Гадуеце шэсць кароў – вось вам памочнік

ГАЛІНЕ і Мікалаю СЫЦІКАМ з аграгарадка Азярцы Глыбоцкага раёна недзе ў сярэдзіне лета патэлефанаваў інспектар райсельгасхарча па закупках і якасці сельгаспрадукцыі Уладзімір Хмялеўскі і папрасіў прыехаць на раённы сход малаказдатчыкаў. Маўляў, чакае вас там прыемны сюрпрыз.

Самым актыўным малаказдатчыкам па ініцыятыве старшыні Глыбоцкага райвыканкама набылі электрадаільныя апараты

ГАЛІНЕ і Мікалаю СЫЦІКАМ з аграгарадка Азярцы Глыбоцкага раёна недзе ў сярэдзіне лета патэлефанаваў інспектар райсельгасхарча па закупках і якасці сельгаспрадукцыі Уладзімір Хмялеўскі і папрасіў прыехаць на раённы сход малаказдатчыкаў. Маўляў, чакае вас там прыемны сюрпрыз.

— Мо, без нас абыдуцца? — сумелася Галіна. — Такая запарка цяпер: адных шэсць кароў падаіць уручную тры разы на дзень чаго варта!

— Не-не, без вас — аніяк! — больш патрабавальна загаварыў інспектар. — Вы там будзеце якраз галоўныя героі.

Калі дабраліся ў райцэнтр і зайшлі ў вялікую залу, паўнютка набітую людзьмі, хацелі прашмыгнуць непрыкметна ў глыбіню. Але іх пасадзілі на самае пачэснае першае месца, перад сцэнай, дзе стаялі… два даільныя алюмініевыя вядры з апаратамі.

«Ага, сабралі нас, малаказдатчыкаў, каб паказаць ці павучыць рабоце на даільных міні-апаратах, — падумала Галіна. — Але для чаго? Як даілі рукамі, так і далей будзе. У каго знойдуцца шалёныя грошы набыць такую ўстаноўку?»

Аднак у тое, што здарылася потым, Галіна доўга не магла паверыць. Яе і мужа Мікалая выклікалі на сцэну і сказалі, што цяпер гэты апарат — іхні! Падарунак за тое, што гадуюць 6 кароў у падсобнай гаспадарцы і прадаюць дзяржаве шмат малака.

Другімі шчаслівымі гаспадарамі такой жа электрадойкі аказаліся Вольга Лабецкая і Станіслаў Грыневіч з хутара Целяшы Ломашаўскага сельскага Савета.

Толкам пагутарыць у той дзень з уладальнікамі новенькіх дойных міні-ўстановак не ўдалося. Людзі былі надта ўсхваляваныя, узрушаныя.

І ВОСЬ днямі я наведаў Галіну і Мікалая Сыцікаў і пацікавіўся лёсам падарунка: мо, выстаўлены ў хаце як экспанат? Усялякае ж бывае.

Замест адказу гаспадыня павяла ў хлеў. Там у два рады размясцілася 6 буронак, якія апетытна ўміналі духмянае сена.

— Вы трапілі якраз на ранішнюю дойку, — паведаміла Галіна. — Яна падключыла шнур да звычайнай разеткі, лёгка паднесла апарат да крайняй каровы і спрытна надзела на вымя рагулі стаканчыкі. А потым стала лашчыць карову: «Стой, мая Лісічка, стой, мая разумніца!»

І ніякага гулу, шоргату апарата. Што ён працуе, можна было здагадацца толькі па тым, як струменіць беласнежнае малако па празрыстай трубцы ў даільнае вядро. Прайшло ўсяго якіх хвілін тры, як Галіна перамясціла апарат да другой буронкі.

— Гэта ж такі цуд, такі незаменны памочнік, — пахвалілася яна. — Каб падаіць карову ўручную, трэба было аддаць на адну 10 хвілін. На 6 рагуль — гадзіну. А летам жа даіла тры разы на дзень. Вось і палічыце, як гэта лёгка даводзілася рукам?!

Абслугоўвае электраўстаноўку муж Галіны — Мікалай. Яна па праву называе яго слесарам. З тэхнікай ён на «ты». Мае 2 трактары. Ён жа і нарыхтоўвае сена, да 20 тон на зімоўку. Зрулоніць яго дапамагае сельгаспрадпрыемства «Азярцы». Сельскі Савет выдзеліў дататковы сенакос. Дарэчы, і не толькі Сыцікам. Як паведаміла старшыня Савета Святлана Анашкевіч, сенакосы дадзены кожнаму двару, дзе ёсць каровы. Многім, у першую чаргу механізатарам, сена адпускаецца бясплатна. Замест 10, па плану, заменена ў прыватных гаспадарках з фонду сельгаспрадпрыемства 21 карова.

НА ТЭРЫТОРЫІ Савета ў падсобных гаспадарках — 159 кароў. За 10 месяцаў ад кожнай атрымана па 4600 кілаграмаў малака. Гэта адзін з лепшых вынікаў на Глыбоччыне.

У цэлым жа па раёне за 10 месяцаў прададзена дзяржаве малаказдатчыкамі 7344 тоны малака, або 108 працэнтаў да мінулагодняга. Надой на карову склаў 3322 кілаграмы, або плюс 527 кілаграмаў. Падмога дзяржаве, задаволены і людзі, бо за малако атрымліваюць нядрэнную капейку. Так, сям’я Галіны Сыцік мае ў месяц 5 мільёнаў «малочных» грошай. Дзякуючы гэтаму змаглі прыстойна дапамагчы ў будаўніцтве дома сыну Міхаілу.

Але вернемся да гісторыі з электрычнай міні-дойкай. Пачыналася яна наступным чынам. Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат задумаўся аднойчы над такой несправядлівасцю: у наш касмічны век на грамадскіх фермах даільнае вядро замянілі малакаправоды, даільныя залы і нават… робаты. А вось на ўласным падворку сялян усё засталося па-ранейшаму, як і 100, і 200 год таму назад. І ён пачаў шукаць выйсце. Заглянуўшы на выставу БелЭКСПА, убачыў мініяцюрную перасоўную электрадойку на калёсіках. Зробленую якраз для прыватных падсобных гаспадарак. Адразу ж, не вагаючыся, даў заказ на дзве. Выкупіў іх ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат». Дзве такія ж электрадойкі атрымаюць яшчэ 2 лепшыя малаказдатчыкі па выніках года.

Трэба зазначыць, што Глыбоцкі раён крочыць наперадзе ў вобласці і рэспубліцы па рабоце з падсобнымі гаспадаркамі, тэхнічным іх перааснашчэнні. Менавіта тут першымі ў вобласці малако пачалі збіраць у насельніцтва прадпрымальнікі. Цяпер гэтай справай займаецца 21 чалавек. Па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта амаль для кожнага малаказборшчыка былі закуплены каштоўныя прыборы па вызначэнні тлустасці малака. І вось наступны крок — электрадойкі!

Уладзімір САУЛІЧ

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter