Минск
+10 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

Головчин - потомок древнего Голотическа

Галоўчын: мемарыяльная дошка механізатару і мудры дэвіз жыцця


У вядомай «Аповесці мінулых гадоў» узгадваецца горад Галацічаск, які навукоўцы атаясамліваюць з бялыніцкім паселішчам Галоўчын. Тут захаваліся два гарадзішчы, падмуркі пабудоў XVI—XVIII стагоддзяў, рэшткі сутарэнняў часоў позняга феадалізму.

Пісьмова Галоўчын упершыню ўзгадваецца ў дакументах ХV стагоддзя як маёнтак у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага княгіні Алены, дачкі рускага цара Івана III, жонкі вялікага князя літоўскага Аляксандра. Потым маёнткам валодалі князі Галоўчынскія, Патоцкія, Пацы. У канцы ХVI стагоддзя Галоўчын упрыгожыў касцёл, дзейнічаў кляштар дамініканцаў, каля якога пралёг Віленскі паштовы тракт.

Адзначаецца паселішча і ў Баркулабаўскім летапісе. У 1584 годзе яно атрымала статус горада.

У час сярэдневяковых войнаў усе сядзібы былі двойчы спалены. Навакольныя палі заліваліся крывёю ваяроў. Летам 1654 года ў гэтых мясцінах войска вялікага князя літоўскага Януша Радзівіла злучылася з атрадам гетмана польнага Вінцэнта Корвін-Гасеўскага. У Паўночную вайну ў 1708 годзе жорсткі бой адбыўся каля рэчкі Вабіч паміж расійскімі і шведскімі войскамі.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Галоўчын адышоў да Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі дзве царквы, млын, бровар, сукнавальня. Тутэйшыя займаліся земляробствам, кушнерскім, кравецкім, шавецкім, кавальскім, стальмашным, сталярным, бандарным промысламі. Штогадова ладзілася па два кірмашы. У 1883 годзе адкрылася школа.

На пачатку мінулага стагоддзя мястэчка захоплівалі кайзераўскія войскі. Пасля ўстанаўлення савецкай улады Галоўчын увайшоў у Расійскую Федэрацыю, а ў 1924-м вернуты ў БССР. Статус мястэчка панізіўся да вёскі —цэнтра сельсавета Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Адкрылася сыраробчая майстэрня, быў утвораны калгас, які рэфармаваны ў ААТ «Бялынічы».

У нямецка-фашысцкую акупацыю ворагі загубілі больш як дзвесце мясцовых жыхароў. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр вайны.

Адным з першых у Бялыніцкім раёне Галоўчын атрымаў статус аграгарадка.


Сядзібы бялыніцкага Галоўчына, куды мяне прывяла чарговая вандроўка, параскіданы па крутабокіх узвышшах паабапал схаванай у хмызах рачулкі Вабіч. У аграгарадку перасякаюцца ажыўленыя аўтадарогі з Магілёва на Шклоў і з Бялыніч на Круглае. На самым высокім пагорку, у цэнтры паселішча, узвышаецца двухпавярховы мураваны будынак. У ім пад адным дахам размешчаны сельвыканкам і амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.

Мясцовую ўладу ўзначальвае выпускнік Белдзярж-сельгасакадэміі Аляксандр Ляўковіч. Праз шырокія вокны яго прасторнага кабінета праглядаюцца забудовы аграгарадка. Гаспадар адзначыў, што вырас ён на Піншчыне. У апошні год студэнцтва ў Горках ажаніўся з аднакурсніцай Наталляй. На яе радзіму ў Бялыніцкі раён прыехалі працаваць. Аляксандр Анатольевіч узначаліў агранамічную службу ў былым калгасе імя Энгельса. Быў старшынёй суседняга Ланькаўскага сельвыканкама. З мінулага года прадстаўляе мясцовую ўладу ў Галоўчыне і ваколіцах.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр ЛЯЎКОВІЧ і старшыня назіральнага савета ААТ «Бялынічы» Іван ПАЛОННІКАЎ.

Два дзясяткі населеных пунктаў на тэрыторыі Галоўчынскага сельсавета. Больш як чатырыста жыхароў у аграгарадку. Крыху менш насельніцтва ў вёсцы Малы Кудзін — цэнтральнай сядзібе ААТ «Бялынічы». Амаль што хутарамі сталі вёскі Малы Трылесін, Малыя Васількі, Ветка, Гуры, пасёлкі Калініна, Атраднае. Жывуць там у асноўным састарэлыя. Старшыня сельвыканкама пастаянна сустракаецца з імі. З жыхарамі больш аддаленых пасёлкаў і вёсак падтрымлівае сувязь праз стараст. За адзінокімі вяскоўцамі, а іх на тэрыторыі сельсавета 58, замацаваны чатыры сацыяльныя работнікі.

Самыя розныя клопаты ў Аляксандра Анатольевіча. І сямейных спраў хапае. Адказны час у сына Максіма. Днямі юнак атрымаў атэстат сталасці і рыхтуецца паступаць на музыканта. Дачка — студэнтка сталічнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Пасля экзаменацыйнай сесіі летнія канікулы настроена правесці з роднымі.

У Галоўчынскай сярэдняй школе, куды завіталі са старшынёй сельвыканкама, сёлета няма выпускнікоў. Тут паўсотні навучэнцаў. Намесніка дырэктара школы Людмілу Беглякову цешыць, што ў бліжэйшыя гады колькасць вучняў павялічыцца. Пабольшала выхаванцаў у дзіцячым садку.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Людміла БЕГЛЯКОВА з навучэнцамі.

Адзначыла Людміла Сяргееўна аднаўленне прафарыентацыі старшакласнікаў. Дзяўчаты атрымліваюць прафесію швач-кі. Практычныя заняткі з імі праводзіць педагог Марына Чайкоўская-Бахмат. З юнакамі, якія засвойваюць прафесію слесара па рамонце сельгасмашын, займаецца вопытны майстар Барыс Глушак. У школе ёсць свой трактар МТЗ. Рыхтуюцца дакументы, каб аднавіць падрыхтоўку механізатараў.

Студэнтамі Белдзяржсельгас-акадэміі сталі выпускнікі былых гадоў Таццяна Швядоўская, Алеся Максіменка, Вольга Хрушчова. Механізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі гаспадаркі працуюць выхаванцы школы.

На сцяне школьнага будынка ўсталявана мемарыяльная дошка з партрэтам слыннага выпускніка Міхаіла Севярнёва. Тут ён атрымаў атэстат сталасці. У пасляваенныя гады скончыў політэхнічны інстытут у Мінску, абараніў кандыдацкую, а потым доктарскую дысертацыі. Стаў акадэмікам. Міхаіл Максімавіч кіраваў Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. Знаходзіў час і прыязджаў на сустрэчы з землякамі. Пасля яго смерці наведвае школу сын Аляксандр Севярнёў. Як дарагія рэліквіі захоўваюцца ў школе карціна з рабочага кабінета акадэміка Міхаіла Севярнёва і эксклюзіўны медаль Навукова-практычнага цэнтра па механізацыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Пяцікласнік Станіслаў ГАРБУЗАЎ.

Прыемна ўразіла мяне і мемарыяльная дошка на адміністрацыйным будынку ААТ «Бялынічы» ў гонар трактарыста Васіля Кацяшова. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Генадзь Сцефаненка, з якім сустрэліся, з мінулагодняй восені кіруе калектывам. У мінулыя гады лепшаму механізатару гаспадаркі прысуджалася грашовая прэмія імя Васіля Кацяшова ў эквіваленце 2000 долараў. Новы кіраўнік мае намер аднавіць гэту традыцыю.

У гаспадарцы звыш 5000 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 3600 — ворыва. Для своечасовай і якаснай апрацоўкі зямлі не хапае сучаснай тэхнікі. Напружанне і з кадрамі механізатараў.

Трэці год пасля заканчэння Крычаўскага дзяржагратэхкаледжа загадвае машынным дваром Пётр Старалаўнукоў. Разам з механізатарам Дзмітрыем Кузняцовым ён рыхтаваў да працы на сенажаці механічныя граблі ГВК. Сонечныя дні садзейнічаюць назапашванню сена. Кожная гадзіна на ўліку ў механізатараў. Хутка агрэгат быў гатовы да выхаду на сенажаць. Дзмітрый Кузняцоў расказаў, што восьмы сезон нарыхтоўвае кармы. Прафесію трактарыста атрымаў у Бялыніцкім дзяржпрафтэхліцэі. У жніво перасядзе за штурвал зернеўборачнага камбайна. Зараз уся тэхніка задзейнічана на лугах і сенажацях.

Загадчык машынна-трактарнага двара Пётр СТАРАЛАЎНУКОЎ.

Кіраўнік гаспадаркі Генадзь Сцефаненка заклапочаны тэмпамі нарыхтоўкі кармоў. Вядома, што не толькі ад колькасці, але і ад якасці фуражу залежыць прадукцыйнасць жывёлы. Летась ад кожнай з 1200 дойных кароў атрымана па 3000 кілаграмаў малака, што амаль на 700 кілаграмаў менш, чым у папярэднім годзе. Падвяла мінулагодняя засуха. Сёлета ў гаспадарцы да 1100 гектараў пашыраны кукурузныя плантацыі. На 300 гектарах па спецыяльнай тэхналогіі вырошчваецца гэта культура на зерне.

Праз густыя высокія травы пад’ехалі на легкавіку да статка дойных кароў, што пасвіліся на лузе за вёскай Малы Кудзін. Пазнаёміліся з пастухамі. Дваццацігадовы Павел Сідаровіч па прафесіі слесар па рамонце сельгасмашын. Спецыяльнасць атрымліваў у Хоцімску. Вярнуўся дамоў з маладой жонкай. Падрастаюць дачушкі Марына і Алёна. Трэці сезон Павел працуе пастухом. Маці Паўла Таццяна Уладзіміраўна — даярка на ферме. Маладая сям’я жыве ў адным доме з бацькамі. Спадзяюцца атрымаць жыллё ад гаспадаркі.

Другі пастух Мікалай Іваноў спецыяльнасць механізатара атрымаў у Бялынічах. На МТЗ-82 падвозіў кармы на жывёлагадоўчай ферме, працаваў у полі. Чацвёрты год даглядае жывёлу. Жонка Алена Віктараўна доіць кароў на сучасным малочна-таварным комплексе «Вялікі Трылесін». Ад гаспадаркі атрымалі катэдж у вёсцы Малы Кудзін.

Пастухі Павел СІДАРОВІЧ і Мікалай ІВАНОЎ.

Побач з аграгарадком завяршаецца ўзвядзенне вытворчых карпусоў сучаснага сельгаспрадпрыемства. На будаўнічым пашпарце аб’екта ўказана, што ўзводзіцца аграпрадпрыемства «Белдан» па вытворчасці збожжа і дацкай беконнай свініны магутнасцю 53 000 галоў. Заказчык будоўлі — замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Банецці».

Старшыня Бялыніцкага райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў адзначыў, што першая чарга вытворчасці свініны ўжо дзейнічае. 2400 племянных жывёл утрымліваецца ў цэху матачнага пагалоўя. Пад збожжавымі культурамі занята 6000 гектараў. На будучы год зямельныя ўгоддзі прадпрыемства плануецца пашырыць. Працу ўжо атрымалі два дзясяткі вяскоўцаў. Усяго на прадпрыемстве будзе занята паўсотні рабочых.

Бюджэт раёна папоўніцца зямельным падаткам і ад прыбытку прадпрыемства. Асноўнае, на думку Анатоля Леанідавіча, задзейнічана галоўнае наша багацце — зямля.

Зямля паклікала да сябе жыхароў Магілёва Аксану і Мікалая Кавалёвых. Купілі ў Галоўчыне сялянскі дом, абсталявалі яго і пераехалі. Гарадскую кватэру пакінулі сынам Уладзіміру і Мікалаю. Атабарыліся ў аграгарадку і праз год набылі суседнюю сядзібу, а потым яшчэ адну на вуліцы з прыгожай назвай Дубоўская. Неба падпіраюць векавыя дубы і таполі. Мурожным дываном усцелена вуліца, што пралегла па шырокім пагорку.

Аксана і Мікалай КАВАЛЁВЫ.

Праз драўляныя вароты па мяккім мурагу зайшлі на падворак Кавалёвых. На высокім драўляным ганку нас сустрэла статная гаспадыня, вельмі падобная на чароўную Нону Мардзюкову. Перш чым пачаць размову, гаспадыня пачаставала нас салодкімі клубніцамі са свайго агарода. Побач з домам стаялі два міні-трактары, якімі Кавалёвы апрацоўваюць свае 4 гектары зямлі. Вырошчваюць бульбу, гародніну і рэалізуюць на магілёўскіх рынках. Пацікавіўся, ці дапамагаюць сыны ўпраўляцца на зямлі? Гаспадар усміхнуўся і з гонарам падкрэсліў, што яны знайшлі сябе ў самай сучаснай прафесіі камп’ютаршчыкаў. Аксана Мікалаеўна дадала, што з узыходам сонца яна ўжо на градах. Ёсць задумка пашырыць плантацыю клубніц — гэта выгадна. Ідэя заняцца працай на зямлі ўзнікла ў Мікалая Канстанцінавіча, былога воіна-інтэрнацыяналіста. Па кропельцы назапашваюць вопыт свайго земляробства. Знаёмы ім параіў капусту садзіць пад плуг, пад сыры пласт зямлі. Так і зрабілі, і лапушыстая капуста ўпрыгожыла грады.

Акрамя земляробства, Кавалёвы загарэліся развядзеннем страусаў. З Расіі ім прывезлі птушанят. Гаспадыня настроена яшчэ прыдбаць маладзенькіх страусаў для гадоўлі.

Не хацелася пакідаць падворак шчаслівай сямейнай пары Кавалёвых. З іх агарода галоўчынскія краявіды нагадваюць данскія пейзажы. А мо так падалося, бо ў гаспадарах адчуў дух непаўторных Аксінні і Рыгора з «Ціхага Дона».

Сагрэлі сэрца і сустрэчы з самадзейнымі артыстамі. Восем гурткоў па інтарэсах, а таксама аматарскае фальклорнае аб’яднанне «Вытокі» дзейнічаюць у сельскім клубе вёскі Малы Кудзін. Асаблівае свята тут — Тройца. Самадзейныя артысты Дома культуры аграгарадка Галоўчын рыхтуюцца да фестывалю «Беларуская лялька», які пройдзе ў сярэдзіне лета ў суседнім райцэнтры Круглае.

Самадзейныя артысты Дома культуры аграгарадка Галоўчын Таіса РАЎШАНАВА, Леанід ШУТ і Святлана СІДАРЭНКА.

У кабінеце старшыні сельвыканкама на сцяне заўважыў рамку з тэкстам: «Хто хоча што-небудзь зрабіць — знаходзіць сродкі, хто не хоча рабіць — вышуквае прычыну». Гэтыя словы — рэальны дэвіз шчырых жыхароў Галоўчына.

Бялыніцкі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...