Галубіцкая эліта

ФІЛІЯЛ «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат» — адзін з буйнейшых у раёне вытворцаў мяса. Ён мае комплекс на 3000 галоў па адкорме буйной рагатай жывёлы. За першае паўгоддзе атрымана 387 тон мяса. Прырост да аналагічнага мінулагодняга перыяду склаў 105 працэнтаў. Але асабліва ганарацца галубіцкія жывёлаводы амаль паўтысячным герэфордскім статкам, тым самым, які дае элітнае мармуровае мяса.

Там усё лепшае — жывёлаводчы комплекс, каняферма і, канечне, вынікі работы

ФІЛІЯЛ «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат» — адзін з буйнейшых у раёне вытворцаў мяса. Ён мае комплекс на 3000 галоў па адкорме буйной рагатай жывёлы. За першае паўгоддзе атрымана 387 тон мяса. Прырост да аналагічнага мінулагодняга перыяду склаў 105 працэнтаў. Але асабліва ганарацца галубіцкія жывёлаводы амаль паўтысячным герэфордскім статкам, тым самым, які дае элітнае мармуровае мяса.

Разам з дырэктарам філіяла Ігарам Вайцяховічам едзем на самую мяжу гаспадаркі. Даўно скончыліся асфальт, гравійка. А неўзабаве дырэктарская машына і наогул звярнула з ледзь прыкметнай дарогі і «нырнула» ў кусты. Малюнак, што адкрыўся за імі, прасіўся пэндзля мастака. На паляне, усеянай палявымі кветкамі, выпасваўся статак жывёлы рэдкай пароды і прыгажосці. Цёмна-чырвонай масці, з белымі ўзорамі на галовах і магутнымі тулавамі — яны нечым нагадвалі зуброў.

— Нашы герэфорды, — з гонарам у голасе вымавіў Вайцяховіч і пасля паўзы прадоўжыў: — Мясная парода жывёлы. Носіць назву ад графства Герэфорд у Англіі, дзе і была выве- дзена. Менавіта яны даюць так званае мармуровае мяса, якое не толькі выдзяляецца адметным смакам, пяшчотнае і сакавітае, але ў дадатак вельмі карыснае для здароўя: перашкаджае ўтварэнню халестэрыну, выводзіць з арганізма шкодныя рэчывы. Завезлі мы іх з Венгрыі, 26 галоў. І вось ужо маем аднаго матачнага пагалоўя дзве сотні, а ўсяго, з цялятамі, быкамі, — 400 галоў. Выпасваюцца на няўдобіцах, балоцістых мясцінах, там, куды не даходзіць тэхніка і дзе цяжка касіць. Набіраюць вагу па кілаграму і больш у суткі. За год бычок вырастае да паўтоны.

Утрымліваюцца герэфорды на полі да позняй восені, бо добра акліматызуюцца і не баяцца холаду. На зіму для іх гаспадарка рэканструявала закінутыя фермы ў Амбросавічах і Каралевічах. Тых жывёлін, якім пара на адкорм, ставяць на комплексе «Галубічы». Іх цяпер там шэсцьдзесят. Забіраюць на камбінат па меры заказаў. А яшчэ  рэалізуюць гаспадаркам вобласці на развод па даволі выгаднай цане. Такім чынам, «Галубічы» становяцца цэнтрам племянной работы з герэфордамі ў заходніх раёнах вобласці.

Сам комплекс — сучасны жывёлагадоўчы гарадок на тры тысячы галоў, з дзясяткам цэхаў, дзе строга па тэхналогіі арганізаваны поўны цыкл утрымання жывёлы. І зусім не верыцца, што яшчэ дзевяць год таму, калі «ляжачую» гаспадарку далучылі да мясакамбіната, аб’ект быў паўразбураны і на ім утрымлівалася ўсяго каля тысячы галоў жывёлы.

Цяпер на комплексе поўнасцю абноўлена абсталяванне, механізаваны ручныя працэсы, зроблены аб’ёмныя траншэі для сенажу і сіласу, павець для сена. Пры ўваходзе — цудоўны двухпавярховы Дом жывёлавода з усімі выгодамі для работнікаў: раздзявалкі, асобныя шкафчыкі для вопраткі, душ, туалеты, пральная машына-аўтамат, пакой для адпачынку.

Між іншым, падобнае ёсць цяпер на ўсіх рэканструяваных жывёлагадоўчых аб’ектах, не гаворачы ўжо аб новай малочна-таварнай ферме таксама ў Галубічах, на якой утрымліваецца 570 дойных кароў. Тут у пакоі адпачынку аператары могуць не толькі на ЗВЧ-печцы падагрэць абед, папіць гарачай кавы, але і пачытаць падшыўку «Белорусской нивы».

Жывёлаводы філіяла «Галубічы» з’яўляюцца лідарамі ў раёне як па мясу, так і малаку. Гэтаму, вядома, паспрыялі рэканструкцыя старых і будоўля новых аб’ектаў, селекцыйная работа, павышаная ўвага да чалавека працы, дастойная зарплата. А яшчэ, мо самае галоўнае, — багатая кармавая база.

Вось і сёлета паспелі нарыхтаваць амаль дванаццаць тысяч тон сенажу, што складае 11,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву.

На першым плане — якасць кармоў. Для гэтага прымяняюцца самыя перадавыя тэхналогіі. Так, сёлета набыты спецыяльны нямецкі прэс-падборшчык-абмотчык для закатвання сенажу ў плёначныя рулоны.

— Маладыя травы ў стадыі бутанізацыі скручваюцца ў рулон і герметычна закрываюцца плёнкай, — тлумачыць Ігар Вайцяховіч. — Захоўваюцца ўсе спажыўныя рэчывы. Корм атрымліваецца цудоўны. Ён паспрыяе прыросту сярэднясутачных прываг і малака. Такім спосабам нарыхтавалі ўжо тры тысячы тон адборнага сенажу.

Гаспадарка мае 2200 гектараў зерневых і поўнасцю забяспечвае сябе камбікормам.

У гэтыя дні на палях філіяла гарачая пара жніва. Стараюцца ўсе. Але хацелася б паведаць чытачу пра адну вельмі цікавую хлебаробскую дынастыю — Стрыёнкаў. Роўна сорак год адпрацаваў камбайнерам Мікалай Васільевіч Стрыёнак, кавалер трох ордэнаў, у тым ліку Леніна. Сёння яго справу працягваюць сын Сяргей і ўнук Мікалай. Летась Мікалай намалаціў 1470 тон зерня, заняў першае месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў, і яму зусім мала не хапіла, каб стаць удзе- льнікам рэспубліканскіх «Дажынак».

— Не маглі «падзяліцца»? — звяртаемся да бацькі.

— Не, у нас усё па-чэснаму, — усміхаецца ён, — навярстаем сёлета.

Аповед аб філіяле «Галубічы» быў бы няпоўным, калі б мы не расказалі яшчэ пра адзін цікавы аб’ект — каняферму «Каралевічы». За ваколіцай аднайменнай вёскі апошнія гады можна бачыць на выпасе вельмі спрытных скакуноў, а таксама дзяцей, якія катаюцца на іх у прысутнасці хударлявага чалавека спартыўнага складу. Гэта, як высветлілася, Уладзімір Буката, адначасова ўпраўляючы гаспадаркі і трэнер. Трапіў на Глыбоччыну з вядомага каняводчага калгаса імя Кірава, што на Брэстчыне, дзе працаваў трэнерам-выкладчыкам. Быў у свой час членам нацыянальнай зборнай рэспублікі, займаў прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах.

Яму давалі катэдж у аграгарадку Галубічы. Але ён выбраў звычайную сялянскую хаціну ў Каралевічах, за некалькі дзясяткаў метраў ад канюшні.

— Хачу быць бліжэй да коней! — рэзюміраваў ён свой выбар.

Коней ён не проста любіць, а жыве імі. У Ратамцы выхадзіў пакалечанага, як гаварылі, безна- дзейнага, скакуна. Тры гады запар таму каню потым не было роўных у краіне.

У Каралевічах Уладзімір таксама паспеў заявіць пра сябе. Калі два гады назад прымаў ферму, там было ўсяго 23 кані. Цяпер — 130. Прычым розных парод: гановерскай, тракенінскай, арабскай, будзёнаўскай. Ёсць, якія паказалі сябе ўжо на спаборніцтвах. Гэта Грацыя, Дысплей, Бляск.

Ля Глыбокага, у Барку, на філіяле каняфермы, працуе конная секцыя для дзяцей узростам ад 11 да 14 год. Усяго там займаюцца больш за дваццаць чалавек. Штодня Уладзімір ездзіць туды на трэніроўкі. Упэўнена трымаецца на кані і яго дзевяцігадовая дачка Елізавета.

Коней для прагулак могуць узяць і дарослыя. Плата — 50 тысяч за гадзіну. У аднадзённы паход з інструктарам — 120 тысяч.

Да коней з каралевіцкай канюшні прыглядаюцца расіяне. За некаторых прапаноўвалі нядрэнныя грошы. Але прадаваць пакуль што іх не спяшаюцца.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter