Шесть тестов пройдены: за пользование электронными приборами с экзаменов удалены 12 абитуриентов

Гаджэты іх паблыталі

Яшчэ адзін позірк — у падручнік, на табліцу дзеясловаў, каб асвяжыць памяць, і хлопцы і дзяўчаты з ўнутранага дворыка БДУ разыходзяцца па розных карпусах розных факультэтаў. Усё залежыць ад таго, якую мову здаеш. Англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская... Толькі ў галоўную ВНУ краіны на шосты экзамен ЦТ з’ехаліся больш за 2 тысячы абітурыентаў. Ва ўсёй Беларусі яго здавалі больш за 26,5 тысячы чалавек.

Больш за 26,5 тысячы чалавек па ўсёй краіне здавалі экзамен па замежнай мове.

— Пашпарт. Забяры пашпарт, — мама Наталля літаральна на прыступках кліча сына Аляксея. Малады чалавек у задуменні робіць некалькі крокаў назад: — Гэта ж трэба! Усё ўзяў, а пра самы важны дакумент забыўся! Мог з-за гэтай дробязі год страціць...

І сапраўды ж — дробязь! Але такая важная гэтымі днямі. Адправіўшы сына, Наталля прызнаецца: праводзіць не планавала. Падвезла па дарозе на працу — не больш таго. І, як аказалася, не дарэмна. Тым больш, што гэта апошні іспыт у спісе хлопца. У скарбонцы — экзамен па рускай мове і матэматыцы. У планах — эканамічная спецыяльнасць. Таму магчымасць здаваць чацвёрты тэст нават не разглядалася. А тут такое!

— Цяпер са спакойным сумленнем на працу! — усміхаецца яна. — Як здасць экзамен? Не хвалююся, рыхтаваўся. Вядома, здасць добра!


Дарэчы, у гэтым годзе сітуацый, калі абітурыенты забываюць на экзамены дакументы, уводзіць у курс справы адказны сакратар БДУ Павел Навойчык, у ВНУ стала нашмат менш:

— Часцей здараецца блытаніна з пропускамі: дома забыліся ці пераблыталі, узялі пропуск на другі прадмет. Але такія сітуацыі вырашаюцца імгненна. Галоўнае, каб пашпарт быў у наяўнасці — выпішам новы пропуск.

Папярэднія пяць экзаменаў, па словах адказнага сакратара, прайшлі ў штатным рэжыме. Так, адзін абітурыент ў першыя ж дні быў выдалены з-за выкарыстання мабільнага тэлефона — сітуацыя класічная. Але больш тых, хто б выпрабоўваў лёс, не было. Што тычыцца працэнта тых, хто не з’явіўся, тут ён карэлюе з мінулым годам ці нават ніжэй. Зрэшты, як і ў цэлым у гэтым го­дзе па краіне. Паводле інфармацыі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, распавядае дырэктар Юрый Міксюк, гэта лічба складае 5,5 працэнта. Усяго выдаленых за карыстанне гаджэтамі — дванаццаць чалавек.


Тое, што іспыты па двух самых папулярных у абітурыентаў прадметах былі разбітыя на два дні, Павел Навойчык ў цяперашняй эпідсітуацыі лічыць мудрым рашэннем.

— Гэты факт не выклікаў у нашых абітурыентаў ніякіх скаргаў ці нараканняў. Не было тых, хто прасіў бы аб змене дзён і гэтак далей. А галоўнае, што колькасць дзяцей, якія прыходзілі ў адзін дзень, не была крытычнай. Матэматыку і рускую мову ў дні экзаменаў здавалі па паўтары тысячы чалавек. А гэта значыць, што стоўпатварэнняў не было. Хлопцы і дзяўчаты не тоўпіліся ў нас ва ўнутраным дворыку, самі дамаўляліся, хто ўваходзіць раней, хто пазней. Гэта парадавала. Справіліся і ў гэты раз, хоць экзамен па замежных мовах у нас здае больш за дзве тысячы чалавек.

Стоўпатварэнняў каля карпусоў, як і на іншых экзаменах, не было.

Што ж, фактычна палова экзаменаў ЦТ здадзена. Напера­дзе — яшчэ пяць выпрабаванняў. 8 ліпеня пройдзе іспыт па хіміі, ужо 10 ліпеня тыя, каму ў скарбонцы неабходны яшчэ адзін дакладны прадмет, здадуць фізіку. Далей 12 ліпеня — гісторыя Беларусі, 14 ліпеня — геаграфія і 16 ліпеня — сусветная гісторыя (найноўшы час). Для тых, у каго ёсць уваж­лівыя прычыны, вызначаны рэзервовыя дні выпрабаванняў. 19 і 21 ліпеня абітурыенты змогуць здаць беларускую і рускую мовы, 19 і 23 ліпеня — усе астатнія экзамены. Тэрміны перарэгістрацыі абітурыентаў для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні — з 12 ліпеня па 17 ліпеня. Першыя вынікі ўдзельнікі ЦТ даведаюцца ўжо 24 ліпеня.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter