Министр труда и социальной защиты Ирина Костевич поздравила с 95-летием ветерана ВОВ

Гады — яе багацце

Свой дзевяноста пяты дзень нараджэння ўчора адзначыла ветэран ВАВ Людміла Пеўнева. Падчас вайны Людміла Васільеўна была сувязной. Нягледзячы на сталы ўзрост, юбілярша вылучаецца бадзёрасцю духу і аптымізмам. Але прызнаецца, што гучна смяяцца яна не ўмее. Ваеннае юнацтва пакінула след. На дзень нара­джэння да юбіляркi ў Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы прыехалі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і яе намеснік Аляксандр Румак.

Ірына КАСЦЕВІЧ і Аляксандр РУМАК прывезлі ў падарунак імянінніцы хустку і букет руж.

Як гэта бывае ў дзень нараджэння, імянінніца прымае віншаванні з самага ранку. Вось і мы, калі завіталі на агеньчык, сустрэлі Людмілу Васільеўну за размовай па тэлефоне ў пакоі інтэрната — яна жыве тут амаль 17 гадоў. Жанчына ахвотна распавядае пра сваё жыццё, якое, прызнаецца, было нялёгкім. Вайна заспела Людмілу Васільеўну ў юным узросце — ёй было ўсяго 17 гадоў.

— Я жыла ў пасёлку Доўск. Там дзейнічала падпольная арганізацыя, у ёй я была  сувязной. Цікава, што трошкі пазней менавіта там я пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мацвеем. Шмат чаго памятаю з таго часу. Такое не забываецца. Ведаеце, як мы атрымлівалі паведамленні? Праз дачку святара Аню, якая служыла ў царкве, глядзела за парадкам. Калі яна падыходзіла да свечак, якія гараць, я ўважліва назірала: абцірала іх, значыць, ёсць што перадаць. Я купляла адну, падыходзіла і рабіла выгляд, што стаўлю. Вось у гэты момант Аня, напрыклад, казала: «Заўтра плануецца блакада. Трэба падрыхтавацца», — успамінае імянінніца.

Пра вайну Людміла Васіль­еўна можа расказаць шмат. Родныя настаялі, каб ветэран вяла дзённік успамінаў. Жанчына шмат напісала. Потым перадала ўспаміны ўнучцы Лене, якая іх перавяла ў электронны варыянт.

На грудзях у імянінніцы шмат ордэнаў і медалёў.

— Гэта ордэн Айчыннай вайны, — паказвае на адну з узнагарод Людміла Васільеўна. – А гэта «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.». Астатнія — за мой узрост, — смяецца ветэран.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і яе намеснік Аляксандр Румак прывезлі ў падарунак жанчыне хустку і букет руж.

— Які прыемны колер! – хустка прыйшлася па душы імянінніцы.

За гарбатай міністр адзначыла, што юбілярка для яе эталон:

— Добра, што ў жыцці ёсць людзі, з якіх трэба браць прыклад, пераймаць іх вопыт. Вельмі хочацца дажыць да 95 гадоў і заставацца такой прыгажуняй,  як вы.

У гонар юбіляркі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 7» арганізавалі невялікі канцэрт. Гучалі ўсім добра вядомыя песні «Кацюша», папуры з ваенных песень, «З днём нараджэння», словы якіх падхоплівалі і ветэраны.

ЛІЧБА

Зараз у інтэрнаце ветэранаў вайны і працы пражываюць 114 пажылых людзей. Сярэдні ўзрост – 89,6 года.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter