Гандаль — твар горада, лічыў адзін з ранейшых кiраўнiкоў Мінска Міхаіл Паўлаў

Гандаль раскідвае сеткі

Гандаль — твар горада, лічыў адзін з ранейшых кiраўнiкоў Мінска Міхаіл Паўлаў. Як вядома, перш за ўсё на новай пасадзе ён узяўся за крамы, абавязаўшы іх працаваць без абедзеннага перапынку. Так-так, цяпер гэта здаецца неверагодным, а раней сустракалася амаль усюды. У выніку таблічкі «Абед» зніклі за пару тыдняў. З гандлю пачаў свае рэформы і цяперашні старшыня гарвыканкама Андрэй Шорац. 


Гаворка ідзе аб стварэнні камунальнай гандлёвай сеткі. У яе склад могуць увайсці больш за 40 разрозненых дзяржаўных магазінаў і аб’ектаў з дзярждоляй у статутным фондзе фармату «каля дома». У галоўным упраўленні спажывецкага рынку кажуць, што знаходзяцца ў пачатку шляху і разглядаюць розныя варыянты. Які апынецца пераважным, пакажа час. Пакуль жа карціна вымалёўваецца наступная.

Крамы могуць аб’яднацца пад брэндам «Радзівілаўскі»: мабыць, ён самы вядомы сярод дзяржаўных «калег». Астатнія гандлёвыя аб’екты прымераць на сябе не толькі новае імя, але і адзінае кіраванне, таваразабеспячэнне, маркетынгавую стратэгію і гэтак далей. На базе КУП «Холадакамбінат № 1», які, папярэдне, таксама ўвойдзе ў сетку, створаць уласнае аптовае звяно. Не варта забываць і пра тое, што стаўку ў камунальнай сетцы будуць рабіць у першую чаргу на продаж тавараў з паметкай «Зроблена ў Беларусі». А яны часцяком таннейшыя за імпартныя аналагi. У выніку гэта дазволіць паказаць рэальны кошт прадуктаў, сфарміраваць нізкія цэны і прадухіліць магчымыя змовы прыватнікаў. Дарэчы, сёння дзяржаўная доля ў тавараабароце Мінска складае прыкладна 15%.

Ідэю камунальнай сеткі падтрымаў Прэзідэнт, прымаючы з дакладам старшыню Мiнгарвыканкама: «Параўнайце з прыватным гандлем і зробіце выснову. Можна будзе бачыць структуру выдаткаў у гандлі наогул». Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў: з-за прывабных цэн крамы не павінны быць стратнымі.

Шчасліўчыкі, якім свеціць сеткавая будучыня, занялі чакальную пазіцыю. Тым часам невялікія прыватныя крамы горада асцерагаюцца: ці не давядзецца ў хуткім часе «згортваць лавачку»? Дырэктар адной з крам па вуліцы Матусевіча перажывае: і так з-за адкрыцця паблізу гандлёвых аб’ектаў буйных сеткавікоў ён на вачах губляе кліентаў. А тут яшчэ і блізкія суседзі могуць абставіць. Цягацца з камунальнай сеткай малому гандлю складана па цэлым шэрагу прычын.

Некаторыя прадстаўнікі прыватнага сеткавага рытэйла, наадварот, сур’ёзнага канкурэнта ў дзяржгандлі не бачаць. Яны не першы год працуюць на рынку, пакупнікі паспелі вывучыць моцныя і слабыя бакі кожнага, склалі рэйтынг пераваг. А тут прыходзіць нікому не вядомы ігрок, якому спатрэбіцца шмат часу на раскрутку і нават мінімальную пазнавальнасць. Хай уцягваюцца, там відаць будзе... 

Сустаршыня Саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Віктар Маргелаў лічыць, што мінскаму гандлю трэба будзе вырашыць не адну праблему. Для пачатку — кіравання новай вялікай структурай. Бо ў гэтых сарака крамах павінны быць аднолькавыя камп’ютарныя праграмы, агульныя бухгалтэрыя і бізнес-працэсы. Уключаючы адзіную сістэму маркетынгу, мерчандайзінгу, лагістыкі, каб гэтыя гандлёвыя аб’екты злучыліся ў сетку, па якой можна адсачыць, куды перакінуць тавар, калі заказаць новы. Гэта паменшыць сабекошт унутраных выдаткаў, і тады можна будзе збольшага гаварыць аб магчымым зніжэнні коштаў. Наступны момант — закупачная стратэгія: ці зможа новая структура закупляць тавар у вытворцаў па мінімальных цэнах. Без адказаў на гэтыя пытанні палітыка нізкіх цэн можа абярнуцца стратамі. 

А яшчэ трэба будзе прасоўваць навінку ў масы, фарміраваць лаяльнасць да сеткі, ствараць імідж... Пытанняў, якія трэба будзе вырашыць, шмат.

«Таму пакуль ёсць сумненні, што ідэя будзе рэалізавана хутка, — рэзюмуе Віктар Маргелаў. — Хаця, калі ўключыць усе рычагі, дадаць да гэтага жаданне працаваць і адзіную сучасную бізнес-платформу, усё можа атрымацца. Да таго ж у дзяржгандлі горада шмат годных сапернікаў. І калі атрымаецца рэалізаваць усе лепшыя задумкі, гэта будзе на карысць і самой сетцы, і, магчыма, рытэйлу Мінска. Але з пытаннямі трэба разбірацца адразу і толькі потым рабіць гучныя заявы. Проста арганізаваць сетку можна хутка, паспяховую — трэба час. У Мiнгарвыканкаме гэта добра разумеюць».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter