Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Ганак

Ганак

Даволi складана было так адразу сказаць, хто каго болей дапаўняў: цi ганак стары сад, цi стары сад — крыху падоўжаны, прыбудаваны да тыльнага боку хаты — ганак. Безумоўна, сад быў нашмат большы за абмежаваную прастору ганка. Старыя дрэвы саду, у асноўным яблынi, вольна раскiнулi ва ўсе бакi свае пакручаныя, часам замшэлыя галiны. З усiх бакоў сад абступалi платы, але i яны не маглi спынiць жаданне галiн расцi, цягнуцца, куды iм хочацца, i кiдаць сваё лiсце ды яблыкi ў суседнiя агароды цi ў густыя травы вузенькiх завулкаў. Што датычыцца ганка, то ён, нават калi б хацеў, не мог кудысьцi пасунуцца, памкнуцца. Менавiта тут, на гэтым месцы збудаваў яго чалавек, i стаяць яму тут столькi, колькi наканавана лёсам. Ды ганак зусiм i не жадаў спаборнiчаць з садам наконт таго, хто каго тут дапаўняў. Ён проста меў вялiкую асалоду быць хоць невялiчкай часткай свайго суседа. Столькi пражыўшы разам, яны, пэўна, пачалi разумець адзiн аднаго, размаўляючы на адной мове гукаў i рухаў, зразумелых толькi iм патаемных знакаў. Яны знаходзiлiся ва ўласным свеце, ля сцен цёплай хаткi, у межах адной невялiкай вясковай гаспадаркi.


Але так было не заўсёды. Што тычыцца саду, то ён не мог iснаваць у iншым аблiччы. А вось ганак... Пры другiм збегу акалiчнасцей ён мог стаць не тым, чым стаў. Ён мог быць не ганкам, так-так.

Вось з гэтага моманту майго аповеда хай сабе гучыць цiхая гаворка гаспадынi, якой належаў i гэты стары сад, i ганак, ды i ўсе астатнiя дробныя i буйныя пабудовы, агароды i двор, пакуль яшчэ поўны ўсялякай жывёлiны ды хатняй птушкi.


— Калi па сакрэце, — пачала бабулька Уладзя, — дык толькi мой ганачак ды яшчэ ўспамiны пра майго Сцяпанку падтрымлiваюць мяне на гэтым свеце. I не глядзi, што мне гадкоў столькi. Нешта тут старая выдумляе, думаеш. Памяць у мяне яшчэ — пахвалiцца можна. Злiчу, што мне патрэбна, без анiякай дапамогi. Чытаю хоць патроху, але без акуляраў. Вось толькi рука правая не трымае, што ў яе вазьму. Але ж левая ёсць. Усё, што неабходна, — ёю…

Дык мы пра ганак. I сапраўды, ён мог быць верандай. Мой Сцяпанка пачаў яго будаваць менавiта як веранду. Падмурак моцны. Камянi з поля збiраў, на возе пасля працы прывозiў. Пад ганкам, паглядзiш потым, адтулiна ёсць, туды, углыб. Для сабакi, ну, як будка, разумееш? Потым падлога пайшла. Дошкi тоўстыя — мо на мае пальцы тры. I сёння не рыпяць. Толькi вось ля парога прасела адна нешта, прагнулася цi што. Вядома ж, снег, бывае, цi дождж сюды зацякае. Потым слупы пайшлi. На iх i дах, пад стрэшку хаты. Усё як належыць. Ад падлогi памiж слупамi дошкамi шчыльна абабiта. Я, памятаю, кiравала, каб невысока…


Як ведаў мой любы, спяшаўся… Бо неўзабаве грымнула яна, вайна, значыць, праклятушчая, каб яе немач. На тым будоўля веранды i прыпынiлася. Абяцаў, сэрцайка, як вернецца — дык за яе адразу возьмецца. А выйшла бач як…

Маўчанне цягнулася мо хвiлiну, не болей. Я больш пiльна разгледзеў старую Уладзю, якая, як падалося, каб супакоiць сябе, каб не заплакаць, пачала дробненька перабiраць маленечкiмi пальцамi вышыты сцiплымi кветачкамi старэнькi фартух. Ледзь прыкметна кiвала галавой, прыжмурыўшы вочы, ды глядзела ў глыбiню саду, а мо i нашмат далей. Здавалася, у гэты момант яна размаўляла з некiм, лёгка пераадольваючы час i адлегласць.

— Два гады, мо трохi болей, — працягвала бабулька, — веранда так i стаяла недаробленая. Усё чакала, як i я… А я i цяпер чакаю. Гэта, ведаеш, маё права, тут мне нiхто не перашкодзiць. I няхай сабе лiчаць мяне… гэта ўжо iх права. Ну дык вось. Урэшце вырашыла давесцi справу, як планавалася. Нават рамы са шклом замовiла, iх зрабiлi i ў двор прывезлi. I ў тую ж ноч сон такi. Як быццам сядзiм мы са Сцяпанкам удваiх, як быццам ён мяне i не пакiдаў. Сядзiм тут вось, як мы цяпер, i моўчкi глядзiм у сад. Нам неверагодна добра, утульна, толькi мы i вакол сад у квеценi, у паветры спевы птушак i… фарбы, як быццам вясёлка вакол нас…

Ведаеш, назаўтра прадала я тыя рамы. Яны i цяпер стаяць у людзей. Палiчыла той сон за знак, калi хочаш. Што ганак лепей, што рамы замiнаць толькi будуць, не пускаць сюды наваколле: сад, гукi розныя, святло, пахi кветак i ўсё, што так нагадвае пра яго, што вяртае мяне зноў i зноў у тое не такое i далёкае для мяне, кароткае i шчаслiвае мiнулае, дзе мы былi разам…


Вельмi павольна гушкаючы блiжэйшымi да ганка галiнамi, сад быццам кiваў у знак згоды са словамi сваёй гаспадынькi. Кiдаючы сваё апошняе лiсце ў пажухлыя травы i на старую падлогу ганка, сад, безумоўна, цешыўся, што хоць так можа дакрануцца да свайго даўняга сябра, да ганка, i да маленькай, хударлявай постацi бабулькi. Дзякуючы ёй i яе сну сад можа без усялякiх перашкод быць побач, лiтаральна працягнi руку, чуць чалавечую гутарку, як умее, саграваць ды лашчыць i гэтую невялiчкую, крыху падоўжаную прыбудову, i саму бабульку Уладзю. А яна на працягу ўсяго свайго жыцця адчувала гэтае цяпло ўсiм сваiм сэрцам.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter