“Ганаруся, што я твой сын, Айчына”

П’янлiвым водарам лiпы поўнiўся, пэўна, i той далёкi лiпень. Толькi наўрад цi на гэта зважалася: натхнёны вызваленнем сталiцы Брэст жыў у прадчуваннi.

Згадвалася яно i ўчора. У тварах тых, хто прыйшоў ускласцi кветкi да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасцi, да абелiска на плошчы Свабоды, пастаўленага ў гонар войскаў Першага Беларускага фронта, якiя “штурмам авалодалi горадам i крэпасцю Брэст, завяршыўшы поўнае вызваленне беларускай зямлi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў”. Тут па традыцыi штогод схiляюць галовы салдаты Вялiкай Айчыннай, прадстаўнiкi ўлады на чале са старшынямi аблвыканкама Канстанцiнам Сумарам i абласнога Савета дэпутатаў Леанiдам Лемяшэўскiм, моладзь, брэстаўчане i госцi.
А напярэдаднi ў горадзе над Бугам урачыстай нотай прагучаў дзевяты абласны фестываль творчасцi ветэранаў вайны i працы “Неспакойныя сэрцы”. Каля двух дзесяткаў мастацкiх калектываў, амаль што паўтысячы чалавек прыехалi з райцэнтраў у Брэст — успомнiць маладосць ды праспяваць пра перажытае — як удзельнiкi брэсцкага хору ветэранаў iмя Мiкалая Шошчыца, калектыву, якому сёлета акурат дваццаць гадоў спаўняецца, разведчыца партызанскага атрада Фаiна Георгiеўна Тронкiна, лётчык-знiшчальнiк Iгар Васiльевiч Марозаў, найстарэйшая, 91-гадовая салiстка гурта Наталля Анцiпаўна Бардышава.
“Ганаруся, што я твой сын, Айчына” — пад такiм дэвiзам свята прайшло ў Маскоўскiм раёне Брэста. Зрэшты, гэтак можна было назваць i ўрачыстыя сходы, i творчыя сустрэчы, i маладзёжныя акцыi, што адбылiся 3 лiпеня ва ўсiх куточках Берасцейшчыны, бо галоўнай дзеючай асобай тут была незалежная наша краiна, грамадзянамi якой мы маем гонар быць.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter