Сегодня в Национальном историческом музее открылась выставка "Спадчына Беларусі"

Гісторыя ў здымках

Маёнткі ў Скоках і Красным Беразе, каталіцкі храм у Волчыне, палацы ў Залессі і Крычаве, фрэскі Спаскай царквы Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра ў Полацку – усё гэта прапануецца ўвазе  наведвальнікаў  Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе ўчора адкрылася выстава «Спадчына Беларусі». Большая частка яе экспанатаў – фотаздымкі Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева з іх новага мастацкага праекта (на здымку).  


Трапна заўважыў міністр культуры Барыс Святлоў: гэтыя два чалавекі ўжо больш за дзесяць гадоў ідуць абраным шляхам. Шмат падарожнічаючы па замежжы, яны задаліся пытаннем: «Што там ведаюць пра беларускую культуру?» Аказалася, амаль нічога. Тады яны і ўзяліся за стварэнне альбома, які б выклікаў інтарэс да Беларусі, яе помнікаў гісторыі і архітэктуры, ствараў бы ўяўленне пра нашу краіну ў сусветнай супольнасці. Дарэчы, у 2004-м першымі гэты мастацкі праект убачылі італьянцы і, у прыватнасці, Папа Рымскі Іаан Павел II, які вельмі высока ацаніў творчасць фотамастакоў.

З той пары альбом неаднаразова перавыдаваўся і абнаўляўся, ён быў прэзентаваны ў дзясятках краін. І сёння ён прадстаўлены ў фондах буйнейшых бібліятэк свету, у прэстыжных універсітэтах, культурных і дыпламатычных установах, у прыватных калекцыях вядомых людзей, у тым ліку ў каралевы Вялікабрытаніі.

— Нам прыемна, што са з’яўленнем на кніжным рынку нашай краіны альбомы серыі «Спадчына Беларусі» сталі асноўным прадстаўнічым выданнем, лідарам продажаў сярод аналагічнай прадукцыі, — расказаў Алег Лукашэвіч. — З 2004 па 2015 год выдадзена і рэалізавана 44 500 экзэмпляраў, што з’яўляецца рэкордам для нацыянальнага кнігавыдавецтва. Асаблівасць апошняга альбома – ён упершыню выдадзены на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай.


У гэтым выданні 320 старонак, больш за 400 мастацкіх фотаздымкаў, зробленых у 2014—2015 гадах. Аўтары наўмысна не здымаюць руіны, а цярпліва чакаюць аднаўлення помнікаў. Бо іх мэта — прадэманстраваць прыгажосць і значнасць гістарычных шэдэўраў архітэктуры Беларусі. 

— У рабоце нам дапамагаюць нават вышэйшыя сілы, — гаворыць Аляксандр Аляксееў. – Памятаю, як мы паехалі здымаць у Полацк. З раніцы быў пахмурны дзень, дзьмуў моцны вецер, ішоў дождж. Мы нават не маглі выйсці на вуліцу, ужо адчаіліся, што нават не зможам пакланіцца мошчам святой Еўфрасінні Полацкай. І раптам праз некалькі гадзін сышлі хмары, вы-глянула  сонейка. Мы не толькі змаглі зняць храм, але і дакрануцца да святыні.

Адметнасць гэтай выставы – спалучэнне сучасных фотаздымкаў  і  рарытэтаў са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея, сярод іх – срэбны кубак роду Агінскіх, слуцкія паясы, напрастольны крыж з Навагрудка XVII стагоддзя. Усе гэтыя прадметы некалі таксама былі «героямі» папярэдніх альбомаў Лукашэвіча і Аляксеева.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter