апоўначы. А ў шэсць гадзін раніцы зноў за штурвалам». 

Працуюць Аляксандр і Павел Май на камбайне «Палессе», якому восем гадоў. Аб надзейнасці тэхнікі ў першую чаргу клапоцяцца самі. Пасля доўгай працоўнай змены пераглядаюць асноўныя вузлы і дэталі, каб быць упэўненымі, што новы дзень не прынясе нежаданых сюрпрызаў. Акрамя таго, за кожным з камбайнаў, што шчыруюць на палях «Сервалюкс Агра», замацаваны і слесары. Таму, зазначыла прафсаюзны лідар гаспадаркі Марыя Старасотнікава, яны і працуюць без збояў. Кіраўніцтва філіяла таксама клапоціцца і аб тым, каб хлебаробы былі сытыя. Гара_ чыя абеды на палеткі дастаўляюць два разы на дзень, прычым больш як палову іх кошту кампенсуе гаспа_ дарка. «Баявы дух» саміх механізатараў падтрымлівае і тра_ дыцыйнае спаборніцтва. Сцягі ў гонар перадавікоў паднімаюцца кожны дзень. Марыя Мікалаеўна кажа: 

— Не раз такім чынам мы ўшаноўвалі экіпаж Мая. Ёсць і другія лідары, у тым ліку наш тысячнік Андрэй Чулкоў. 

Аляксандр і Павел таксама за адзiн крок ад статусу тысячнікаў. Наогул, у іх актыве шмат узнагарод — ад кіраўніцтва гаспадаркі, раёна. Дарэчы, у філіяле «Сервалюкс Агра» ёсць і іншыя добрыя работнікі, якія носяць прозвішча Май. У гэтым спісе другі сын Аляксандра — Вячаслаў. Ён заняты ў будаўнічым цэху. Яшчэ родны брат Сяргей, які працуе кіроўцам на адвозе зерня. «Старэйшае пакаленне гэтай сям’і таксама працавала ў сельскай гаспадарцы, — падзялілася Марыя Старасотнікава. — І паказвала сваім дзецям і ўнукам прыклад таго, як трэба адносіцца да справы. Дарэчы, працы Маі ніякай не баяцца. Аляксандр і яго брат, для прыкладу, сваімі рукамі пабудавалі сабе дамы ў вёсцы Залессе, дзе зараз з сем’ямі і жывуць». 


Маштабы сёлетняга жніва ў філіяле вялікія. Толькі пшаніцы — азімай і яравой — трэба ўбраць каля дзвюх з паловай тысяч гек_ тараў. Узятыя тэмпы ўжо дазволілі засыпаць у засекі каля чвэрці вы_ рашчанага хлеба. Сама гаспадар_ ка разам з «Зарой», «Цішоўкай», «Усходам» — у спісе лідараў убо_ рачнай кампаніі Магілёўскага раёна. Разлiкi на ўраджай даволі добрыя: у сярэднім па раёне ат_ рымліваецца каля 36 цэнтнераў з гектара. Пакуль гэта папярэднія даныя, і лічба можа змяніцца, прычым у бок павелічэння. Начальнік аддзела камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская задаволеная ходам уборачнай: 

— Жніво ў Магілёўскай вобласці ідзе ў добрым тэмпе. Надзвычайных сітуацый, збояў у працы няма. Спадзяёмся, што і надвор’е нам таксама паспрыяе. Усяго з палеткаў вобласці ўбралі пятую частку хлеба. А паўднёвыя раёны, дзе кампанія пачалася раней, і больш. Кіраўскія хлебаробы, напрыклад, пераадолелі планку ў сорак працэнтаў. І бабруйскія аграрыі ўбралі амаль такую ж колькасць хлеба. 

Ураджайнасць у вобласці лепшая, чым у мінулым годзе: у сярэднім атрымліваецца звыш 34 цэнтнераў з гектара. Пакуль раёнрэкардсмен — Шклоўскі. Паказчык мясцовых аграрыяў у 52,5 цэнтнера з гектара да гэтага часу яшчэ ніхто не пераадолеў. Аднак ёсць падстава для гонару і ў хлебаробаў Круглянскага, Горацкага раёнаў. У іх паказчыкі па ўраджайнасці адпаведна звыш 44 і 41 цэнтнера з гектара. 

svet.markova@gmail.com 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: