Галерэя каля Замкавай гары

Гэты прыгожы будынак у самым сэрцы Навагрудка побач з Замкавай гарой не заўважыць нельга — сапраўдная шляхецкая сядзіба.
Гэты прыгожы будынак у самым сэрцы Навагрудка побач з Замкавай гарой не заўважыць нельга — сапраўдная шляхецкая сядзіба. Менавіта пра такую даўно марыў яе цяперашні гаспадар — вядомы беларускі мастак Кастусь Качан. Менавіта ў такім памяшканні здаўна хацеў адкрыць у родных мясцінах (сам ён ураджэнец вёскі Лаўрышава) карцінную галерэю. Таму за ўласныя сродкі выкупіў аварыйны дом у цэнтры горада і ў 2008 годзе ўзяўся за будаўніцтва. 

12p_204213-01 500.jpg

Спецыяльны праект сядзібы ў стылі, уласцівым гістарычнаму Навагрудку, зрабіў знакаміты беларускі архітэктар Лявонцій Зданевіч.

З месяц таму жаданае нарэшце здзейснілася: адна з першых у краіне прыватных карцінных галерэй — «Сядзіба мастака Кастуся Качана» —  расчыніла дзверы для наведвальнікаў.

У галерэі дзве прасторныя залы, дзе прадстаўлена каля 70 работ прызнанага майстра пейзажа і нацюрморта. Дрэвы, кветкі, сялянскія хаты, замкі і храмы, жнеі ў полі, млын… Асобнае месца ў экспазіцыі займае карціна «Зімовы вечар». Яе мастак называе знакавай, з яе ў 1980 годзе пачаўся адлік яго сур’ёзнай творчай дзейнасці. Паказаная ўпершыню, яна мела грандыёзны поспех, пасля якога маладога мастака заўважылі, а яго работы пачалі ўдзельнічаць у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. 

Цікавая падрабязнасць: па першай адукацыі Кастусь Качан — фізік, скончыў БДУ. Гаворыць, прымусіў сябе гэта зрабіць, бо ўжо на другім курсе фізфака зразумеў: не ў тыя дзверы ў свой час зайшоў, не адчуў, што менавіта маляванне, якім захапляўся з дзяцінства, павінна стаць справай жыцця. Але памылку тую выправіў — некалькі гадоў дыпламаваны фізік і вольны слухач Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вучыўся жывапісу. 

Сёння творы Кастуся Качана знаходзяцца ў многіх музеях краіны, у мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расіі, фондах Беларускага саюза мастакоў, у Траццякоўскай галерэі, у прыватных калекцыях Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Сербіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі, ЗША, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Кітая, В’етнама… Яго карціны ахвотна купляюць. Між іншым, гэта грашовая крыніца і стала асноўнай у фінансаванні будаўніцтва галерэі. 

12p_Галерэя 087 500.jpg


— Спачатку грошай было зусім мала, хапала толькі на тое, каб выкупіць стары будынак. Але мною рухала нейкая ўпэўненасць: грошы з’явяцца. І Бог дапамог. Відаць, так бывае, калі ў чалавека ёсць высакародная мэта і ідэя, якая ідзе на агульную карысць. Якраз у той перыяд у мяне пачалі добра раскупляць карціны, — прыгадвае Кастусь Іванавіч. 

Многія мастацтвазнаўцы называюць яго спеваком беларускіх мястэчак. Ён не спрачаецца і шчыра прызнаецца, што на самай справе вабяць яго сваёй някідкай прыгажосцю краявіды невялікіх заходнебеларускіх гарадкоў і вёсак, сярод якіх асаблівае месца займае Навагрудак з яго таямнічай энергетыкай старажытнасці і сілы. Сюды, гаворыць, яго заўсёды цягне як магніт, тут асабліва плённа працуецца. 

Дарэчы, на верхнім паверсе галерэі размяшчаюцца майстэрня мастака і жылое памяшканне. Так што да зімы, як мінімум, спадар Кастусь можа смела забыць пра гаманкі Мінск, сваю персанальную сталічную майстэрню і асталявацца ў Навагрудку. Тым больш што ёсць ужо і вартая плённага ўвасаблення новая творчая задумка — заняцца маляваннем партрэтаў, не хапае іх, лічыць, побач з пейзажамі ў экспазіцыі. 

Разам з мастаком Мінск — сталіцу сённяшнюю на Навагрудак — сталіцу колішнюю змяніла і яго жонка Жанна Барысаўна. Шчыруе з ім побач у галерэі, гасцінна сустракае наведвальнікаў, праводзіць экскурсіі. 

А яшчэ збірае мясцовы старадаўні шляхецкі посуд, у калекцыі ўжо назапашана з дзясятак цікавых экзэмпляраў, для іх гаспадыня мае намер адвесці асобны куточак у адной з зал. 

Ёсць у пары і больш далёкія планы — аб’яднаць сядзібу з яшчэ адным будынкам. Ён, дарэчы, гістарычны, таксама выкуплены і знаходзіцца побач. Там, мяркуе мастак, маглі б праводзіцца зменныя выставы, займаліся б маляваннем дзеці. Знайшоўся і мецэнат родам з Навагрудка, гатовы гэтую ідэю падтрымаць фінансава. Словам, з цягам часу сядзіба будзе пашырацца і стане галерэйным комплексам. 

— Ведаеце, я вельмі задаволены, што нарэшце здолеў зрабіць тое, што даўно хацеў, пра што марыў. Адчуваю сябе шчаслівым, ганаруся, што цяпер у маім любімым Навагрудку, як і павінна быць у знатным старажытным культурна-гістарычным цэнтры краіны, ёсць карцінная галерэя — асяродак мастацкага жыцця. Дзеля гэтага, паверце, не шкада ні патрачаных сіл, ні часу, ні грошай, — узрушана гаварыў мне на развітанне Кастусь Качан — шырокай душы чалавек і шчыры патрыёт свайго краю.

Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru

Фота Кацярыны БЕСАРАБ и БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter