Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, якой нядаўна споўнілася 15 гадоў, актыўна рэалізуе разнастайныя творчыя праекты з беларусамі замежжа

Галерэя таленавітых сяброў

Чытачы газеты памятаюць, што ў Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” — а гэта самы цэнтры Мінска, у Палацы Рэспублікі — праходзіла сёлета выстава “Зора і Вітаўт”. Кажучы пра тое ў інтэрв’ю для часопіса “Беларусь. Belarus” (“Прыгожае люстэрка галерэі” — 2017, №9), яе дырэктар, магістр культуралогіі, выкладчык Універсітэта культуры і мастацтваў Павел Сапоцька падкрэсліў: задума выставы з’явілася дзякуючы стасункам з калектывам рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”. І ўдакладніў: “Калі набліжаўся чарговы З’езд беларусаў свету, мы абмяркоўвалі: што б цікавае прадставіць? Выйшлі на Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, канкрэтызавалі задуму. Былі ў нас ідэі наконт мастацкай выставы, а ўрэшце вырашылі абмежавацца дакументальнай, прысвечанай вядомым дзеячам беларускай дыяспары ў ЗША — Зоры і Вітаўту Кіпелям”.

Святочная Калядная імпрэза ў Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

Галерэя была створана ў 2002-м і перададзена Беларускаму дзяржуніверсітэту культуры й мастацтваў. Дзейнасць яе скіраваная на падтрымку розных творчых ініцыятыў, у тым ліку й юных талентаў. З сёлетніх праектаў выклікала немалы грамадскі рэзананс, напрыклад, выстава пясочнай графікі — міжнародны праект з удзелам амаль 40 аўтараў з Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы і Літвы. Па словах Паўла Сапоцькі, бадай што палова галерэйных праектаў — міжнароднага ўзроўню: “Мы ладзілі праграмы з творцамі, а таксама й арганізацыямі, установамі культуры й адукацыі, дыппрадстаўніцтвамі, творчымі суполкамі з розных краін: Расія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, Славакія, Германія, Італія, Іран, Ізраіль... Прайшла нядаўна сумесная выстава з Амбасадай Японіі, быў цікавы праект з Выдавецкім домам “Звязда” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі з Амбасадай Кітая”.

Павел Сапоцька
ФОТА ЮРЫЯ ІВАНОВА
У Галерэі ёсць дамоўленасці з амбасадамі Эквадора, Індыі, Палестыны, Расіі ды Італіі. Нядаўна распачаўся праект “Беларускія таленты ў свеце” — гэта спроба прыгожа паказваць на Бацькаўшчыне творчасць беларусаў, што жывуць у розных краінах. А такія творцы ёсць і ў Індыі, Эквадоры... Нядаўна ж Павел даслаў у рэдакцыю артыкул пад рабочай назвай “Мінск — Масква: творчы вечар Фёдара Баравога і Валерыя Калінічэнкі” — мяркуем выдаць яго ў бліжэйшы час. Абодва творцы — пісьменнікі, прычым ураджэнец Буда-Кашалёўскага раёна ( і ягоны Ганаровы грамадзянін) Валеры Калінічэнка жыве ў Маскве, ён член Саюза пісьменнікаў і заслужаны работнік культуры Расіі. Зрэшты, пачытаеце самі. Павел засяроджвае ўвагу: Культурна-асветніцкая праграма “Беларускія таленты ў свеце”, заснаваная рэдакцыямі газеты “Голас Радзімы”, часопіса “Беларусь. Belarus” і Мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры” — паспяхова стартавала. Быў у галерэі ў 2016-м і праект з Дабрачынным фондам беларуса з Санкт-Пецярбурга Вячаслава Заранкова “Созидающий мир” — выстава “Беларусь вачыма піцерскіх мастакоў”, да Дня Незалежнасці Беларусі. А ў жніўні 2016-га прайшла выстава да 140-х угодкаў Станіслава Жукоўскага па выніках пленэра, які праходзіў у Пружанскім раёне. Тады галерэя працавала супольна з піцерскім аб’яданнем “Перасоўнікі ХХІ стагоддзя”, якое ўзначальвае Валеры Выбаржанін.

У планах Галерэі — шырэй прадстаўляць у Беларусі творчасць беларускіх мастакоў замежжа. Павел марыць далучаць да праектаў і амбасады. Скажам, “адпрацаваць” такі фармат мастацка-дакументальных выстаў, як “Беларусы ў Малдове” і “Малдаване ў Беларусі”. Дарэчы, у Кішынёве даўно і плённа працуе мастак-беларус Вячаслаў Ігнаценка, прыгожа заявіла пра сябе і фотамастачка Ганна Мазур: у яе была персанальная фотавыстава. Пісалі мы пра мастачку з Францыі з беларускімі родавымі каранямі Ларысу Нуры-Шакінко. З намі распачаў супрацу мастак, кіраўнік Растоўскай рэгіянальнай грамадскай суполкі “Саюз беларусаў Дону” Уладзімір Банцэвіч, які родам з Палесся, з-пад Пінска. Карацей — паказаць ёсць што. І мы спадзяемся, што ў Новым годзе з Мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры”, з яе маладым, ініцыятыўным дырэктарам, са спрыяннем беларускіх суполак замежжа — усім нам разам шмат удасца зрабіць на карысць Бацькаўшчыны. 

Іван Ждановіч

Голас Радзімы № 48 (3552), чацвер, 21 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter