Гадзілавічы пайшлі ад ... Гадзілы

НА РАГАЧОЎШЧЫНЕ вёсак з цікавымі назвамі — хоць адбаўляй. І Рэпкі тут, і Ліскі, і Княжынка, і Партызаны, і Марусіна, пералічваць можна бясконца. Для мясцовых жыхароў — назва сабе як назва, а для прыезджых — дзіва дзіўнае. Мне ж больш за ўсё захацелася пабываць у Гадзілавічах. Цікава стала, можа, там гады жывуць і робяць паскудствы адзін аднаму? А можа, які-небудзь мясцовы асілак Гадзіла першым узараў зямлю, дзе пасля раскінулася вёска. Дарэчы, у сваіх здагадках я блыталася-блыталася, аднак да ісціны не дайшла, пакуль у саміх Гадзілавічах не пабывала. А між тым не толькі назва вёскі, але і яе гісторыя вартая таго, каб у іх пакапацца.

Чаму ў гэтым рагачоўскім аграгарадку ўся моладзь сядзіць у Інтэрнэце, а школа была вядомая ўсяму Савецкаму Саюзу

НА РАГАЧОЎШЧЫНЕ вёсак з цікавымі назвамі — хоць адбаўляй. І Рэпкі тут, і Ліскі, і Княжынка, і Партызаны, і Марусіна, пералічваць можна бясконца. Для мясцовых жыхароў — назва сабе як назва, а для прыезджых — дзіва дзіўнае. Мне ж больш за ўсё захацелася пабываць у Гадзілавічах. Цікава стала, можа, там гады жывуць і робяць паскудствы адзін аднаму? А можа, які-небудзь мясцовы асілак Гадзіла першым узараў зямлю, дзе пасля раскінулася вёска. Дарэчы, у сваіх здагадках я блыталася-блыталася, аднак да ісціны не дайшла, пакуль у саміх Гадзілавічах не пабывала. А між тым не толькі назва вёскі, але і яе гісторыя вартая таго, каб у іх пакапацца.

Зорны калектыў і легендарная школа

Цяпер жыхары Гадзілавічаў, калі называеш населены пункт вёскай, папраўляюць: «Не вёска, а аграгарадок». Тут для камфортнага жыцця ўсё пад рукой, у цэнтры: і сярэдняя школа, і сельская бібліятэка, і клуб, і пошта, і дзве крамы з прадуктамі і прамтаварамі, і ФАП, і сельвыканкам, і бутэрбродная «Сустрэча». Цэнтральная вуліца носіць назву Маскоўская. Гадзілаўцы ганарацца тым, што іх вёску дзеліць папалам буйная шаша Брэст — Масква, а за вёскай працякае адна з паўнаводных рэк Беларусі — Дняпро. Бывае, увесну некалькі двароў на ўскраіне падтоплівае.

Між іншым тут пралягаў знакаміты «шлях з варагаў у грэкі». І ходзяць чуткі, што сама імператрыца Кацярына ІІ пасля далучэння Беларусі да Рэчы Паспалітай праязджала міма Гадзілавічаў. Спынілася і папрасіла ў сялян вады, а тыя адвярнуліся і пайшлі па сваіх справах. Тады імператрыца раззлавалася і кінула ўслед: «Гады!» Вось адтуль і пайшла назва вёскі —  Гадзілавічы.

Хаця многія мясцовыя жыхары лічаць інакш. Напрыклад, школьны бібліятэкар Вера Лакізава ведае нават два варыянты паходжання назвы:

— Мне маці расказвала так. Праз вёску штодзень праязджала шмат людзей, жыхары тым і зараблялі, што аказвалі чужакам паслугі: то кола памяняюць, то павозку адрамантуюць, то вады паднясуць для коней. Дагаджалі прыезджым, вось і празвалі нашых продкаў гадзілаўцамі, а вёску — Гадзілавічамі. Па другой версіі — з-за тых нізінных мясцін, дзе вадзілася многа гадаў: гадзюк, яшчарак, жаб. Гэтыя гады і далі назву вёсцы.

У пятніцу, бліжэй да абеду, у аграгарадку ціха і спакойна: пенсіянеры корпаюцца ў гародчыках, малыя дзеткі — у садку ці школе, старшакласнікі дапамагаюць мясцоваму калгасу прыбраць бульбу.

Сярэдняя школа ў Гадзілавічах — легендарная,  вядомая ўсяму Савецкаму Саюзу. На Рагачоўшчыне раней за Гадзілавіцкую з’явілася толькі адна  школа — у Азяранах. Першыя  заняткі ў Гадзілавічах прайшлі ў 1870 годзе, тады яшчэ школа лічылася царкоўна-прыходскай, а грамаце 65 сялян вучыў рэкрут з роду Садоўнікавых.

— У савецкія часы школа была эксперыментальнай базай у вобласці адукацыі для ўсяго Саюза, — расказвае яе дырэктар, гісторык Ігар Лахардаў. — Пры яе кіраўніку Аляксандру Шкутаву вучні старэйшых класаў упершыню сталі займацца ў вучэбна-вытворчых камбінатах і атрымліваць прафесію. Эксперымент прайшоў удала, і такая практыка распаўсюдзілася па ўсіх школах Саюза. Да мінулага года мы рыхтавалі трактарыстаў, многія хлопцы пасля ВВК пайшлі працаваць у ВСК «Гадзілавічы». Я і сам калісьці атрымаў другі разрад токара ў школе. З мінулага года ВВК засталіся ў гісторыі.

Для простай сельскай школы тут працаваў зорны калектыў: калі заслужаных настаўнікаў БССР у раёне можна было пералічыць на пальцах адной рукі, то ў Гадзілавічах іх працавала аж двое: былы дырэктар Аляксандр Шкутаў і настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Усевіч. Малады дырэктар школы Ігар Мікалаевіч хоць жыхар і немясцовы,  але наконт назвы вёскі, дзе працуе, мае свой погляд:

— Вядомы гісторык Аляксандр Рогалеў (некалі ён быў маім выкладчыкам) у 90-я гады даследаваў гісторыю назвы Гадзілавічаў і суседніх вёсак. Ён лічыў, што роданачальнікам вяскоўцаў быў нейкі Гадзіла. Гэта была яго мянушка, а сапраўднае імя — Гадзіслаў, Гадзімір ці Гадзімысл. Менавіта яго мянушка і дала назву вёсцы і яе жыхарам.

«Па двары гаспадаром ходзіць толькі певень...»

Роўна насупраць школы жыве былая настаўніца пачатковых класаў Антаніна Парашчанка. Жанчына сустракае мяне каля брамкі разам з двума — рыжым і шэрым — катамі.

— Заходзьце ў хату, што мы на дварэ будзем стаяць, — адчыняе дзверы ў сенцы гаспадыня. Жанчына прыгожая, нават у 81 год прымячаю прываблівыя рысы твару і шчырую ўсмешку. Асабістае жыццё Тонькі (так ласкава звалі яе аднавяскоўцы) неяк не заладзілася. Замуж не пайшла, таму і свой век вякуе ў адзіноце. Па двары гаспадаром ходзіць толькі певень, а за ім — дзве курыцы.

— Лёс не перахітрыш, я столькі разоў парывалася пакінуць вёску, але так на ўсё жыццё тут і засталася. Жыву ў бацькоўскай хаце, бачыш, дзетачка, падлога і столь старыя, яшчэ ад таты з мамай напамін. А як малая была, у хаце падлога ўвогуле была земляная. На зіму саломай засцілалі, каб дзецям цяплей было. У гадзілавіцкіх багачоў яшчэ ў тыя часы была з дрэва, але мылі яе акурат адзін раз у год, напярэдадні Вялікадня. Вылівалі вядро вады пад ногі і скраблі жалязнякамі. Дзеці ўзімку на пячы спалі. Пад печчу — куры, у моцныя маразы ў хату забіралі парасят, цяля, што толькі нарадзілася, пакуль не акрэпне. І жылі па 12—15 душ у адной хаце: дзеці, зяці, нявесткі...

На канапе ляжыць стосік газет — настаўніца на пенсіі цікавіцца навінамі не толькі сваёй вёскі, але і краіны ў цэлым. Яе бацькі адсюль родам, у мясцовай школе Антаніна Дзянісаўна працавала 32 гады. Спачатку адвучылася ў гомельскім педвучылішчы, два гады настаўнічала ў суседнім Доўску, вярнулася ў Гадзілавічы, затым завочна скончыла Магілёўскі педінстытут. Дарэчы, былы педагог расказала мне яшчэ адну версію паходжання назвы Гадзілавічы.

— Людзі тут як людзі, не чула, каб хто якія паскудствы адзін аднаму рабіў. А вось мне здаецца, імя вёска атрымала такое, бо ўгоддзі тут пладавітыя. Усё родзіць: лясы багатыя на пушніну, рака — на рыбу, зямелька — на ўраджай. У слове «угоддзі» бярэ вытокі назва вёскі Гадзілавічы.

На Калгаснай вуліцы – малпа і пальмы

Такое дзівоцтва ў вёсцы сустрэнеш нячаста. У Гадзілавічах свой «афрыканскі» куток. Ён недалёка ад шашы, таму 78-гадовая пенсіянерка Марыя Халевіч даўно прывыкла да турыстаў, што супыняюцца і робяць фотаздымкі каля яе хаты. На фасадзе красуецца малпа-забіяка, у руках — банан. Перад гародчыкам — дзве пальмы, а на шчытах — дэльфіны. І шмат яшчэ якой дробязі зрабіў для сваёй цешчы Аляксей Сапацькоў.

— Ведаеце, раней у сяле з мяне пасмейваліся, бо я ўсюды збіраў пустыя пластмасавыя бутэлькі: перад клубам, за канторай, каля крамы, па сметніках. З бутэлек выйшлі пальмы, а з каляровых крышачак — карціна з вясёлай малпачкай. Зараз аднавяскоўцы прывыклі да майго хобі і за спіной смяшкоў больш не чую.

Аляксей Сапацькоў разам з жонкай працуюць у дзіцячым садку ў Гадзілавічах. Вясковы ўмелец зімой ацяпляе будынак, а ўлетку бярэ на сябе ўсю мужчынскую работу. Для садка калісьці зрабіў драўляны каляровы паравозік, зараз, праўда, яго прыбралі. 

— Ідэі прыходзяць самі па сабе, — гаворыць. — Напрыклад, замест малпы спачатку хацеў зрабіць каня, а пасля думаю: не, да пальмаў трэба малпа, каб быў сапраўдны афрыканскі куток. Карціну раблю проста: на ліст фанеры цвікамі прыбіваю крышачкі. Выйду на пенсію — развярну сваю творчасць. Трэба цешчы альтанку драўляную перед хатай змайстраваць.

Як вёска ў Сетку папала

«Гадзілавічы the best» — так называюць групу ў папулярнай сацыяльнай сетцы, дзе між сабой перапісваецца і абменьваецца фоткамі, музыкай вясковая моладзь. Тут школьнікі, студэнты, маладыя мамы — у групе сёння каля 150 чалавек. «Гадзілавічы адзіныя і непаўторныя ва ўсім свеце», — так апісваюць сваю суполку маладыя гадзілаўцы.

— На выхадных вёска ажывае, моладзь на танцы ў клуб ідзе, студэнты прыязджаюць, сустракаюцца ў нашай бутэрброднай, а вось у будні — цішыня. Здаецца, уся моладзь у Інтэрнэце толькі і сядзіць, — прызнаецца загадчыца прадуктовай крамы Вольга Чэшанкова.

— Паўдня па вёсцы хадзіла, ні адзін п’яніца не сустрэўся. Нават каля крамы. Няўжо зусім ніхто не выпівае?

— Усе п’яніцы паўміралі, — прызнаецца жанчына. — А папраўдзе кажучы, нашы любіцелі горкай не кучкуюцца каля крамы, можа, таму што вёска пры шашы — саромеюцца, — разважае жанчына.

На самай маладзёжнай вуліцы Гадзілавічаў — Садовай — сустракаю прывабную маладую жанчыну. Разгаварыліся: яна не замужам і толькі восем гадоў таму пераехала ў Гадзілавічы.

— З мужыкоў у вёсцы няшмат п’е, але не шанцуе мне з мужчынамі, вось і гадую дачушку адна, — прызнаецца Святлана Скворах. — Я прыехала з суседняй вёскі Вітлін. Гадзілавічы адразу па душы прыйшліся, вёска жывая, вялікая, ды і дзіцячы садок быў. У мясцовай гаспадарцы ўладкавалася даяркай, атрымалі з дачушкай домік. Нядаўна яго прыватызавала, стала спакайней — хоць дачцэ пасля сябе пакіну. Зараз падводжу газ да дома, праўда, даяркай больш не працую, перайшла прыбіраць сельскі клуб. Цяжка на ферме. Паглядзіце на нос — сто разоў перабіты каровамі.

За апошнія гадоў пяць вёска памаладзела. 26 маладых сем’яў атрымалі жыллё. 14 новых дамоў стаіць на вуліцы Садовай, чатыры — на Маскоўскай, ёсць новабудоўлі і на Казлова, Савецкай, Кастрычніцкай. У многіх дамах гадзілаўцы сталі паўнавартаснымі гаспадарамі — прыватызавалі жыллё і самі выплачваюць за яго крэдыты.

Па звестках сельвыканкама, у Гадзілавічах пражываюць зараз каля 550 чалавек. Ехала з аграгарадка ў райцэнтр і думала: «Эх, не знайшла я ў аграгарадку паскудных людзей, а яшчэ Гадзілавічамі празваліся. Затое за сялян радасна: так і трэба жыць — творча, проста і з любоўю да сваёй малой радзімы».

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter