Гады не маюць значэння, калi ў сэрцы жыве любоў

Амаль 70 гадоў ідуць побач па сваім жыццёвым полі ветэран вайны Аляксей Васільевіч і Вольга Іосіфаўна СТОЛІКІ, бадай, найстарэйшая пара ў Свiслацкiм раёне. А здаецца ім, што толькі ўчора ўзяліся за рукі, толькі ўчора звязалі ў адзін свае лёсы...

Яны абвянчаліся ў страшэннае лiхалецце, але i зараз жывуць разам

Амаль 70 гадоў ідуць побач па сваім жыццёвым полі ветэран вайны Аляксей Васільевіч і Вольга Іосіфаўна СТОЛІКІ, бадай, найстарэйшая пара ў Свiслацкiм раёне. А здаецца ім, што толькі ўчора ўзяліся за рукі, толькі ўчора звязалі ў адзін свае лёсы...

Тая вясна была на дзіва ранняй і цёплай. І як толькі змрок апускаўся на зямлю і ў небе запальваліся зорныя ліхтарыкі, на ўсю ваколіцу пачыналі гучаць песні, і званочкамі пераліваўся дзявочы смех. Хлопцы, бывала, пачуюць і спяшаюцца на гэты спеў. Так было і з маладым кавалём Аляксеем Столікам. Пачуў ён аднойчы, як спяваюць дзяўчаты ў Манчыцах, і паспяшаўся з сябруком у суседняе сяло. Было гэта акурат на Вялікдзень. І гэты святы дзень вырашыў яго лёс. Сярод манчыцкіх прыгажунь яму адразу ў вочы кінулася адна. Танюсенькая, сінявокая, з русай касой праз плячо. Аж дух заняло ў хлопца, калі іх позіркі сустрэліся. Дзяўчына назвалася Вольгай. Ён першы раз падвёў яе да хаты, баючыся нават дакрануцца да рукі, і дрыготкім голасам запрасіў на наступнае спатканне.

Але ўжо праз два месяцы пачалася вайна. Раптоўная, страшэнная, знішчаючая ўсё на сваім шляху. Навісла бяда і над Аляксеем з Вольгай. Дзяўчат і хлопцаў акупанты пачалі забіраць на чужыну. І тады солтыс падказаў закаханым, што сямейных не бяруць, даў параду хутчэй павянчацца. І яны абвянчаліся. Сталася гэта ў жніўні 1941-га.

Праз год у іх нарадзіўся сынок Ванечка. Бацькоўскае шчасце перамяшалася са страхам: як уберагчы малое, як выжыць у гэтым пекле? Дзякуй Богу, выжылі, убераглі. Ванечка падрастаў, пачаў хадзіць, нешта шчабятаць па-свойму, а тут і вызваленне прыйшло. Але іх чакала яшчэ адно выпрабаванне. Аляксею прыйшла павестка на фронт. Ох і галасіла ж яна, выпраўляючы любага, тулілася да яго, паліваючы горкімі слязьмі. Два гады дзень у дзень атрымлівала Вольга ад мужа лісты. Чытала-перачытвала кожны радочак, наскрозь пранізаны цеплынёй і пяшчотай.

— Аднойчы я за кроснамі сядзела, — успамінае Вольга Іосіфаўна. — Мне ў акно нехта крыкнуў: «Вольга, твой Лёня вярнуўся, дадому ідзе». Я яго заўсёды Лёнем называла, і бацькі таксама. Дык вось, я як была басанож, так і выбегла з хаты. Бягу, дарогі не разбіраю, а ён мне насустрач бяжыць. У руках кацялок, на плячах шынель. Я кінулася да яго, абняла, так і стаімо на дарозе…

Праз год у іх нарадзіўся яшчэ адзін сынок — Віця. Пачалі новы дом будаваць. Аляксей усё сваімі рукамі рабіў, стараўся, каб хутчэй сям’я перайшла з паўразбуранай хаткі ў новы дом. А лёс тым часам зноў рыхтаваў для іх выпрабаванне. Раптоўна захварэў Аляксей. Вольга шукала патрэбных лекаў, а іх нідзе не было. Нехта падказаў, што ёсць у Ваўкавыску. Паехала, купіла і спяшалася назад. А той цягнік, нібы наўмысна, ледзьве цягнуўся. І тады, не даехаўшы да прыпынку, яна выскачыла на хаду i пабегла ў шпіталь...

З таго часу мінула шмат гадоў. Даўно пасівела русая каса, і вочы, выліўшыя некалі так шмат слёз, выцвілі і амаль патухлі. Зараз яе вачамі стаў муж. Ён, на дзіва, нават без акуляраў чытае газеты, і больш услых, каб і жонка чула, што ў свеце робіцца. А вось Вольга — яго слых, таму што Аляксей Васільевіч стаў слаба чуць.

Не так даўно ён адзначыў сваё 90-годдзе. З такой нагоды ў іх доме было вялiкае свята. Гучалі музыка і песні, вымаўлялiся самыя цёплыя i шчырыя словы. А старыя, усхваляваныя, раптам памаладзеўшыя, сядзелі побач, і не было ў той момант нікога ў свеце шчаслівейшага за іх.

Гэтым шчасцем свецяцца іх вочы i сёння, калi льецца музыка са старэнькага гармоніка, з якім Аляксей Васільевіч не развітваецца ўжо шмат гадоў. Ён спявае і не зводзіць з жонкі вачэй. Таму што для яго яна па-ранейшаму тая ж Волечка з русай касой і нябесным блакітам у вачах.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

г. Свiслач

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter