Гістарычная спадчына і сённяшні дзень старажытных Гальшан

Гальшаны: на “Дажынкі” запрашаюцца турысты

НЕКАЛЬКІ дарог вядуць у старажытныя Гальшаны, побач з якімі захаваліся рэшткі арыгінальнага замка. Падзеі і вобразы розных часоў, звязаныя з гэтай гістарычнай мясцінай, таленавіта ўвасобіў Уладзімір Караткевіч у гістарычным рамане “Чорны замак Альшанскі”. Літаратурны твор экранізаваны на беларускай кінастудыі і абышоў шматлікія экраны свету.


Па звестках “Хронікі Быхаўца”, заснавальнік паселішча — Гольша — сем вякоў таму заклаў горад на беразе ракі Карабелі і ўзвёў драўляны замак, дзе збіраліся сходы ўплывовых феадалаў Вялікага Княства Літоўскага. Узгадваецца паселішча і ў “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай”, а таксама ў “Наўгародскім летапісе”. Тут нарадзілася Соф Гальшанская, чацвёртая жонка вялікага князя Ягайлы, пачынальніца дынастыі Ягелонаў.

Шэсць стагоддзяў таму Гальшаны атрымалі статус месца. Развіваліся гандаль і рамёствы. Майстры выраблялі кафлі з гліны.

У ХVI стагоддзі на сродкі магната Сапегі паўсталі мураваныя замак, касцёл і двухпавярховы корпус кляштара францысканцаў. Адкрылася паперня, дзе выпускалі паперу высокай якасці.

Ксёндз Багуслаў ВУЙТОВІЧ і старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех КОЎЗАН.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Гальшаны адышлі да Расійскай імперыі. У кляштары францысканцаў размясціўся рускі гарнізон. Уладаром замка стаў вайсковец Гарбанёў, па загадзе якога большую частку старажытнай фартэцыі разабралі на цэглу.

Адмоўны адбітак на гістарычных Гальшанах пакінулі падзеі ХХ стагоддзя. Ад унікальнага замка засталіся толькі сцены.

У пасляваенныя гады ў мястэчку, якое стала цэнтрам сельсавета, дзейнічалі рэспубліканская школа пчаляроў, дзіцячы дом, зааветтэхнікум, лясніцтва, крухмальны завод, саўгас “Гальшаны”, які рэарганізаваны ў КСУП. Аднымі з першых у Ашмянскім раёне Гальшаны атрымалі статус аграгарадка.

АД сталіцы да аграгарадка Гальшаны Ашмянскага раёна двойчы на тыдзень курсіруе “кругасветны” аўтобус: маршрут кружыць праз Ракаў, Пяршаі, Валожын, Вішнева, Багданаў.

Намеснік дырэктара КСУП “Гальшаны”  Міхаіл СКАРЖЫНСКІ.

Летам штодзённа па некалькі турыстычных груп прыбывае ў Гальшаны. У выхадныя наплыў большы. Маршрут па старажытных замках Беларусі далей пралягае ў Крэва, Мір, Нясвіж, Навагрудак.

— У нас створаны спрыяльныя ўмовы для прыёму турыстаў, — расказвае старшыня сельвыканкама Войцех Коўзан. — Прадпрымальнік Дзмітрый Вайцяхоўскі выкупіў двухпавярховы драўляны будынак былой польскай гміны. Адрамантаваў памяшканне і адкрыў гасцініцу на 32 месцы, а побач з ёю кафэ. Другую прыватную гасцініцу на 12 асоб, а таксама кафэ і некалькі магазінаў адкрыла Аліна Дарняк. Еўрапейскі ўзровень! Майстар-самавучка Пётр Явідовіч вырабляе арыгінальныя сувеніры. У інтэрнэце ёсць інфармацыя пра наш турыстычны сэрвіс. Едуць з розных краін, цікавяцца спадчынай. Госці маюць магчымасць пабываць каля некалі даволі ўплывовага ў Еўропе Гальшанскага палаца — рэзідэнцыі Сапегаў. З цікавасцю аглядаюць забудаваны стагоддзе таму цаглянымі мурамі яўрэйскі квартал, наведваюць стагадовую Георгіеўскую царкву, касцёл Святога Яна Хрысціцеля і манастыр францысканцаў, якія змураваны з цэглы на пачатку ХVI стагоддзя.

Браты-старажылы Яўген і Іван ГАРДЗЕІ.

У адной з капліц каталіцкага ансамбля знаходзіўся надмагільны помнік магната Сапегі і яго жонак. Цяпер ён захоўваецца ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Прадпрымальнік Аляксандр Варыціш стварае ў суседняй вёсцы Радзевічы макет замкаў Беларусі. Мінчанін Сяргей Алюнін выкупіў участак  і  стварае аграсядзібу. Разам з Таварыствам Чырвонага Крыжа мы распрацавалі тры веласіпедныя маршруты. Замежныя спонсары перадалі дваццаць веласіпедаў, і любы жыхар аграгарадка можа бясплатна карыстацца імі.

Развіццё турызму стварае дадатковыя працоўныя месцы для жыхароў аграгарадка, поўніць мясцовы бюджэт.


Памочнік начальніка ўчастка Павел ЖДАНОВІЧ.

ВЯЛІКАЙ цікавасцю ў турыстаў карыстаецца створаны ў Гальшанскай бібліятэцы адзіны ў Беларусі віртуальны музей Дугі Струвэ. Старшыня сельсавета прапанаваў мне завітаць у бібліятэку, дзе адзін з пакояў адведзены пад экспазіцыю музея. Загадчыца бібліятэкі Алена Юневіч, якая пасля заканчэння вучобы ў сталічным універсітэце вярнулася ў родныя Гальшаны, расказала, што тут знаходзіцца адзін з 34 геадэзічных пунктаў Дугі Струвэ на тэрыторыі Беларусі — Тупішкі. Сельвыканкам дапамог знайсці сродкі на афармленне экспазіцыі віртуальнага музея. Цікава было слухаць расповед Алены Баляславаўны пра рускага астранома і геадэзіста Васіля Струвэ. Паўтара стагоддзі таму вучоны ўдзельнічаў у вымярэнні дугі мерыдыяна ад вусця Дуная да Паўночнага Ледавітага акіяна. Вынік работы ўвайшоў у гісторыю як Дуга Струвэ. Праходзіць яна па Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі, Украіне, Малдове і Расіі.

Прыгожа аформлены ў бібліятэцы стэнд “Падарожжа па Гальшанах”, дзе ўказаны гістарычныя аб’екты мястэчка. Такі ж стэнд устаноўлены на плошчы каля касцёла Святога Яна Хрысціцеля. З другога боку каталіцкага храма паўстаў помнік польскай каралевы Соф'і Гальшанскай. Імя слыннай зямлячкі папулярнае ў Гальшанах. Цёзка яе Соф'і Гуляшка — таксама тутэйшая. Муж Сяргей Пятровіч — механізатар. Соф'я Уладзіміраўна — сацыяльны работнік. Абслугоўвае восем адзінокіх пенсіянераў.

Начальнік вытворчага ўчастка Леанід КОТ, памочнік камбайнера Павел РАГІНСКІ і камбайнер Пётр ПАЗНАНСКІ.

— Як родная дачка Соф'я для мяне, — выказваецца былы жывёлавод Алена Ілюковіч. — Сэрцам адчуваю яе цеплыню і клопат. Здзіўляюся, як усё паспявае. Унукі ўсё лета з ёю.

Спраўляецца Соф'я Уладзіміраўна на працы і па хатняй гаспадарцы. З мужам даглядаюць тры каровы, цяля, гадавалага бычка, кабылу, мноства курэй. Дзеці дапамагаюць. Малако прадаюць прадпрымальнікам. Аляксандр Жукоўскі і Андрэй Садоўскі сабранае на тэрыторыі сельсавета малако адвозяць на Ашмянскі малаказавод.

Бібліятэкар Марыя МІСЕВІЧ і загадчыца бібліятэкі Алена ЮНЕВІЧ.

Дзве каровы, чатыры свінні, авечкі, куры на падворку старшыні сельсавета Войцеха Коўзана. Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута вярнуўся на Бацькаўшчыну. Працаваў галоўным ветурачом у гаспадарцы. Тры дачкі і два сыны ў Войцеха Іванавіча і Яніны Генрыхаўны. Чацвёра атрымалі вышэйшую адукацыю. Малодшая Хрысціна — студэнтка сталічнага ўніверсітэта фізкультуры і спорту. Сямёра ўнукаў падрастаюць.

Удзельніца мастацкай самадзейнасці Таццяна ТРАВІЦКАЯ.

СА старшынёю сельвыканкама завіталі да ветэрана вайны і працы Івана Гардзея. На мурожным падворку стаяў легкавік з расійскімі нумарамі. З Калінінградскай вобласці прыехаў у адведкі малодшы брат Яўген Вікенцьевіч. Да аўдавелага бацькі пасля выхаду на пенсію вярнуўся са сталіцы сын Сяргей. Многае давялося перажыць дзевяностагадоваму Івану Вікенцьевічу. На амерыканскім “Студзебекеры” адмерваў франтавыя кіламетры па Еўропе ў саставе III Беларускага фронту. Фарсіраваў Віслу і Одэр, прымаў удзел ва ўзяцці Берліна. Адзначаны баявымі ўзнагародамі. Пасля Перамогі пяць гадоў служыў у Савецкай Арміі. Вярнуўся на родны хутар Малыскаўшчызна. Ажаніўся. Да выхаду на пенсію працаваў вадзіцелем у саўгасе “Гальшаны”.

Начальнік паштовага аддзялення Даргішкі Валянціна ЛЮТКОЎСКАЯ.

Гаспадарка — адна з найбольш эфектыўных у Ашмянскім раёне. Трыццаць чатыры гады паспяхова кіруе ёю Мікалай Праўко. Некалькі новых вуліц у Гальшанах забудаваны прыгожымі катэджамі, у якіх жывуць сем’і хлебаробаў і жывёлаводаў. Чатырохкватэрны дом вось-вось прыме навасёлаў. Справіла наваселле амбулаторыя, якой кіруе ўрач Вера Каралевіч. Пасля атрымання вышэйшай медыцынскай адукацыі яна вярнулася працаваць дамоў. Намеснікам дырэктара КСУП “Гальшаны” стаў выпускнік сярэдняй школы Міхаіл Скаржынскі, які дыплом агранома атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Дзесяць збожжаўборачных камбайнаў працуе на жніве. Хлебная ніва займае амаль тры тысячы гектараў. Нагрузка на тэхніку высокая. Лідарства трымае камбайнер Аляксандр Сасноўскі, які ўбірае збажыну на магутным “Мега-208”. Не адстаюць ад перадавіка экіпажы Генрыха Скаржынскага, Пятра Пазнанскага, Дзмітрыя Наумеца. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых перавысіла 55 цэнтнераў з гектара. Амаль па 40 цэнтнераў на круг даў азімы рапс. На асобных палях намалоты азімай пшаніцы перавышаюць 60 цэнтнераў.

Соф'я ГУЛЯШКА з унукамі Кірылам, Алегам і Кацярынай.

Паспяхова працуюць і жывёлаводы. На фермах утрымліваецца 4200 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль 1400 кароў. Сярэдні надой ад каровы летась перавысіў сем тысяч кілаграмаў.

Калектыву прадпрыемства сёлета выпаў гонар прымаць гасцей раённых “Дажынак”. У Гальшанах адказна рыхтуюцца да свята. Паглядзець на хлебаробскі фэст прыедуць і турысты. Няхай усім будзе радасна на галоўным сялянскім свяце ў старажытных Гальшанах.

Фота аўтара

Ашмянскі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter