Выдавецтва “Мастацкая літаратура” прадоўжыла творчы праект “Сябрына: паэзія народаў Расіі”: пабачыла свет кніга вершаў народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна “Начныя птушкі”

Галасы паэтычнай дружбы

Кнігу Роберта Мінуліна пераклаў на беларускую мову Мікола Мятліцкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У прадмове да яе гаворыцца: “Такая падзея па сённяшнім часе рэдкая — параўнальна нядаўна за кароткі адрэзак часу ў Беларусі выходзіць другая перакладная кніга паэта з Татарстана…” “Начным птушкам” папярэднічала кніга вершаў Роберта Мінуліна, адрасаваная дзецям. Яна пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. “Два колеры ў жыцці люблю —/ і белы, і зялёны:/ Зімы пяшчотнай кісяю,/ Жывой вясны карону,” — так адкрываецца зборнік вядомага татарскага паэта, якому ўжо даўно не падаецца чужой старонкай Беларусь.

Народны паэт Татарстана Роберт Мінулін

Раней вершы Роберта Мінуліна друкаваліся ў часопісе “Вясёлка”, газеце “Літаратура і мастацтва”, у калектыўным зборніку твораў паэтаў і празаікаў Расіі, адрасаваных дзецям, — у анталагічнай серыі “Дзіцячая літаратура народаў СССР”. У 2009-м ён быў удзельнікам міжнароднага круглага стала беларускіх і замежных пісьменнікаў у Смаргоні. Трэба было бачыць, з якой шчымліваю тугой блукаў ён па сцежках у Залессі. Падставы на тое асаблівыя. Шмат гадоў таму Роберт Мінулін напісаў верш “Слухаючы паланэз Агінскага”: “Агінскага/ Даўнейшы паланэз/ Іграе хтосьці/ Так натхнёна./ У нотах/ Горкую тугу/ Ён адкрывае зноў/ Здзіўлёна./ А чалавека нудзіць ростань./ Сум зразумець яго/ Так проста…/ ў Айчыны просіць/ Даравання…” Пранікліва, надзвычай душэўна гучаць гэтыя словы і цяпер. Вельмі ўважлівым быў татарскі паэт да смаргонскіх Кушлянаў, калі яму распавядалі пра лёс паэта-адваката Францішка Багушэвіча. А сёлета, 1 сакавіка, Роберт Мугалімавіч удзельнічаў у міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” у Мінску.
70 вершаў аб’яднаны ў кнізе “Начныя птушкі”. Кожны з твораў — як глыток крынічнай вады, дзякуючы якому і беларусу прасцей адчуць, спасцігнуць свет татарскай культуры, татарскай літаратуры.

“Серыя будзе мець працяг, — гаворыць дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт і перакладчык Алесь Бадак. — “Сябрына”, распачатая ў свой час кнігай вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне”, відавочна, папоўніцца новымі зборнікамі. Чаму б не кнігамі калмыкаў Рымы Ханінавай, Эрдні Эльдышава, чачэнцаў Адама Ахматукаева, Лулы Куна, Петрымат Пецірымавай, удмурта Сяргея Мацвеева, чуваша Валерыя Тургая, башкіркі Зульфіі Хананавай? А мо і яшчэ некага, чые вершы сёння друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, газет “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”.

Масты паміж беларускім мастацкім светам і паэтычнымі прасторамі народаў Расіі выбудоўваюць, трываляць і малодшыя калегі Міколы Мятліцкага — паэты і перакладчыкі Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец, Марыя Кобец, Валерыя Радунь.

Алесь Карлюкевіч



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter