Галоўныя скарбы Беразоўскай

На Акцябршчыне адраджаюць народныя традыцыі і мастацтва

Адраджаючы народныя традыцыі і мастацтва, мясцовыя ўлады Акцябршчыны ўмацоўваюць імідж краіны і абвяргаюць стэрэатыпы, што беларусы не памятаюць свайго сваяцтва

Імя гэтай жанчыны на Гомельшчыне ведаюць усе, хто мае дачыненне да адраджэння і ўмацавання традыцый народнай творчасці, захавання гісторыка-культурнай спадчыны краю. Мінулы год для Святланы Анатольеўны БЕРАЗОЎСКАЙ (на здымку), загадчыцы аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Гомельшчыны, быў адметным — за значны ўклад у развіццё айчыннай культуры міністр уласнаручна ўручыў ёй урадавую ганаровую грамату. Той факт, што ў каларытным асяродку народнай творчасці Святлана Беразоўская чалавек не выпадковы, яна даказала яшчэ ў бытнасць маладым спецыялістам, калі кіравала сельскім Домам культуры ў вёсачцы Ламавічы на сваёй малой радзіме. Ужо тады выразна праявіліся неардынарныя падыходы маладога клубнага работніка да арганізацыі вольнага часу вяскоўцаў, яе беражлівыя адносіны да вытокаў і традыцый народнай творчасці. Хутка Святлану запрасілі на працу ў раённы Дом культуры. Час быў няпросты — разам з савецкай рэчаіснасцю рассыпаўся і прапагандысцкі падмурак, клубныя пляцоўкі перасталі быць той трыбунай, дзе праводзіліся партыйныя і камсамольскія сходы. Вось тут пры актыўным удзеле Святланы Беразоўскай была падтрымана ідэя запоўніць выхаваўчую нішу для мясцовага насельніцтва багатым фальклорным матэрыялам, які пыліўся незапатрабаваным многія гады. Неўзабаве ў яе прафесійным багажы, акрамя новай пасады — загадчыцы аддзела райвыканкама, — з’явіўся дыплом Ленінградскага інстытута культуры і дырэктарскі статус рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Берагіня». Пра тое, як фальклорнае мастацтва было пакладзена ў аснову працы клубных устаноў Акцябршчыны, карэспандэнт «Р» пагутарыў з загадчыцай аддзела культуры райвыканкама Святланай Беразоўскай.

— Святлана Анатольеўна, на што была зроблена стаўка, калі вызначалі напрамкі работы сельскіх культурных устаноў?

— Перш за ўсё, кожная з іх павінна мець свае адметныя рысы, не абышлося і без уліку дэмаграфічных асаблівасцей кожнага населенага пункта — не сакрэт, што ў адной вёсцы могуць жыць толькі майстравыя людзі, а ў другой -- пеўчыя таленты-самародкі. Гэта раней лічылася: калі ў клубе грыміць музыка, моладзь весяліцца і танцуе, то з пытаннямі культуры тут усё ў парадку.

Падобныя вечары адпачынку варта захоўваць, але толькі як адну з форм работы, не больш за тое. Яшчэ з канца 80-х гадоў мы сталі ствараць дамы народнай творчасці, прыярытэтныя высілкі якіх —захаванне і развіццё народных традыцый, шматжанравага фальклорнага мастацтва. Гэтыя ўстановы пачалі з’яўляцца там, дзе народныя традыцыі выразна адлюстроўваліся ў побыце мясцовых жыхароў: маюцца на ўвазе розныя рамёствы, у прыватнасці ткацтва або пеўчыя, харэаграфічныя традыцыі. На Акцябршчыне створаны таксама клубы сацыяльных паслуг — яны працуюць у невялікіх вёсках, дзе насельніцтва сталага ўзросту. Тут даўно няма моладзі, але гэтыя людзі таксама заслугоўваюць з боку дзяржавы ўвагі і карысна арганізаванага вольнага часу.

Акрамя будзённых клопатаў, сельскія людзі жывуць яшчэ і культурным жыццём, прыклад таго — Рассветаўскі культурна-спартыўны цэнтр, а таксама аграгарадок Валасовічы, дзе створаны Дом народнай творчасці. Несумненна, ён сапраўдны правадыр культурных каштоўнасцей — тут развіваюцца рамёствы, абрадавыя святы, працуюць калектывы мастацкай самадзейнасці, у прыватнасці ўзорны фальклорны ансамбль «Некрашынка». Яшчэ ў савецкія часы ў вёсках сфарміравалі добры народны калектыў, на жаль, узрост большасці яго ўдзельнікаў ужо не дазваляе дарыць землякам сваё мастацтва, таму мы і робім стаўку на маладыя сілы.

Што тычыцца адраджэння народных традыцый і рамёстваў: мы знайшлі людзей, якія ў адной звязцы з работнікамі культурных устаноў навучаюць дзяцей, перадаюць ім сваё майстэрства, у прыватнасці як працаваць на ткацкіх станках ці вязаць паясы. Гэтую няпростую місію ўзлажылі на сябе майстры Акцябрскага раённага Дома рамёстваў, якім кіруе творчая асоба — Таццяна Васільеўна Халадок. Тут жа працуюць спецыяліст па ткацтве Марыя Іванаўна Сарнаўская, член Саюза майстроў Беларусі, Тамара Іванаўна Станіслаўчык, спецыяліст па пашыве народнага касцюма, і многія іншыя.

Нам таксама пашчасціла запісаць рэдкія народныя песні і музыку, развучыць танцы, якія былі папулярнымі сярод нашых бабуль і прабабуль. Шкада толькі, што захавальнікаў багатай спадчыны з кожным годам застаецца ўсё менш, але сам факт, што яны перадалі нам гэтыя духоўныя скарбы, а мы іх завяшчаем нашчадкам, ужо дарагога варты.

Аберагаючы народныя традыцыі, вывучаючы іх вытокі, мы ўзаемадзейнічалі са спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук і НДІ культуры Беларусі — у выніку ўся праца ўвасобілася ў рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня».

— У аснове ўжо традыцыйнага фестывалю “Берагіня» ляжыць перш за ўсё фальклорная спадчына Акцябршчыны?

— Акрамя мясцовых артыстаў, на фестываль збіраецца нямала калектываў з розных куткоў Беларусі, і кожны з іх прадстаўляе матэрыял, пачэрпнуты з народнай крыніцы свайго рэгіёна. У выніку фестываль «Берагіня» стаў своеасаблівай справаздачай аб праведзенай даследчай працы. Дзякуючы гэтаму дасягаецца яго шматжанравая разнастайнасць, ніхто не спявае і не танцуе адно і тое ж, у гэтым таксама самабытнасць нашай народнай творчасці.

Вось вам яскравы прыклад. У рамках фестывалю мы праводзілі конкурс 200 танцавальных пар, якія выканалі народныя танцы, што існавалі на тэрыторыі нашага раёна. Што ўразіла: кожная пара была па-свойму цікавая, арыгінальная і непаўторная, гэта сведчанне іх высокага майстэрства, а таксама разнастайнасці танцавальных традыцый.

— Пагадзіцеся вы са мной ці не, але тое, чым стаў фестываль «Берагіня», — гэта не шоу з нацыянальным адценнем, а сапраўдная навуковая лабараторыя…

— Невыпадкова ў фестывальныя дні праводзяцца своеасаблівыя навукова-практычныя канферэнцыі, у якіх разам з навукоўцамі-фалькларыстамі, работнікамі культуры і адукацыі ўдзельнічаюць таксама школьнікі. Яны знаёмяць прысутных са сваімі тэматычнымі дакладамі — распрацоўкамі, прысвечанымі адраджэнню і адметным рысам шматграннай народнай творчасці. Уявіце, мінулым летам на «Берагіню» прыязджалі каля 800 удзельнікаў, пераважна гэта моладзь, у тым ліку і школьная.

Можа, тым фестываль і каштоўны для краіны, што не разлічаны на публіку, шырокае «спажыванне», — гэта па-сапраўднаму нацыянальны праект без камерцыйнага адцення. Хай сабе ўсё бярэ пачатак ад нашых вытокаў, а затым ужо трансфармуецца ў сучасныя віды мастацтва.

Той факт, што сярод мноства конкурсаў і фестываляў, якія праходзяць у краіне, яму няма аналагаў, заслугоўвае самай пільнай увагі і падтрымкі, у тым ліку і фінансавай. Усе вядомыя нам музычныя праекты, за рэдкім выключэннем, зводзяцца да сцэнічных формаў, гэта значыць у большасці выпадкаў артысты выкарыстоўваюць фанаграмы, і толькі на былой рудабельскай зямлі захаваўся астравок жывых пачуццяў і традыцый.

Мне як дырэктару фестывалю прыемна ўсведамляць, што разуменне і падтрымку мы знаходзім у Міністэрстве культуры і Гомельскім аблвыканкаме, ні адно наша пажаданне або просьба не застаюцца па-за ўвагай кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама і асабіста яго старшыні Генадзя Віктаравіча Сімановіча.

— Мінулым летам адзін з вашых калектываў пабываў на міжнародным фальклорным фестывалі ў Турцыі — зазначым, краіне з іншымі культурнымі каранямі і традыцыямі. Як рэагавала мясцовая публіка на выступленіі нашых артыстаў?

— У Турцыі выступіў ансамбль народнага танца «Весніца». Акрамя гаспадароў, там былі народныя калектывы з 18 краін, у прыватнасці з Чарнагорыі, Сербіі, Балгарыі. Я сама была здзіўлена, але наша творчасць успрымалася вельмі цёпла, пад авацыі ў зале скандзіравалі: «Беларусь!», у выніку мы занялі ганаровае першае месца. У 2011 годзе народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Рудабельская пацеха» паспяхова выступіў на фальклорным фестывалі ў Францыі.

Артысты з Акцябрскага раёна таксама знаёмілі са сваёй творчасцю ўдзельнікаў і гасцей прэстыжнага міжнароднага фестывалю «Александрыя збірае сяброў», а таксама «Кліч Палесся» ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.

Невымоўнае пачуццё гонару ахоплівае душу, калі перад будынкамі, дзе праводзяцца міжнародныя фестывалі, развяваецца нацыянальны беларускі сцяг. Бясспрэчна, самадзейныя артысты ўмацоўваюць імідж нашай краіны, абвяргаючы сваёй творчасцю многія крыўдныя стэрэатыпы ў наш адрас.

— Пад заслону, як кажуць, хацелася б пацікавіцца лёсам культурна-забаўляльнага комплексу «Бубнаўка», які ствараўся на маляўнічым беразе ракі Пціч пры вашым актыўным удзеле.

— Гэты аб’ект аграэкатурызму ўжо чацвёрты год актыўна акупляе сродкі, якія ў яго ўкладзены. Мясціны тут і сапраўды прыгожыя, выдатная экалогія, шмат рыбы, таму і не дзіўна, што сюды прыязджаюць адпачыць жыхары нашай рэспублікі, а таксама расіяне і нават турысты з Украіны і Прыбалтыкі. Апартаменты комплексу прызначаныя як для індывідуальнага сямейнага адпачынку на прыродзе, так і для масавых мерапрыемстваў — вяселляў, дзён нараджэння, карпаратыўных урачыстасцей.

Дарэчы, многія з наведвальнікаў упершыню змаглі пазнаёміцца з прыцягальнымі ўмовамі адпачынку на тэрыторыі комплексу «Бубнаўка» дзякуючы ўдзелу ў рэспубліканскім свяце народнай творчасці «Берагіня». Як правіла, у гэтых маляўнічых месцах мы рассяляем артыстаў, а таксама гасцей.

Фота: Юрый БЯСТВІЦКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter