Галоўная мама раёна

Летась дзіцячая паліклініка ў Слоніме заняла першае месца сярод педыятрычных устаноў раёна і другое месца на Гродзеншчыне. А яшчэ нядаўна не магло быць размовы не толькі пра якасць работы, але і пра колькасць пацыентаў, якія хацелі, але... баяліся прыходзіць у бальніцу. Яе будынак, узведзены яшчэ “за польскім часам”, у 1926 годзе, пагражаў абрынуцца з-за аварыйнага стану канструкцый. Лякарня, што праўда, стаяла ў самым цэнтры горада, куды зручна дабірацца з любога кутка Слоніма. Але давялося выбіраць паміж добрым месцам і элементарнай бяспекай. Таму калі Людміле Дзягель, загадчыцы дзіцячай паліклінікі, прапанавалі пераехаць разам з калегамі на ўскраіну, у пусты корпус былога прафілакторыя на вуліцы Брэсцкай, нічога не заставалася, як згадзіцца. І пачынаць усё з нуля.

Дабрацца сюда, на першы погляд, не прасцей, чым за межы вобласці. Нават на ўласнай машыне ехаць далёка. Калі жывеш у цэнтры, яшчэ цярпіма. Але, скажам, з прадмесця Альберцін — ужо няблізка. Ды не толькі пацыентам, але і дактарам. Як наведаць усіх хворых у розных канцах Слоніма, калі ў апошні час павялічылася колькасць выклікаў на дом, а ўлічваючы аддаленасць жылых раёнаў ад дзіцячай паліклінікі, усюды не паспееш?
— Здавалася б, так, — нібы згаджаецца Людміла Дзягель. — Горад мае вялікі прыватны сектар і за кошт гэтага расцягнуты ўдоўж і ўпоперак. Але ўвесь сакрэт нашай работы ў тым, што, па-першае, адразу тры машыны развозяць урачоў да хворых. Па-другое, тыя дактары, якія наведваюць пацыентаў дома, атрымліваюць бясплатныя праязныя білеты — гэта норма, прапісаная ў калектыўным дагаворы наймальніка з прафсаюзам.
Праблем з транспартам сапраўды няма. Мамы з дзецьмі прыязджаюць у паліклініку на спецыяльных аўтобусах, якія ходзяць з цэнтра, і маршрутных таксі — усе яны курсіруюць амаль пад самы ганак былога прафілакторыя “Сонечны”. Пра ранейшае назначэнне будынка дзіцячай паліклінікі яшчэ дагэтуль нагадвае эмблема — жоўтае сонца, што засталося на шэрай цаглянай сцяне. Шэрасць адсюль, аднак, сыходзіць. Яе праганяюць галасы дзяцей, што чуюцца не толькі з калідораў паліклінікі, але і з парку.
Людміла Дзягель лічыць парк вялікім скарбам, які дастаўся паліклініцы: “Калі мы сядзелі ў цэнтры, выхад з паліклінікі вёў проста на асфальт. Уявіце, як небяспечна было тут знаходзіцца з дзецьмі: машыны сноўдаюць, і не дай бог малое выскачыць на дарогу! Не кажучы ўжо пра тое, што супрацоўнікі не змяшчаліся ва ўсе пакоі: з-за цеснаты ўрачы мусілі спалучаць прыёмы. Цяпер жа кожны спецыяліст мае свой кабінет і найноўшае абсталяванне”. А наведвальнікі, асабліва ўвесну, чаргу на працэдуры могуць перачакаць без напругі пад шатамі дрэў. Падыхаць свежым паветрам часам бывае карысней за прыняцце нават самых цудадзейных лекаў.
Тым часам трохпавярховы будынак лякарні не толькі “гучыць” галасамі дзятвы, тут час ад часу ўсё напаўняецца такім гудам, што вушы закладвае. Гэта грукоча тэхніка. “Пераходны перыяд: трэба ператрываць”, — супакойвае Людміла Эдуардаўна. Бо калі на першым паверсе закончацца ўсе работы — тут будуць навюткія памяшканні з найлепшым абсталяваннем. На базе паліклінікі “галоўная мама раёна”, як называюць спадарыню Дзягель яе пацыенткі, плануе стварыць цэнтр маці і дзіцяці. Каб тым, ад каго залежыць наша будучыня, не трэба было турбавацца, што ў адным канцы горада робіцца аналіз, а ў другім — ультрагукавое абследаванне. На рэнтген, на жаль, пакуль даводзіцца ездзіць ва ўжо згаданы Альберцін — у цэнтральную раённую бальніцу.
— А ў дзіцячай лякарні ўсё мусіць быць сваё, — разважае яе кіраўнік. — Спадзяюся, будзе ў нас і свой стаматалагічны кабінет, і дзіцячая гінекалогія. Без гэтага ніяк.
Зрэшты, слонімская дзіцячая паліклініка мае ўжо спецыялістаў у такіх вузкіх галінах, як хірургія, траўматалогія, артапедыя, эндакрыналогія, псіхіятрыя, лагапедыя, аталарынгалогія. Працуе свой доктар-рэабілітолаг, які назначае лячэнне інвалідам. Дзейнічае ўласны кабінет масажу, ЛФК, электралячэння.
Калісьці ў былым прафілакторыі “Сонечны” існавала добрая санаторная база, з саўнай, басейнам. Гэтыя комплексы цяпер закансерваваны і чакаюць, калі іх адновяць. Хто ведае, ці не стане ўскраінная паліклініка сапраўдным дзіцячым аздараўленчым курортам — не толькі горада, але і ўсяго раёна?

Ноу-хау Лячэбны экран

Супрацоўнікі слонімскай дзіцячай паліклінікі не толькі асвойваюць сучасныя медыцынскія тэхналогіі, але і займаюцца грамадскай дзейнасцю. На мясцовым тэлебачанні падрыхтавалі амаль два дзесяткі перадач “Добры дзень, доктар!”. У эфіры мясцовага тэлеканала кожны, каго турбуе лёс яго дзіцяці, можа пачуць карысныя парады і рэцэпты лячэння, не выпраўляючыся з дому ў “далёкую дарогу” да бальніцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter