Галасы вёсак і стагоддзяў

СТАРТУЕ ён 1 верасня. Слухачоў чакаюць больш за 100 арыгінальных радыёперадач рознай тэматыкі і жанраў.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачынае новы сезон.

СТАРТУЕ ён 1 верасня. Слухачоў чакаюць больш за 100 арыгінальных радыёперадач рознай тэматыкі і жанраў.

— Жыццё і клопаты вяскоўцаў заўсёды ў цэнтры ўвагі нашых радыёжурналістаў. Гэта тэма для нас адна з прыярытэтных, — расказаў «БН» галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ. — У новым сезоне шмат будзем расказваць пра рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады. Як і раней, штодзень у эфір будзе выходзіць «Сельская раніца». У ёй плануем даваць больш радыёпартрэтаў вяскоўцаў, а пачнём, вядома ж, з пераможцаў сёлетняга жніва, якіх хутка будуць ушаноўваць на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі» ў Маладзечне. Зараз актыўна асвятляем ход падрыхтоўкі да свята працаўнікоў вёскі. Па суботах адразу пасля «Сельскай раніцы» будзе выходзіць у эфір новая музычная перадача з назвай «Іграй, душа!». У ёй будуць гучаць беларускія народныя музычныя інструменты. Вядучы гэтай праграмы — вельмі каларытны чалавек. Упэўнены, многія з вяскоўцаў яго ведаюць, але пакуль захаваю інтрыгу.

Таксама мы працягнем расказваць аб фальклорных калектывах, зноў будзем ладзіць радыёэкспедыцыі ў нашы аддаленыя вёсачкі, пра якія слухачы даведаюцца з перадачы «Галасы стагоддзяў».

Дарэчы, усе праграмы, якія мелі высокі рэйтынг і шырокую слухацкую аўдыторыю ў мінулым сезоне, захаваюцца. А яшчэ штодня па буднях у 9.30 будзе выходзіць новая інфармацыйна-аналітычная перадача па актуальных сацыяльна-эканамічных пытаннях «Дзелавы радыёпартал». Дыскусійная перадача «Давайце абмяркуем» з’явіцца ў суботнім эфіры ў 16.15. Праграма па лістах радыёслухачоў «Звычайныя гісторыі» будзе распавядаць аб цікавых лёсах і жыццёвых перыпетыях па суботах у 13.30.

Сярод новых праектаў — публіцыстычная праграма аб заслужаных людзях краіны «Героі нашага часу» (нядзеля), інфармацыйна-пазнавальная юрыдычная перадача «Права-веды» (чацвер), навукова-папулярная праграма «Нязведаныя гарызонты» (серада), перадача аб творчых праектах і аўтарах тэлеканалаў і радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі «Па-за эфірам» (субота), праграма аб развіцці беларускага кінематографа «Кінаклуб» (нядзеля).

Па выхадных у 9.00 будзе выходзіць «Сямейная зарадка» — гульнёвая перадача для ўсёй сям’і, якая ў цікавай форме дапаможа настроіцца на актыўны і карысны адпачынак. У стварэнні праграмы змогуць прыняць удзел усе жадаючыя. Для гэтага трэба толькі даслаць на радыё свае варыянты сямейных размінак, якія пасля адбору інструктарамі, магчыма, прагучаць у эфіры.

У драматургічным праекце «Тэатр Беларускага радыё» з’явіцца дадатковы выпуск у нядзелю. У сезоне 2011—2012 гг. працягнецца стварэнне новых арыгінальных радыёпастановак. Таксама з верасня радыёслухачоў чакаюць новыя музычныя «лінейкі» (9.10—9.30, 16.30—17.00, 21.30—22.00). Як вядома, галоўнае ў музычнай палітыцы — папулярызацыя творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter