Сучасная медыцына ў Беларусі — гэта спалучэнне сучасных тэхналогій і даўніх народных традыцый лячэння і аздараўлення

Галоўнае — не хварэць

Больш за сто семдзесят тысяч замежнікаў у 2015 годзе атрымалі медыцынскую дапамогу ў Беларусі. І гэтая колькасць працягвае расці. Улетку да нас едуць не толькі адпачыць, але і падлячыцца. Бо сучасная медыцына ў Беларусі — гэта спалучэнне сучасных тэхналогій і даўніх народных традыцый лячэння і аздараўлення.



Успомнім, як у 2015-ым годзе ў Мінску праходзіла першая Еўрапейская міністэрская канферэнцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя “Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі “Здароўе-2020”. На яе адкрыцці выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Было прызнана, што наша краіна дасягнула вялікіх вынікаў у медыцынскай галіне, а беларуская ахова здароўя ідзе па шляху мадэрнізацыі ды тэхналагічных інавацый. Да прыкладу, Жужанна Якаб, дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ, адзначыла, што ў Беларусі самы высокі ў свеце працэнт імунізацыі дзяцей — 99 пра­цэнтаў. Паводле яе слоў, гэты факт павінен служыць прыкладам іншым еўрапейскім рэгіёнам. Што характэрна, за мінулы год не было выяўлена ніводнага выпадку дзіцячай смяротнасці. Таксама Жужанна звярнула ўвагу на поспехі Беларусі ў рабоце па барацьбе з цяжкімі захворваннямі: віч-інфекцыяй, сухотамі, анкалогіяй, кардыялогіяй. Дарэчы, наша Беларусь стала першай дзяржавай у свеце, якую наведала міжведамасная група ААН.

Сёння галіна лячэння папоўнілася “моднымі” павевамі. Генетычнае тэсціраванне, метад дыягностыкі Фоля, самамасаж, спелеалячэнне... Возьмем, да прыкладу, тэрапію. Якія толькі прыстаўкі да гэтага слова не сведчаць пра новае слова ў медыцыне! І хронатэрапія, і гірудатэрапія, і стоўнтэрапія… Ёсць і кранеасакральная тэрапія, і астэапатыя... Проста бум розных тэрапій! Практычна кожны медыцынскі цэнтр Беларусі і нават невялікія салоны прыгажосці прапаноўваюць шырокі спектр “суперсучасных” паслуг па паляпшэнні самаадчування. Вось і ў маім доме адкрылася цырульня, якая прапануе зняць стомленасць… у кедравай бочцы. Ёсць і клінікі, якія ўваходзяць у спіс вядучых на постсавецкай прасторы СНД. Напрыклад, у Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння ў Салігорску разам з традыцыйнымі метадамі лячэння ажыццяўляюць спецыялізаванае курсавое лячэнне метадам спелеатэрапіі, лечаць пацыентаў з хваробамі органаў дыхання. Гэта адбываецца на глыбіні 420-480 метраў пад зямлёй у спецыяльных саляных палатах, дзе выкарыстоўваюцца прыродныя фактары падземнай прасторы, размешчанай у масіве каменнай солі і калійзмяшчальным пласце. А залежам соляў, дзе цяпер знаходзіцца шахта і абсталяваны лячэбны конкурс, трыста мільёнаў гадоў!

Але многія цяпер папулярныя метады аздараўлення на самай справе былі вядомыя яшчэ са старажытных часоў.


Актыўная спелеатэрапія ў шахтах Салігорска. Фота: Віталій Гіль

Крыху гісторыі


Спачатку нашы продкі верылі, што хвароба чалавека — вынік уплыву злых духаў. Абараняліся ад іх амулетамі-шумеламі, якія выдавалі гукі пры хадзьбе, адпужваючы нячыстую сілу. Як вядома, да з’яўлення хрысціянства людзі верылі ў існаванне багоў, заключаных у нежывыя прадметы. Яны пакланяліся, да прыкладу, камяням або дрэвам у надзеі вылечыцца ад хвароб. У музеі Гісторыі беларускай медыцыны, што ў Мінску, у адной з залаў стаіць макет валуна Багіні Мары — так звалі збавіцельку ад жаночых праблем. Можна назіраць, як да яе і ў нашы дні падыходзяць маладыя жанчыны.

Яшчэ хваробы “замаўлялі” і лячылі травамі. Дарэчы, і цяпер у розных кутках Беларусі можна знайсці траўніц і лекараў, якія кансультуюць, рэкамендуючы для таго ці іншага захворвання травяныя зборы. Жыве пад Ваўкавыскам у Гродзенскай вобласці траўніца Сафія. Яна ведае больш за 300 відаў раслін і нікому, хто да яе звяртаецца, не адмаўляе ў дапамозе. Памятаю яшчэ, мне расказвалі выпадак з жыцця мінчаніна доктара Валерыя Моластава. Ён напісаў больш за дзясятак кніг па біялогіі і сацыялогіі, пра акупунктуру і масажы, хваробы спіны... Аднойчы ў самога Моластава ўзнікла праблема з пальцам рукі: пачаўся запаленчы працэс. Здавалася б, спецыяліст з такім шырокім даляглядам здольны дапамагчы сабе сам. Але, на жаль! Да якіх толькі традыцыйных метадаў лячэння ён не звяртаўся — нічога не дапамагала! І вось яму раяць з’ездзіць у вёску, маўляў, там-то і там жыве “бабка Маня”. Доктар едзе! Стукае да бабулькі, паказвае палец. Тая не робіць нічога асаблівага: запальвае свечку, моліцца, а потым абмотвае запалены палец чырвонай стужкай. Што дзіўна, пасля візіту да знахаркі Валерый Дзмітрыевіч пайшоў на папраўку і, у канчатковым выніку, ачуняў. Вось такія яны — парадоксы медыцыны!

Як вядома, большасць вынаходстваў, на якіх грунтуецца сучасная медыцынская навука, дала свету эпоха Адраджэння. Напрыклад, Захар Янсен — акулярных спраў майстар — у 16 стагоддзі вынайшаў мікраскоп. Гэта дало магчымасць вывучаць структуру клеткі і паклала пачатак мікрабіялогіі. Фізікі Луіджы Гальвані і Алесандра Вольта, якія праславілі сваё прозвішча, прапанавалі новыя спосабы лячэння токам. Імі карыстаюцца і па гэты дзень. Праўда, сфера выкарыстання электрычнай энергіі значна пашырылася: гэта дэфібрыляцыя — “электрашок” у рэанімацыі, які аднаўляе работу сэрца, — электрафарэз, метад дыягностыкі Фоля...

У Мінску з’яўляюцца першыя шпіталі і дамы па доглядзе бяздомных і састарэлых. З’яўляюцца і аптэкі. Першая з іх адкрылася ў 1659 годзе, а другая — толькі праз 123 гады! Па ўзроўні аснашчанасці тыя аптэкі не саступалі еўрапейскім. Паступова расце і колькасць адукаваных дактароў. Адным з самых вядомых сярод іх быў першадрукар і грамадскі дзеяч, навуковец і філосаф-гуманіст Францыск Скарына. Але, цікавы факт: лячэннем урачы не займаліся. Яны толькі разважалі аб хваробах і ставілі дыягназы. Усю практычную работу за іх выконвалі цырульнікі: яны не толькі стрыглі валасы, але і вырывалі зубы, ампуціравалі канечнасці, дапамагалі парадзіхам праз кесарава сячэнне і нават рабілі пластычныя аперацыі!


Календула — карысная кветка. Фота: БелТА

У 18 стагоддзі павітухі і знахары ўжо навучаліся рамяству ў спецыялізаваных школах. Такім чынам, розніца паміж народнай і “казённай” медыцынай паступова сціралася.

У пачатку 20 стагоддзя ў Мінску была пабудавана губернская земская бальніца, дзе да нядаўняга часу працавала 2-я гарадская клінічная бальніца, таксама найстарэйшая лячэбная ўстанова сярод дзеючых бальніц Мінска (адкрылася ў 1799 годзе). Першым галоўным урачом земскай лячэбніцы быў Іван Здановіч. Яго звалі “доктар дабрыні”, бо Іван Усцінавіч уклаў нямала асабістых сродкаў на медыцынскае абсталяванне ды інструментарый бальніцы. Яшчэ цікавы факт. У Мінску ў той час рэгулярна праводзіліся дабрачынныя акцыі — дні “белай кветкі”: усюды прадаваліся рамонкі і лілеі. Выручаныя грошы ішлі на будаўніцтва амбулаторый і дапамогу хворым на сухоты.

Тэхнічны прагрэс мінулага стагоддзя рэзка павялічыў тэмпы развіцця і беларускай медыцыны. З’явілася навука — рэнтгеналогія. Навукоўцы распрацавалі ўстройствы, што рэгіструюць работу ўсіх органаў і сістэм чалавека. Цяпер цяжарная жанчына загадзя ведае пол будучага дзіцяці і бачыць яго абрысы дзякуючы УГД. Многія прыборы, такія як танометры, тэрмометры, інгалятары, ёсць практычна ў кожным доме. З’явіліся масажоры і азанатары, крыякамеры ды інфрачырвоныя лазні… Усімі гэтымі прыстасаваннямі для аздараўлення карыстаюцца і беларусы.

Нарэшце, узнікла генетыка.


Траўніца Сафія дапаможа ўсім, хто да яе звернецца

Не лячыць, а папярэдзіць


Старажытны прынцып захаваць здароўе, а не лячыць хваробу сёння ў трэндзе. Толькі цяпер ён — на якасна іншым узроўні, дзякуючы дасягненням у сумежных медыцыне навуках. Звернемся да генетыкі.

У цяперашні час можна загадзя даведацца пра схільнасці да генетычных парушэнняў. У Мінску абследавацца прапаноўваюць у Лабараторыі генетыкі чалавека Цэнтра геномных тэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На сённяшні дзень гэта адзіны на ўсёй прасторы СНД акрэдытаваны цэнтр. Акрамя таго, лабараторыя штогод удзельнічае ў міжлабараторных параўноўваннях вынікаў генатыпавання, якія праводзіць Рэферэнсны Інстытут Біяаналітыкі ў Боне. І штораз атрымлівае сертыфікаты, якія пацвярджаюць карэктнасць праводзімых даследаванняў. Што азначае генатыпаванне?

Самымі папулярнымі, паводле слоў загадчыцы лабараторыі Ірмы Масэ, з’яўляюцца тэсты на сардэчна-сасудзістыя захворванні, эндакрынныя, астэапароз і на невыношваль­­-нас­­­ць цяжарнасці. Але беларусы звяртаюцца ў цэнтр не толькі па пытаннях здароўя. Дзякуючы тэсту можна даведацца, ці ёсць у чалавека неспрыяльныя да фізічных нагрузак або, наадварот, “адораныя” гены. Дарэчы, усе нашы нацыянальныя зборныя прайшлі генатыпаванне “на тэму” спартыўных дасягненняў. І высветлілася, што не кожнаму спартсмену падыходзяць трэніроўкі на высакагорных вяршынях. Таму некаторых з іх падвозяць да месца дзеяння непасрэдна перад пачаткам спаборніцтваў.


Ірма Масэ. Партрэт генетыка. Фота: Таццяна Сталярова

Таксама ў цэнтры можна правесці даследаванні псіхаэмацыйных якасцяў чалавека, як, напрыклад, устойлівасць да стрэсаў. Гэта дазваляе выключыць метад падбору лякарстваў “усляпую”. У практыцы Ірмы Масэ бывалі выпадкі, калі аптымальная дазіроўка аднаго і таго ж прэпарату для розных пацыентаў “разыходзілася” ў пятнаццаць разоў! Дарэчы, яна мне расказвала, што цяпер у свеце існуе спіс з паўсотні лякарстваў, якія забаронена прапісваць без папярэдняга тэсціравання на сумяшчальнасць. Інакш усё можа прывесці да лятальнага канца. У Інстытуце ёсць прыбор — ён называецца секвенатар, які можа даследаваць абсалютна ўсе гены чалавека. Але патрэбы даведацца больш падрабязна пра форму пазногцяў або структуру валасоў у беларусаў пакуль не ўзнікае. Часцей за ўсё да тэсціравання звяртаюцца ўрачы перад адказнай аперацыяй. Ды і жадаючых атрымаць свой асабісты генетычны пашпарт сярод грамадзян Беларусі становіцца ўсё больш. Ірма з задавальненнем успамінае пра самага маленькага кліента — шасцімесячную дзяўчынку. Яе маці заказала поўны комплекс даследаванняў, каб з ранняга дзяцінства “трымаць руку на пульсе” здароўя дзіцяці. Прызнаюся, уражвае і выклікае павагу. Вельмі часта да генатыпавання звяртаюцца здаровыя жанчыны, якія не могуць зачаць і вынасіць дзіця. Пасля карэктнага лячэння дзякуючы вынікам тэсціравання ў васьмідзесяці выпадках са ста жанчынам удаецца стаць маці.

Не так даўно, пра што добра ведаюць беларускія генетыкі, амерыканскі прафесар Інстытута сістэмнай біялогіі Лерой Худ, вядомы сваімі даследаваннямі структуры ДНК, увёў ва ўжытак новае паняцце: “4П медыцына”. За ёй, паводле слоў навукоўца, калі не вечная будучыня чалавечага роду, то хоць бы яго якаснае паляпшэнне і, як вынік, павелічэнне жыцця на дзесяць-дваццаць гадоў. А сакрэт таямнічых “4П” — у прэдыктыўнасці, прэвентыўнасці, персаналізацыі і партысіпатыўнасці.

Прэдыктыўнасць або прадказальнасць — азначае магчымасць загадзя выяўляць патэнцыйныя парушэнні ў здаровым арганізме шляхам генетычнага тэсціравання. Сутнасць прэвентыўнасці ў прафілактыцы выяўленых парушэнняў. А персаналізацыя — гэта індывідуальны падыход да пацыента з улікам яго генетычнага пашпарта. І, нарэшце, чацвёрты “сакрэт” Худа — партысіпатыўнасць. Навуковец прапаноўвае больш не разглядаць пацыента як асобны суб’ект.


Тамограф — звычайнае абсталяванне ў беларускіх клініках. Фота: Таццяна Сталярова

Прынцып непадзельнасці


Дарэчы, шмат тысяч гадоў таму, у тыбецкай медыцыне цела лічылася непадзельным. Лекары не надавалі асаблівай увагі асобнаму органу або частцы цела. Што ж тады лячылі? Нервовую сістэму!

Узяць хоць бы найстаражытнейшую навуку пра здаровае і доўгае жыццё — Аюрведу. Нягледзячы на тое, што яна зарадзілася ў Індыі больш за 5000 гадоў назад, цяпер колькасць прыхільнікаў гэтай навукі расце. Галоўным фактарам дабрабыту ў Аюрведзе лічыцца адзінства цела, органаў пачуццяў і руху, розуму і душы.

Яшчэ прыклад. У кітайскай медыцыне здароўе чалавека разглядаецца комплексна з чатырох пазіцый. Найважнейшая — псіхіка. Затым — эмоцыі, мерыдыянальная сістэма і, нарэшце, так званая фізічная абалонка. (Для параўнання: заходняя мадэль медыцыны дзеліць чалавека на два складнікі: псіхіка і цела.) Любая хвароба, на думку кітайскіх лекараў, пачынае развівацца ў розуме. Далей падключаюцца негатыўныя эмоцыі, дзейнічаючы па прынцыпе “думка нараджае жаданне”. Гэта прыводзіць да парушэння натуральнага патоку энергіі, які рухаецца ў арганізме пэўным чынам. Чалавек пазбаўляецца неабходнай яму жыццёвай сілы і, як вынік, пачынае хварэць. Таму лячылі чалавека, а не яго хваробы. І дрэнны быў той урач, які “даводзіў” імператара Старажытнага Кітая да хваробы. Такога “лекара” неадкладна выганялі са двара.


У Музеі гісторыі медыцыны

З галіны фантастыкі


Паводле прагнозаў навукоўцаў, “рамантаваць” муціраваныя гены пачнуць у 2017-м годзе. Сутнасць працэсу: аднаўленне пашкоджаных ДНК і выдаленне непатрэбных. Фантастыка! Але інжынер-генетык Брус Ліптан яшчэ ў мінулым стагоддзі паведаміў навуковаму свету, што сілай думкі можна змяніць код ДНК, вылечыўшы такім чынам любую хваробу. Па сутнасці, ён пацвердзіў тэорыю аўтара “4П-медыцыны” Лероя Худа аб магчымасці ўплываць на клетку арганізма шляхам знешняга ўздзеяння. Толькі яно — у веры! Бо можна ж з дапамогай гіпнозу перапраграмаваць падсвядомасць, “залатаўшы” ў ім “дзіркі” дзіцячых псіхатраўм і негатыўнага жыццёвага досведу! Навуковец каменціруе, што нічога новага і не прыдумаў: эфект плацеба вядомы свету сотні стагоддзяў. Засталося толькі навучыцца сябе пераконваць.

Яшчэ адна фантастыка — “дыягностыка па кропках”. Яна нарадзілася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Размова пра экспрэс-тэсціраванне здароўя Рэйнхольда Фоля — нямецкага стаматолага. Праўда, да зубоў яго метад не мае адносінаў. Навуковец стварыў прыбор, падобны да гальванометра, і прымяніў веды акупунктуры. Калі ўздзейнічаць малым разрадам току на пэўныя кропкі кісці рук і ступняў, скура чалавека “адклікаецца” супраціўленнем. Паводле дадзеных, якія фіксуе прыбор, можна меркаваць пра паталогіі арганізма нават на самай ранняй стадыі.

Працэдура нядоўгая, бязбольная і без супрацьпаказанняў. Тым і прыцягвае многіх людзей. Метад дыягностыкі па Фолю папулярны звыш, чым у 30 краінах. Каб дакладна інтэрпрэтаваць вынікі, якія выдаюцца прыборам, патрэбны профільныя веды. Бо акупунктура — навука старажытная і адносіцца да нетрадыцыйнай медыцыны, як і гамеапатыя. Дарэчы, рэфлектолагі ды гамеапаты часцей за іншых звяртаюцца да дыягностыкі па Фолю. Знайсці іх у Мінску няцяжка. Практычна пры кожнай гамеапатычнай аптэцы і нават у дзяржаўных паліклініках ёсць урачы, якія могуць падабраць індывідуальныя лякарствы ў выглядзе кропелек і шарыкаў.

Не так даўно мне ў рукі трапіла кніга мінчаніна Мікалая Ігнаценкі “Самамасаж”. У ёй аўтар сцвярджае, што кожны чалавек здольны вылечыць сябе сам. Для гэтага дастаткова ведаць, як уздзейнічаць на той ці іншы орган. Метад Мікалая Іванавіча грунтуецца на старажытнаславянскіх тэхніках масажу. Іх сутнасць ва ўздзеянні на пярэднюю сценку жывата. Гэта значыць масажаванне яго рознымі спосабамі: націскаючы, пастукваючы. Так можна дабіцца інервацыі, іншымі словамі, “водгуку” ўнутраных органаў. У выніку паляпшаецца кровазабеспячэнне, што прыводзіць да вылячэння ад шэрага захворванняў. Аўтар дзеліцца гісторыямі, калі людзі самамасажам вылечылі сабе грыжу пазваночніка, бясплоднасць, літаральна паставілі сябе на ногі. Гучыць неверагодна!

* * *

Разглядаю ў Музеі гісторыі беларускай медыцыны ножападобныя крэмніевыя пласціны, якімі нашы продкі выконвалі першыя хірургічныя аперацыі, і разумею: мы адышлі далёка наперад. Сёння медыцынскія цэнтры і бальніцы Беларусі аснашчаны апаратурай, якая адпавядае самым сучасным еўрапейскім стандартам. Але якая гісторыя без асобаў?

Да прыкладу, нейрахірург Арнольд Смеяновіч у свае семдзесят пяць працягвае ратаваць людзей, робячы найскладанейшыя аперацыі. Чытала ў адным інтэрв’ю гісторыю пра 20-гадовага хлопца, які прыйшоў да Смеяновіча на прыём. “Не памятаеце мяне? — спытаў юнак. — Вы мяне ў тры гады выратавалі ад раку мозгу”. А летась Ірына Юнес — намеснік галоўнага доктара Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра — удастоілася звання “Чалавек года” за “ўкараненне перадавых тэхналогій у лячэнні і дыягностыцы дзяцей”. У разы ў параўнанні з 2008-м павялічылася колькасць пацыентаў, якія ўдала перанеслі трансплантацыю сэрца. У 2015 годзе іх было больш за сто чалавек. І як тут не ўспомніць экс-кіраўніка Масада ў Ізраілі Меіра Дагана, якому ў Мінску ў 2012 годзе зрабілі перасадку печані. Дарэчы, Дагану з такім цяжкім захворваннем, як рак, удалося пасля аперацыі пражыць каля 4 гадоў. Як паведамляла прэса, французкі хірург, які праводзіў аперацыю на беларускім абсталяванні, высока ацаніў і яго якасць, і прафесіяналізм беларускіх урачоў.

Сёння гісторыя беларускай медыцыны змясцілася ў дзвюх залах музея. Магчыма, з часам там адкрыецца яшчэ адна, дзе будуць прадстаўлены экспанаты медыцыны будучыні ў 3D-фармаце. Або, скажам, прастору новай залы зойме ўсяго адзін экзэмпляр — выява рукі чалавека як самага ўнікальнага “інструмента”. Раптам так здарыцца, што гадоў праз сто або дзвесце ўрачы навучацца бескантактава лячыць чалавека? Але ў якой тэхніцы гэта будзе выканана, уявіць складана.

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter