Ганулька, Ганулька…

З маленькага гарадка на  поўначы Беларусi Васiль вярнуўся не стомленым — спустошаным, да ўсяго i ўсiх абыякавым. З калегамi амаль не размаўляў, на камп’ютэр забыўся — марнаваў час, палiў, бяздумна гледзячы ў акно, цыгарэту за цыгарэтай...

З маленькага гарадка на  поўначы Беларусi Васiль вярнуўся не стомленым — спустошаным, да ўсяго i ўсiх абыякавым. З калегамi амаль не размаўляў, на камп’ютэр забыўся — марнаваў час, палiў, бяздумна гледзячы ў акно, цыгарэту за цыгарэтай. Дома праз сiлу вячэраў, клаўся на канапу i гэтак жа бяздумна, нi на чым не засяроджваючыся, вандраваў па тэлевiзiйных каналах. На адным з iх зусiм выпадкова i пачуў той самы выраз, якi ўсяго яго лiтаральна працяў.

— Нельга вяртацца ў гарады, у якiх ты калiсьцi быў шчаслiвы, — працытаваў вядомага пiсьменнiка нехта на экране. 

— Нельга, — адазваўся Васiль з канапы i скрушна ўздыхнуў. — А я вярнуўся... 

Раённая камiсiя, якая прыехала ў гэтую вёску, каб даць добрых прачуханцаў тым, хто ўжо чалавечае аблiчча згубiў, i асаблiва бацькам, якiм пляшка альбо чарка якога-небудзь брыдкага пойла даражэй за ўласных дзяцей стала, працавала трэцюю гадзiну. Усе ўжо прызвычаiлiся, як гэта нi дзiўна гучыць, да таго чалавечага гора, якога тут назбiралася на  добры воз i абярэмак. Знiкла адчуванне вастрынi, у блакноце курыным яго почыркам было многа ўсяго горкага, цяжкага i страшнага занатавана. 

— Ганна Лазука! — гучна выклiкнула сакратарка чарговае прозвiшча. 

Калi б ён толькi што не пачуў жаночае iмя, нiколi б не здагадаўся, што iстота, якая ўзнiкла на парозе, — жанчына. Ушчэнт, да бляску зашмальцаваная фуфайка, ад якой смярдзела, як ад памыйнага ката. Твар — азызлы, скамечаны нейкi, на якiм назаўсёды засталiся знакi ад незлiчонай процьмы выпiтых бутэлек i шклянак. Вочы —  глыбока схаваныя, абыякавыя i нахабныя адначасова. Бо (дзе, скажыце, што бярэцца) таму, як яна на ўсiх з пагардай такой глянула, i англiйская каралева пазайздросцiла б. 

Самае дзiўнае, што нахабны гэты позiрк спынiўся без дай- прычыны на... iм, бляклыя вочы iстоты на iмгненне блiснулi чысцейшага колеру блакiтам, i ў пакоi прагучала: 

— О, я маю гонар бачыць вядомага шакала пяра, журналюгу ўсiх часоў i народаў Васiля Варанецкага! Што, Васючок, на тэмы маралi пiсаць будзеш? 

Мала таго, што з’едлiвыя гэтыя словы абрынулiся на яго, як доўбня на галаву, але такога, слоў такiх, тут проста не магло быць. Бо вось так, Васючком, яго называў, i было гэта даўно, толькi адзiн чалавек. Яго Ганулька... Ганулька? 

...Яе з’яўленне ў рэдакцыi раёнкi, дзе ён праходзiў летнюю студэнцкую практыку, было падобна на выбух, навальнiцу, тарнада, цунамi i нясцерпна зiхоткi сонечны зайчык адначасова. Сцены пакойчыка, дзе за падрапанымi крываногiмi сталамi сядзелi ён i два дзяды-пенсiянеры, неахайна аклееныя зашмальцаванымi шпалерамi, здаецца, падалiся ў бакi, парэпаная, калiсьцi белая столь паднялася высока ўгору, калi тут з’явiлася дзяўчо такой прыгажосцi, што ў яго дух заняло. Невысокая, чарнявая, як цыганачка, але з яркiмi блакiтнымi вачыма, яна да краёў была налiта пругкай дзявочай сiлай, якую мiнi-спаднiчка i лёгкая напаўпразрыстая кашулька i падкрэслiвалi, i, як яму чамусьцi падумалася, ледзьве стрымлiвалi. Яна, на хвiлiну лiтаральна затрымаўшыся на парозе, спрытна скокнула на... каленi аднаму з яго калег. 

— Трафiмавiч, нягоднiк, ты, кажуць, без мяне заляцаўся да ўсiх, а я, гаротнiца, кожны дзень цябе ўспамiнала, слязамi сыходзiла. Ведаеш, як я цябе кахаю! — дзяўчо шчыра, з пачуццём цмокнула старога ў лысiну. 

— Ганна, кыш! Бач ты, распусцiлася на дзядоўскую пугу, — стары пагрозлiва ссунуў сiвыя касматыя бровы, але, бачна было, такая мiзансцэна прыйшлася яму даспадобы.

Такая была яна, Ганна, Ганначка, Ганулька, Ганэта, — прыгажуня, гарэза, рагатуха, рызыкантка. Родам з недалёкай ад райцэнтра вёскi, допiсы ў газету слала, яшчэ калi ў школе вучылася, з раёнкi, супрацоўнiкi якой, у тым лiку i мае дзяды, яе любiлi i даравалi ўсялякiя свавольствы, брала рэкамендацыю на факультэт журналiстыкi. Дзiўна, але ён i не ведаў, што вучыцца Ганулька ўсяго на два курсы нiжэй. А калi б i ведаў, што з таго? А нiчога, бо прыгажуня не звяртала на яго абсалютна нiякай увагi — з дзядамi сакатала, лашчылася да iх, падкiпвала, пра свае прыгоды на танцах распавядала. На яго — нуль увагi, быццам няма яго тут увогуле. Васiль хоць i крыўдаваў на такое, але добра разумеў, што ён, нязграбны, цыбаты, у дубэльтах з моцнымi шкельцамi, якiя чамусьцi заўжды пацелi, варта яму было глянуць на дзяўчыну, анiякага iнтарэсу для яе мець не можа. Проста не можа, i ўсё. 

Таму яго ледзьве паляруш не хапiў, калi на адной, як пазней сталi гаварыць, карпаратыўнай вечарынцы, што была з нейкай нагоды наладжана, Ганулька падышла да яго i... запрасiла патанцаваць. 

— Што ж ты, Васючок, такое цялё, што ж ты такi нявывалак, —  прашаптала раптам яна i так да яго прыцiснулася ўсiм сваiм маладым гарачым целам, што ў Васiля аж дух заняло... 

Гэты самы дух у яго займала цэлыя два наступныя тыднi. I ўвесь гэты час Васiль нiяк не мог паверыць, што гэта яму прыгажуня Ганулька дорыць сваё цяпло i ласку, з iм сустракае свiтанкi, з iм блукае цёплымi летнiмi начамi па росных лугах, з iм купаецца ў начным возеры, яму аднаму шэпча тыя словы, ад якiх сэрца гатова спынiцца, але чамусьцi не спыняецца, а яшчэ шпарчэй гонiць па жылах гарачую кроў, якая зноў i зноў закiпае ад кожнага погляду, кожнага дотыку яго Ганулькi, яго ластаўкi. 

— Васючок, каханенькi, я на выхадныя ў вёску паеду да брата на вяселле, дык ты не сумуй i... — Ганулька пагрозлiва i так неяк смешна нахмурыла бровы, што рот у Васiля сам па сабе расцягнуўся да вушэй, — паспрабуй толькi да каго заляцацца, я табе вочы выдзеру i ўсё на свеце паадрываю. 

Калi ў панядзелак Ганулька не з’явiлася ў рэдакцыi, Васiль хоць i сумаваў без яе страшна, але нiчога кепскага не думаў — засталася, можа, бацькам дапамагчы, прыбрацца там. У аўторак, калi яе зноў не было, увесь дзень праседзеў як на iголках, але бацькам яе не званiў. Пазванiў у сераду. 

— Анька? Дык яна, напэўна, ужо ў гэтым, як яго, Ландоне. Цi Парыжы, — пачуўся ў трубцы нечы п’янаваты голас. 

— Што ты, чалавеча, вярзеш, ёсць там увогуле хто цвярозы? — ускiпеў Васiль.   

Ганульчына мацi, якая ўзяла трубку, расказала яму, што акурат на тыя самыя выхадныя прыехаў у вёску iх зямляк i прасiў дачку выйсцi за яго — маладому афiцэру свяцiла пасада ледзьве не ваеннага аташэ ў амбасадзе, але, каб заняць яе, абавязкова трэба было быць жанатым. Ганулька, якая хлопца таго крыху ведала, згадзiлася, яны тэрмiнова распiсалiся ў сельсавеце i, не марудзячы, падалiся ў Маскву, а адтуль... 

Ва унiверсiтэт Васiль не вярнуўся. Два гады глушыў тугу па Ганульцы ў вiску бензапiлы “Дружба” ў сiбiрскай тайзе, спiртам i смярдзючай маржацiнай, калi жыў разам з абарыгенамi на Чукотцы, хацеў, былi i такiя моманты, каб з борта нехлямяжага траўлера яго змыла акiянская хваля, калi быў рыбаком на Курылах. Можа, i больш вандраваў бы, але з дому напiсалi, што з бацькамi дрэнна, ды i  Ганулька, успамiны пра першае i горкае, як палын, каханне ўжо не так вярэдзiлi душу. Адбалела. 

Яшчэ гадоў праз пяць, калi Васiль, усё ж скончыўшы унiверсiтэт, працаваў у сталiчнай газеце, у яго кабiнеце зазванiў тэлефон. Ён падняў трубку i пачуў: 

— Васючок, гэта я. 

У нумар гатэля, дзе яна спынiлася, ён iшоў з цвёрдым намерам сказаць Ганульцы ўсё, што пра яе думае. З пагардай такой сказаць i дзвярыма ляснуць на развiтанне. Хацеў, а не змог. Яе ўбачыў. Увагi на тое, што выглядала яна ў шыкоўных замежных строях не раўнуючы як тая фотамадэль, не звярнуў — пiльна ўглядваўся ў дагледжаны твар i шукаў у iм прыкметы той, сваёй Ганулькi. Знайшоў i, калi яна са слязьмi на вачах кiнулася да яго ў абдымкi, ледзьве змог выдыхнуць. 

Потым, калi адзiн адным наталiлiся, яна цiха плакала ў яго на плячы. 

— Васючок, ты ж ведаеш — я цябе аднаго кахала, першы ты ў мяне быў. Але ж падумай, што мяне, нас з табой чакала? Сям’ю заводзiць, а жыць дзе i на што — кумпякi ды яйкi ад бацькоў цягаць? А тут Пятро са сваёй прапановай. Ну i закружылася галоўка ў вясковай дзяўчынкi... Я табе знаку не дала, бо рашыла ўсё разам адрэзаць. Калi можаш, даруй. 

Праз пяць дзён, якiя праляцелi як iмгненне, Васiль развiтаўся з ёй на вакзале i болей пра сваю Ганульку нiчога не чуў, нiколi больш не бачыў. I не спадзяваўся ўбачыць, ды вось... 

Ён стаяў на ганку сельсавета, прыпальваў адну ад адной цыгарэты i нiяк не мог паверыць у тое, што тут адбылося. Побач гаманiлi, кожны пра сваё, людзi, а ён шукаў у гэтым натоўпе тую, цяперашнюю Ганульку, ды нешта не знаходзiў. 

—Васючок, — аднекуль ззаду сцебануў, як бiзун па напятых нервах, хрыплы пракураны голас. — Чаго гэта ты ад мяне хаваешся? Сорамна табе за мяне? 

Людзi, асаблiва чыноўнiкi, з якiмi ён прыехаў, як адзiн навастрылi вушы — адбывалася нешта такое, пра што потым доўга будуць гаварыць, успамiнаць, кожны на свой капыл перайначваць. Ганулька, а яна, здаецца, ужо паспела недзе ўхапiць шклянку-другую нейкага паскудства, глядзела на яго амаль што з нянавiсцю. 

— А ты ведаеш, чаму я да такога дажылася, ты ведаеш, чаму мне жыць не хочацца, калi i чаго маё жыццё скончылася? Дык ведай, я памерла тады, калi памерла дачушка. Наша з табой дачушка, — выдыхнула яна  Васiлю прама ў вочы i, убачыўшы, што ён нiчога не можа ўцямiць, дабiла: — Тая дачушка, якую я ад цябе з Мiнска павезла. Што, можа, i гэтага не памятаеш? 

Васiль унурыў галаву ў плечы i не ведаў, што адказаць. Ганульцы, здаецца, словы яго былi без патрэбы. Працягнула  руку i загадала: 

—Дай хоць грошай крыху. Дачку нашу памяну, сёння дзень яе смерцi. 

Васiль таропка выграб з партаманета ўсё, што там было, аддаў Ганульцы, глянуў ёй у вочы i пайшоў да машыны. 

Вечарам ён  ляжаў у гасцiнiчным нумары i думаў, цi мае ён права жыць i цi варта жыць пасля такога. Цяжка яму было i брыдка, перад вачамi ўзнiкаў Ганульчын вобраз. I той ранейшай, i сенняшняй, у гаротным стане якой, як аказалася, вiнаваты быў i ён. Думкi перапынiў далiкатны стук у дзверы, ён адчынiў iх i ўбачыў  мiлiцэйскага маёра, якi быў з iмi ў той вёсцы, усё чуў i бачыў. 

— Андрэевiч, вы дарма таму, што Лазука пляла, паверылi. Нiколi, чуеце, нiколi, i я гэта, бо служба такая, ведаю абсалютна дакладна, у яе не было дачкi! Два сыны, ужо дарослыя, ёсць. Жывуць з бацькам разам у Маскве, а ён да генерала даслужыўся. Ганна — алкагалiчка, прызвы-
чаiлася да кактэйляў розных, калi за мяжой жылi. Развялiся, мужык ёй пакiнуў добрую кватэру. Яна яе прапiла, вярнулася сюды i зараз прапiвае матчыну пенсiю, цягаецца з такiмi ж выпiвакамi, як сама, — прама з парога выдаў маёр, а потым, гледзячы на разгублены Васiлёў твар, мякка дадаў: — Павер, Андрэевiч, калi ў вас што i было, а яно, вiдаць, было, пра тое Ганна даўно забылася. I грошы тыя яна з вас проста стрэсла, скарысталася такой нагодай. 

Вёску  Васiль знайшоў з першага разу, спытаўся ў нейкай бабулi, дзе хата Лазукаў, пад’ехаў, выйшаў з машыны, пастукаў у дзверы нехлямяжай перакошанай хаткi, пачакаў крыху, узяўся за клямку. Невялiчкi, брудны да немагчымасцi пакойчык асвятлялi толькi водблескi агню з замурзанай грубкi. Святла гэтага Васiлю хапiла, каб угледзець ложак з нейкiм рыззём, захутаўшыся ў якое, нават ватоўку не зняўшы, цяжкiм п’яным сном спала Ганулька... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter