«Гапак, полька, казацкія танцы – у іх ёсць выразны мужчынскі пачатак»

Брастаўчанін Ігар КАЛЯДА пачаў займацца танцамі, калі яму было сем гадоў. З таго часу прайшло амаль тры дзесяцігоддзі, і сёння Ігар да глыбіні душы ўдзячны Валянціне Мікалаеўне Верамяюк — сваёй першай настаўніцы ў цудоўным мастацтве танца, якое стала для яго сэнсам жыцця. Нядаўна ў складзе народнага заслужанага аматарскага калектыву “Ансамбль танца “Радасць” Ігар выступаў у Кітаі. На працягу дзесяці дзён славуты берасцейскі калектыў быў удзельнікам выставы “Экспа-2010”, якая праходзіць у Шанхаі. На ёй свае культурныя адметнасці дэманструюць амаль 200 краін свету, і Рэспубліка Беларусь на выставе прадстаўлена ў асобным павільёне. Аб тым, як захапленне народнымі танцамі прывяло звычайнага брэсцкага хлопца на сцэнічныя пляцоўкі роднай Беларусі, а потым Францыі, Германіі, Іспаніі, Грэцыі, Канады, ЗША, Кітая і іншых краін, ён ахвотна пагадзіўся расказаць чытачам “Белорусской нивы”.

У Шанхаі разам з «Радасцю» Ігар КАЛЯДА выступаў у беларускім павільёне на сцэне, якая нагадвала птушынае гняздо.

Брастаўчанін Ігар КАЛЯДА пачаў займацца танцамі, калі яму было сем гадоў. З таго часу прайшло амаль тры дзесяцігоддзі, і сёння Ігар да глыбіні душы ўдзячны Валянціне Мікалаеўне Верамяюк — сваёй першай настаўніцы ў цудоўным мастацтве танца, якое стала для яго сэнсам жыцця. Нядаўна ў складзе народнага заслужанага аматарскага калектыву “Ансамбль танца “Радасць” Ігар выступаў у Кітаі. На працягу дзесяці дзён славуты берасцейскі калектыў быў удзельнікам выставы “Экспа-2010”, якая праходзіць у Шанхаі. На ёй свае культурныя адметнасці дэманструюць амаль 200 краін свету, і Рэспубліка Беларусь на выставе прадстаўлена ў асобным павільёне. Аб тым, як захапленне народнымі танцамі прывяло звычайнага брэсцкага хлопца на сцэнічныя пляцоўкі роднай Беларусі, а потым Францыі, Германіі, Іспаніі, Грэцыі, Канады, ЗША, Кітая і іншых краін, ён ахвотна пагадзіўся расказаць чытачам “Белорусской нивы”.

— Ігар, адкуль такі жыццёвы выбар — народныя танцы?

— Гэтае захапленне пачалося з малодшых класаў сярэдняй школы № 5 у горадзе над Бугам, дзе мне пашчасціла вучыцца. У танцавальны гурток запісаўся хутчэй гледзячы на сяброў, чым па ўласным жаданні. Шчыра кажучы, не думаў, што закахаюся ў танцы. Але склалася так, што і сёння не ўяўляю свайго жыцця без іх. За гэта я ўдзячны цудоўным людзям, якія сустракаліся на маім шляху: ганароваму настаўніку Беларусі Валянціне Мікалаеўне Верамяюк, балетмайстру народнага ансамбля песні і танца “Брастаўчанка” Леаніду Барысавічу Фейгіну, мастацкаму кіраўніку аматарскага ансамбля “Радасць” народнаму артысту Рэспублікі Беларусь Анатолю Міхайлавічу Вараб’ёву і многім іншым.

— Ты прыгадаў назвы некалькіх вядомых як у Беларусі, так і за яе межамі калектываў. Напэўна, твой лёс так ці інакш звязаны з імі?

— Першы сур’ёзны крок у харэаграфію я зрабіў у дзіцячым народным ансамблі песні і танца “Прыбужжа”, які быў гонарам нашай школы (цепер — гімназіі), пра якую я ўжо згадваў. Безумоўна, трэба было пастаяць ля станка, выконваць шматлікія практыкаванні, выпрацаваць пластыку рухаў. Пасля пачалі браць на выступленні, давяраючы ўсё болей адказныя ролі. Ансамбль “Прыбужжа” стаў для мяне сур’ёзнай школай у абраным занятку. Заканчваючы адзінаццацігодку, я ўжо разумеў, што буду далей танцаваць. Зрэшты, так і сталася. Калі вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна на біялагічным факультэце (спецыяльнасць, як бачыце, выбраў далёкую ад свайго захаплення), пачаў выступаць у ансамблі “Брастаўчанка”. Паралельна працаваў выкладчыкам у сваёй былой школе. Вучыў дзяцей таму, чаму калісьці навучалі мяне, — танцам. Ну а потым засталася толькі “Брастаўчанка”. З ёй я не разлучаўся 12 гадоў. Мы многа выступалі як у сваёй краіне, так і за мяжой.

— У апошні час ты танцуеш у “Радасці”. Што падштурхнула перайсці ў новы калектыў?

— Пошук іншых формаў самавыражэння — так бы я гэта акрэсліў. Калі было прынята рашэнне, якое далося мне вельмі няпроста, за плячыма засталося 30 гадоў жыцця. Большасць хлопцаў і дзяўчат, з якімі выступаў у “Брастаўчанцы”, пакінулі яе. Увогуле перасталі танцаваць. Падумваў завязаць з гэтым заняткам і я. Складана было сумяшчаць рэпетыцыі, паездкі з працай і сям’ёй. Ды і дзеля таго, каб заставацца ў форме, на чацвёртым дзесятку жыцця намаганняў даводзілася прыкладаць куды больш, чым у 17—20 гадоў. Здавалася, увесь мой рэсурс ужо вычарпаны. Але калі апынуўся ў “Радасці”, зразумеў, што гэта не так. Самабытны аматарскі ансамбль (ніколькі не хачу прынізіць адметнасць “Брастаўчанкі”) нібы падарыў мне другое дыханне, свежыя пачуцці, эмоцыі, надзеі.

— Цяжка было прызвычайвацца да новага калектыву?

— Не надта. Прыйшоўшы сюды, я ведаў, што самы старэйшы па ўзросце сярод танцораў. І зразумеў: трэба працаваць удвая, утрая больш за малодшых калег, каб быць у падобнай да іх форме. Дарэчы, была яшчэ адна прычына, якая не давала мне маральнага права працаваць у паўсілы. Калісьці ў школе я навучаў мастацтву танца хлопцаў, што зараз стаялі са мной побач на сцэне. Для Дзмітрыя Дымара, Сяргея Кунца, свайго малодшага брата Антона і іншых юнакоў настаўнікам я і заставаўся. Усё атрымалася. Сёння мне хочацца працягваць справу, без якой не ўяўляю сябе.

— Чым адрозніваецца рэпертуар “Радасці”?

— Разнастайнасцю, шматграннасцю. Ён задаволіць усе густы. Мы выконваем танцы народаў, што пражываюць на Брэстчыне: беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў… У кожнага з танцаў ёсць свае адметнасці, якія наш калектыў імкнецца данесці да гледача.

— А якія танцы найбольш падабаюцца асабіста табе?

— Хуткія, рытмічныя, імклівыя. Такія, напрыклад, як гапак, полька, казацкія танцы. У іх ёсць выразны мужчынскі пачатак, да таго ж прысутнічае гульнявы момант. Іншымі словамі, рухамі рук, мімікай і іншымі сродкамі можна перадаць характар персанажа, асобу якога, выходзячы на сцэну, трэба раскрыць.

— Табе, Ігар, даводзіцца многа выступаць, выязджаць з ансамблем на замежныя гастролі. Як удаецца сумяшчаць працу і любімы занятак? А галоўнае — што на гэта кажа сям’я?

— І дома, і на рабоце да маёй “слабасці” ставяцца цярпліва. Кіраўніцтва брэсцкай фірмы “Прадтавары”, дзе я працую спецыялістам склада, на гастролі адпускае. Да таго ж, калі мы выступаем на рэспубліканкіх, абласных “Дажынках”, Днях культуры вобласці і іншых імпрэзах, дзе бывае маё вышэйшае начальства, даводзіцца чуць нямала цёплых водгукаў. Што да сям’і, жонка даўно прызвычаілася да маіх працяглых камандзіровак. У такі час клопат аб выхаванні дзяцей — дзесяцігадовага Глеба і ўдвая малодшай Паліны — яна бярэ на сябе. Дарэчы, сын пайшоў па маіх слядах, ужо на працягу некалькіх гадоў займаецца ў харэаграфічным гуртку — тым самым, які калісьці наведваў я. Бясконца ўдзячны сваёй любай за цярплівасць і разуменне.

— У якіх краінах ты пабываў і дзе было найбольш цікава?

— Кожная паездка нечым адметная. Скажам, калі выступаў у “Брастаўчанцы”, падабалася бываць у Германіі. Першае выступленне ансамбля атрымалася вельмі ўдалым, і нас туды часта запрашалі. Запомніліся канцэрты ў Францыі, Іспаніі, Грэцыі. Там наша мастацтва цанілі высока, амаль заўсёды былі аншлагі.

— А з пераходам у “Радасць” геаграфія падарожжаў пашырылася?

— Так. Мы выступалі ў Славакіі, Канадзе, ЗША, нядаўна вярнуліся з Кітая. У Злучаных Штатах, напрыклад, ансамбль быў запрошаны на міжнародны фестываль, які праходзіў у штаце Паўночная Караліна. Мы аб’ехалі ўсю яго заходнюю ўскраіну. На канцэрты прыходзіла як славянская, так і амерыканская публіка. А ў адным невялікім мястэчку давялося сустрэць земляка, блізкага знаёмага, які некалі таксама выступаў у ансамблі “Радасць”. Ён праехаў сотні кіламетраў, каб трапіць на наш канцэрт, ну і, вядома, ад душы пагутарыць з сябрамі. Не цяжка ўявіць, як арганізатары фестывалю разрэкламавалі наша выступленне, калі людзі ехалі здалёк.

— Шанхай таксама прыемна ўразіў?

— Дзесяць дзён, якія нібы ў адно імгненне праляцелі, застануцца ў памяці на ўсё жыццё. Мы выступалі ў беларускім павільёне на сцэне, што нагадвала сабой птушынае гняздо. “Радасць” стала першым з айчынных ансамбляў, які прыехаў на выставу. Кожны дзень давалі канцэрты, нязначна мяняючы рэпертуар, і пляцоўка ля нашай сцэны ніколі не пуставала. Болей таго, былі такія гледачы — у асноўным кітайцы, што прыходзілі паглядзець на нашы канцэрты амаль штодня. Мы іх лёгка пазнавалі, а яны нам не шкадавалі апладысментаў. Калі прыйшла пара ад’язджаць, да нашага мастацкага кіраўніка Анатоля Вараб’ёва падыходзіў пасол Рэспублікі Беларусь у Кітаі Анатоль Тозік і прапаноўваў застацца яшчэ на дэкаду. Маўляў, мясцовая публіка не супраць.

— З якімі думкамі, уражаннямі ты вяртаешся дадому з падобных паездак?

— Найперш — з вялікім гонарам за наш народ, з пачуццём таго, што быць беларусам — і прыемна, і пачэсна. Нас паважаюць, наша мастацтва прызнаюць у свеце, з намі лічацца. Бо мы нікога не падманулі, не падвялі. Да ўсіх — са шчырай душой. Гэта цэніцца асабліва.

— Ігар, у аматарскім ансамблі няма ніякай матэрыяльнай карысці. За кошт чаго, на твой погляд, ён збліжае людзей, яднае іх?

— Тут усе робяць адну вялікую справу: дораць іншым цудоўны настрой, захоўваюць і памнажаюць нашу культуру, нашы традыцыі. Мы адчуваем значную дапамогу з боку абласной улады і асабіста старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Без гэтага многія мары не здзейсніліся б, а праекты не рэалізаваліся. Хутка плануецца паездка ў Італію, і ўжо ідуць рэпетыцыі, вядзецца падрыхтоўка. Ну і, безумоўна, адбудуцца канцэрты ў абласным цэнтры, на Брэстчыне. Так што радаваць будзем і надалей.

Гутарыў Аляксандр КУРЭЦ, “БН”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter