В деревне Жилинские Поставского района прошел международный чемпионат па сенокошению

Галяк у Жылінскіх абкасіў усіх

ЗА ВОСЕМ тысяч кіламетраў дабіраліся ў невялічкую вёску Жылінскія, што на Пастаўшчыне, якуты Вячаслаў ОКАРКАЎ і Дзмітрый ЦІХАНАЎ. І не толькі яны. Сюды ў мінулыя выхадныя на міжнародны чэмпіянат па касьбе прыехалі таксама прадстаўнікі Украіны, Азербайджана, Польшчы, не гаворачы ўжо пра беларускія рэгіёны.


Пётр КАРОЛЬ з прадстаўнікамі Арцінскага завода (Урал, Расія) па вытворчасці кос — камерцыйным дырэктарам Аляксеем МІХАЙЛАВЫМ і намеснікам дырэктара Аляксандрам ШАТОХІНЫМ

Гэта трэба было пабачыць: адразу за вёскай, на лагчавінах, узгорках, затоках рассыпаліся, нібыта ў якім наступе, касцы. Над ваколіцай вісеў мілагучны звон іх кос, даўжэлі роўныя пракосы.

На самую макушку даволі высокага пагорка забралася Алена Хмылко з недалёкіх адсюль Казнадзеюшак. Жанчына, здаецца, без асаблівай напругі спрытна зразала густую і ледзь не па пояс траву. Прызналася, што такая праца ёй не ў навінку. Дома трымае дзвюх кароў, каня, а таму ўмее і з касой абыходзіцца.

Хутка разабраўся са сваім участкам у 25 сотак украінец Алег Цыпан з Ровенскай вобласці. Для яго каса — “сябар” з маленства, да якога прывучыў яшчэ дзед.

Карэспандэнты прарочылі чэмпіёнства Мікалаю Яльчыку. Але павышаная ўвага прэсы здорава замінала таму ў рабоце, што потым, відаць, і адбілася на яго выніках. Хаця, дзеля справядлівасці, трэба сказаць, дагэтуль касец у складзе беларускай каманды на міжнародным чэмпіянаце ў Польшчы, нягледзячы на траўму рукі, увайшоў у чацвёрку лепшых, а каманда дзякуючы яго намаганням заваявала бронзавыя медалі.


Алена ХМЫЛКО — сярэбраны прызёр з Лынтупскага сельсавета Пастаўскага раёна

Але ў Жылінскіх чакала сенсацыя. Ставілі на мінулагодніх чэмпіёнаў, а перамог нікому не вядомы пастаўчанін Іосіф Галяк. Другі вынік паказаў Рыгор Рэвенька з Бярозы. У жанчын на п’едэстал падняліся Ванда Купран і Алена Хмылко з Лынтупскага сельсавета і Наталля Сабчук з Полацка. У хуткаснай касьбе не было роўных якуту Дзмітрыю Ціханаву, а другое і трэцяе месцы падзялілі Раман Іваноў з Азербайджана і Сяргей Портак з Полацка.

У рамках чэмпіянату былі праведзены таксама майстар-класы па кляпанні кос, даенні каровы і казы, размоле зерня на жорнах, выпечцы хлеба ў вясковай печы.

Удзельнікі чэмпіянату і госці таксама з задавальненнем папарыліся ў рускай лазні, пачаставаліся напоямі і стравамі нацыянальнай кухні і пакідалі вёску Жылінскія з зарадам бадзёрасці, здароўя і ўдзячнасцю арганізатарам гэтых спаборніцтваў — полацкай холдынгавай кампаніі “Вікінг” і яе кіраўніку Пятру Каралю, а таксама Пастаўскаму райвыканкаму.

saulich@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter