Маладзечна абраны культурнай сталіцай Беларусі 2016 года

Ганаровы тытул — у Маладзечна

Стаць культурнай сталіцай Беларусі 2016 года прэтэндавалі два гарады Мінскай вобласці — Маладзечна і Слуцк. Калегіяльны выбар Міністэрства культуры спынены на першым горадзе. Дарэчы, Маладзечна ўжо трэці год запар падае заяўку на ганаровы тытул.


Нагадаем, у 2010 годзе першай культурнай сталіцай краіны стаў Полацк, затым эстафету прынялі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна. У бягучым годзе такое званне носіць Брэст. У тым, што Маладзечна заслужана тытулаванае, не сумняваецца Людміла Канановіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама: «Першыя згадкі пра горад датуюцца канцом XIV стагоддзя. За гэты доўгі час наш край падарыў краіне многіх знакамітых людзей. І зараз яго жыхары ўсяляк падтрымліваюць багатыя культурныя традыцыі горада».

Людміла Канановіч нагадала, што кожны год у Маладзечне праводзяцца буйныя міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя культурныя акцыі. Так, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які праводзіцца з 1993 года, традыцыйна збірае поўныя залы гледачоў. З нецярпеннем чакаюць і пачатку фестывалю маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля», міжнародных і рэспубліканскіх турніраў па спартыўных танцах «Кубак Маладзечна» і шмат чаго іншага. 

Між іншым, ужо цяпер у горадзе распрацавана шырокая праграма, якая ўключае 145 мерапрыемстваў на будучы год.

У Маладзечанскім райвыканкаме звярнулі ўвагу, што ў горадзе створана добрая культурная інфраструктура, дзе працуюць высокапрафесійныя кадры. Вялікай папулярнасцю карыстаецца летні амфітэатр, разлічаны на 2600 месцаў, таксама працуюць Палац культуры, школа мастацтваў, абласны драмтэатр і тэатр лялек, абласны краязнаўчы музей, публічныя бібліятэкі і іншыя ўстановы культуры і мастацтва. Візітнай карткай Маладзечна стаў і дзяржаўны музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага. 

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter