Галоўная місія сацыяльнай дзяржавы

Сацыяльная сфера — адна з самых складаных і важных у Беларусі
Сацыяльная сфера — адна з самых складаных і важных у Беларусі. Ад яе залежыць, ці здаровыя будуць людзі, ці вырастуць граматнымі нашы дзеці, наколькі абароненымі, дагледжанымі будуць нашы бацькі, дзяды, пажылыя людзі. Кожны з яе напрамкаў мае шмат праблем, якія альбо ўжо ўхіляюцца, альбо іх яшчэ толькі даводзіцца вырашаць. 



Пра ўсё гэта мы гаворым з намеснікам Прэм’ер-міністра Наталляй Качанавай.

— Наталля Іванаўна, якія галоўныя падзеі ў сацыяльнай сферы за мінулы год вы б асабліва выдзелілі?

— Вельмі нялёгка выдзеліць якія-небудзь асноўныя падзеі, бо іх было даволі шмат і ўсе яны вельмі разнапланавыя. Хоць давайце так: на першае месца я, напэўна, паставіла б такую падзею — падпісанне Прэзідэнтам Канвенцыі аб правах інвалідаў. Яна фактычна зацвердзіла прынцыпы, на якіх павінна будавацца палітыка дзяржавы ў дачыненні да гэтай катэгорыі грамадзян. Наша задача заключаецца ў стварэнні роўных магчымасцяў: каб чалавек з інваліднасцю мог атрымаць адукацыю, быць канкурэнтным на рынку працы, каб грамадства рэальна ўспры­мала такога чалавека як роўнага сабе. Ратыфікацыя канвенцыі прадугледжвае комплекс мер, маштабны і па сваіх аб’ёмах, і па пра­цягласці, накіраваных на забеспячэнне больш поўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства.

Яшчэ адзін важны момант для нас: дзякуючы прызнанню дасягненняў беларускай аховы здароўя міжнароднай медыцынскай супольнасцю Мінск упершыню ў кастрычніку мінулага года стаў пляцоўкай для правядзення міністэрскай еўрапейскай канферэнцыі “Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі Здароўе-2020”, якая была арганізавана СААЗ у супрацоўніцтве з нашым Міністэрствам аховы здароўя. У Мінску абмеркавалі шырокае кола пытанняў і прадставілі лепшы еўрапейскі досвед па захаванні і ўмацаванні здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека. А вынікам канферэнцыі стала падпісанне Мінскай дэкларацыі, якая сёння з’яўляецца стратэгічным інструментам па аб’яднанні намаганняў усіх краін еўрапейскага рэгіёна, накіраваных на паляпшэнне здароўя чалавека ад нараджэння да глыбокай старасці. У аснову падыходу пакладзены тры аспекты: дзейнічаць як мага раней, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць разам. Іншымі словамі, гэта перш за ўсё пацыент-арыентаваны падыход, з акцэнтам на раннюю прафілактыку і міжведамаснае ўзаемадзеянне, накіраваны на павелічэнне пра­цягласці і паляпшэнне якасці жыцця грамадзян.

Знакавай падзеяй справаздачнага года таксама стала адкрыццё малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу і цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. З іх адкрыццём Беларусь у ліку першых уступае на шлях індывідуальнай, персаніфікаванай медыцыны.

Нас павінна быць больш

— Мінулы год паказаў вельмі цікавую тэндэнцыю: на фоне росту сярэдняй працягласці жыцця ў нас у краіне пачала павялічвацца нараджальнасць. Якія меры, на ваш погляд, дзейнічаюць?

— Так, вы маеце рацыю, пазітыўныя моманты для нашай краіны ёсць. Так званыя дэмаграфічныя нажніцы ўжо практычна самкнуліся. Вядома, гэтая перамога была дасягнута дзякуючы той палітыцы, якая праводзіцца ў краіне, дзякуючы ўвазе Прэзідэнта і Урада да гэтага пытання, а таксама, безумоўна, дзякуючы тым праграмам нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі, якія ў нас былі прыняты ў мінулыя гады. Вы ведаеце, іх было дзве, і, вядома ж, абедзве яны далі свае вынікі. Але нам цяпер важна ўтрымаць гэтую тэндэнцыю. У 2015 годзе паказчык нараджальнасці склаў 12,5 праміле, а смяротнасці  — 12,6 праміле. І калі мы будзем рухацца далей у тым жа напрамку, то, спадзяюся, у бліжэйшыя гады выйдзем на натуральны прырост.

Па ўзроўні доступу да паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя Беларусь сёння адпавядае ўзроўню Францыі, Фінляндыі, Люксембурга, уваходзіць у 50 лепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам і займае 26-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін. Па інтэгральным паказчыку дзіцячай і матчынай смяротнасці мы займаем 4-е месца ў свеце. Хоць, шчыра кажучы, раней, калі мы пралічвалі сітуацыю, такі рост нараджальнасці, які мы назіраем сёння, не прагназаваўся. Рэкордным па нараджальнасці лічыўся 2014 год, калі нарадзілася 114 тысяч дзетак, але 2015-ы аказаўся яшчэ больш знакавым — 119 тысяч малых.

Так, пакуль што ў нас у краіне станоўчы прырост насельніцтва назіраецца за кошт міграцыі, але мы блізкія да таго, каб і без прытоку мігрантаў ён быў у нас забяспечаны. Добрую тэндэнцыю нараджальнасці паказвае Мінск — тут назіраецца чысты плюс. Спадзяюся, што астатнія рэгіёны будуць падцягвацца за сталіцай. Натуральна, усё гэта не вырашаецца проста так: за гэтым — і фінансаванне з боку дзяржавы, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя і адукацыі, і цэлы комплекс іншых мер. Сёлета зацверджана дзяржпраграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2016 — 2020 гады”, у якой закладзена паглыбленне ўсіх працэсаў, што спрыяюць паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі, а правільней сказаць — працяг усіх тых тэндэнцый, якія мы мелі ў 2015 годзе.

— Як вы думаеце, матчын капітал у дадзеным выпадку таксама быў у ліку стымулаў?

— Несумненна, гэтая праграма таксама зрабіла сваю справу. Роўна як і іншыя, прынятыя на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, меры па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. У нас 11 відаў такіх дапамог, таму я ўсе іх пералічваць не буду. Што ж датычыцца матчынага капіталу, то за яго налічэннем звярнуліся ўжо 11,5 тысячы сем’яў. Акрамя таго, мы адзначаем у краіне рост і шматдзетных сем’яў. Яшчэ нядаўна, калі мы гаварылі пра гэтую катэгорыю, мы называлі лічбу 77 тысяч  — сёння іх ужо 80 тысяч.

Але тут ёсць іншая тэма. Важна, каб у нашых сем’ях разумелі, што, нараджаючы дзяцей, гэта трэба рабіць не для таго, каб атрымаць нейкія матэрыяльныя выгоды, а таму, што яны жаданыя. Важна, каб нашы дзеткі выхоўваліся ў сем’ях, каб дзяржава не брала на сябе потым клопат пра іх як пра дзяцей-сірот. А ў нас іх налічваецца 21 тысяча, пры­чым 80 працэнтаў з іх, гэта значыць большая частка, — гэта дзеці, у якіх бацькі ёсць, але яны былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Вось адваротны бок медаля. Вось што павінна быць у аснове асноў для падрастаючага пакалення: што сям’я — гэта аснова грамадства.


Каля тысячы немаўлятаў з’явіліся на свет у абсервацыйным аддзяленні РНПЦ “Мацi i дзiця”

Аб прэстыжы прафесій

— Вы згодныя з тым, што сёння прэстыж прафесіі настаўніка, медыка, сацработніка падае? Як думаеце, гэта рэальная пагроза сацыяльнай сферы або часовая з’ява?

— Выступаючы на калегіях, я неаднаразова гаварыла, што не лічу, быццам сёння ўрач ці настаўнік — гэта прафесіі непрэстыжныя. Гэта абсалютна не так. Ва ўсе часы і педагогі, і медыкі карысталіся заслужаным аўтарытэтам у грамадстве, і паверце, пагрозы сацыяльнай сферы ў дадзеным выпадку няма. Іншая справа, што ім самім часам варта папрацаваць на свой імідж.

Усе ведаюць, што няпроста бывае скончыць медыцынскую ВНУ, таксама як і няпроста туды паступіць. Таму ніколі не гаварылася пра тое, што ўрач — гэта непрэстыжная прафесія, а вось наконт педагогаў, так, часам былі такія меркаванні. Але я вам скажу, у гэтых адносінах прыкметна памянялася сітуацыя. Нават з паступленнем. Летась залатых медалістаў у наш Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка паступіла ў 6 разоў больш, чым у 2013 годзе. Па шэрагу спецыяльнасцяў конкурс у 2015 годзе склаў больш за два чалавекі на месца, нават на завочнае платнае аддзяленне. На спецыяльнасці руская мова і літаратура філалагічнага факультэта ўсе бюджэтныя месцы заняты медалістамі і мэтавікамі. Заўважце, гэта адбываецца ў той час, калі пры цяперашняй дэмаграфічнай “яме” абітурыентаў наогул стала менш. Не забывайце, што ў нас адкрыты 103 профільныя класы педагагічнай скіраванасці, у якіх навучаецца звыш 1,2 тысячы навучэнцаў. Так што кадравыя пытанні ў галіне адукацыі практычна вырашаны.

— Але ўсе звычайна гавораць пра маленькую зарплату педагогаў...

— Кожны кіраўнік установы, што фінансуецца з бюджэту, калі ён зацікаўлены ў тым, каб маладыя спецыялісты заставаліся працаваць, знойдзе магчымасць, як яму даплаціць — за кошт прэміяльных або з пазабюджэтных сродкаў. А калі ў настаўніка ёсць катэгорыя, ёсць стаж работы, усё ўжо не так дрэнна, як падаецца. Я, калі бываю ў школах, часта пытаю ў настаўнікаў, колькі вы атрымліваеце, і вы ведаеце, сітуацыя вельмі розная. Вось мне настаўніца ў адной з гімназій шчыра прызналася, што часам у яе зарплата большай бывае нават, чым у дырэктара яе школы. Так, можна ў адзін месяц атрымаць 8 мільёнаў, а ў другі — 10 мільёнаў, але, здаецца, менш за 7 мільёнаў у яе не бывае. Гэта не адзінкавы такі выпадак. Так, для таго каб зарабляць больш, настаўніку даводзіцца ўдасканальвацца, павышаць катэгорыю, можа быць, варта ўзяцца весці гурток або папрасіць сабе дадатковыя паўстаўкі. Зразумела, што яму тады цяжка, але ў любым выпадку магчымасці дастойна зарабляць у настаўнікаў сёння ёсць.

Як абараніць медыка

— Вы гаварылі, што высокі ўзровень нашай аховы здароўя нядаўна быў пацверджаны Еўрапейскай канферэнцыяй СААЗ, але нашы чытачы гавораць пра бачны разрыў паміж сферай высокіх тэхналогій (транспланталогія, анкалогія, траўматалогія-артапедыя ды іншыя) і першасным амбулаторным звяном. Маюцца на ўвазе і недахоп кадраў, і чэргі, ды яшчэ інфарматызацыя, якая пакідае жадаць лепшага.

— Вы маеце рацыю. На нядаўняй калегіі Міністэрства аховы здароўя я, уласна кажучы, пытанне так і паставіла: як бы нашы ўрачы ні рабілі добра, ратуючы сотні тысяч жыццяў, адзін паход чалавека ў паліклініку і сустрэча яго з медыцынскім работнікам, які яму нахаміў, нагрубіў або паставіў яму няправільны дыягназ, можа перакрэсліць усё і ўся. Таму ў апошнія гады акцэнты ў нас робяцца на тое, што паліклінічнае першаснае амбулаторнае звяно павінна працаваць больш эфектыўна. Ну, зразумела, у першую чаргу гаворка ідзе пра аснашчэнне і камп’ютарызацыю паліклінік. Нам трэба актыўней адыходзіць ад старых метадаў работы. Перад Міністэрствам аховы здароўя пастаўлена задача трымаць на асаблівым кантролі работу менавіта першаснага звяна.

На міністэрскай канферэнцыі СААЗ шмат гаварылася пра тое, што мы сёння павінны працаваць над тым, каб раней выяўляць захворванні. Бо калі своечасова і правільна пастаўлены дыягназ чалавеку, калі ён прыйшоў да доктара не на запушчанай стадыі захворвання і атрымаў пры гэтым кваліфікаваную дапамогу, падстаў для крытыкі ў яго будзе менш. Звярнуцца да ўрача своечасова — гэта першасна для таго, каб у далейшым лячэнне было паспяховым. Ну і, вядома ж, пры першасным амбулаторным звяне павінны працаваць кваліфікаваныя, граматныя спецыялісты.

Вось вы гаворыце пра нашы рэспубліканскія цэнтры. У нас іх 17, яны працуюць па самых суперсучасных тэхналогіях на найноўшым абсталяванні, вядома, неабходна, каб і ў рэгіёнах ішло тэхнічнае аснашчэнне.

У той жа час у дачыненні прэтэнзій да паліклінік і ўрачоў нярэдка спрацоўвае так званае сарафаннае радыё. Нехта схадзіў на прыём, яму там нешта не спадабалася — і пайшло-паехала, ды ўрачы там такія-сякія, нічога не ведаюць, нічога не разумеюць і гэтак далей. Тут, напэўна, як і ўсюды і ў любой галіне, ёсць добры ўрач, добры настаўнік, добры прадавец, а не хам, добры кравец, слесар, да якога можна звярнуцца і ён акажа табе кваліфікаваную паслугу, а ёсць, прызнацца, і дрэнныя спецыялісты.

Перанос акцэнта ў сістэме аховы здароўя на першаснае звяно ў нас вядзецца ўжо даволі даўно. Але найбольш актыўна гэтая работа праводзіцца Міністэрствам аховы здароўя менавіта ў апошнія гады. З гэтай мэтай у першую чаргу павялічаны аб’ём фінансавання першаснага звяна, і ён складае не менш за 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання расходаў на ахову здароўя, што дазваляе развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу амбулаторна-паліклінічных устаноў, укараняць там новыя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння. Нямала робіцца і для ўдасканалення арганізацыі гэтай дапамогі.

Аляксандр Бянько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter