Как встречали Новый год в Советском Союзе

Гісторыя пад ёлачку

Як сустракалі Новы год у Савецкім Саюзе
Пах падмёрзлых на балконе мандарынаў і жывой хвоі, шыпенне шампанскага і аптымістычныя песні з тэлевізара, смак салаты аліўе і крыху заляжалых шакаладных цукерак... Кожнаму, хто памятае, як сустракалі Новы год у Савецкім Саюзе, знаёмыя ўсе гэтыя адчуванні. Як і самае галоўнае: у СССР традыцыі сустрэчы Новага года былі значна больш агульнымі, чым сёння.


Упершыню Новы год афіцыйна адсвяткавалі ў канцы 1936 года, аднак 1 студзеня заставалася працоўным днём. Толькі пасля вайны ў СССР пачалі па-сапраўднаму складвацца традыцыі святкавання Новага года. 

Сталі з’яўляцца ёлачныя цацкі: спачатку вельмі сціплыя — з паперы, ваты, пазней — прыгожыя, яркія, зробленыя са шкла і падобныя на ўпрыгажэнні ёлак дарэвалюцыйнага часу. Да канца 1960-х гадоў быў наладжаны масавы выпуск цацак для навагодняй ёлкі, і можна было купіць даволі простыя варыянты з пластыку, звычайна з савецкай сімволікай.

Ёлачныя цацкі адрозніваліся вялікай разнастайнасцю формаў. Ну што цяпер? Шары, ледзяшы, званочкі. А тады былі і агурочкі, і памідорчыкі, і цыбулінкі (мабыць, уплывала рэалізацыя праграмы ўздыму сельскай гаспадаркі ў СССР), і жывёлы (ад папугаяў і малпаў да рыбак і свінак), і вядзьмаркі з чараўнікамі. Пазней з’явілася «царыца палёў» — кукуруза, за што асобнае дзякуй варта сказаць таварышу Хрушчову. А палёт Гагарына зрабіў сваю «ёлачную рэвалюцыю» — замест чырвонай зоркі верхавіну дрэва стала ўвенчваць піка, выкананая ў форме ракеты.

Папулярныя былі серпанцін, канфеці і дожджык, але добрай мішуры было мала. Затое можна было купіць шкляныя гірлянды-каралі для ёлкі. Інтэр’ер да Новага года асабліва ўпрыгожваць не было чым, таму савецкія людзі крэатывілі. Напэўна, шмат хто памятае «ланцужкі» з паштовак. Распаўсюджанае ўпрыгажэнне — дождж, які звісаў са столі. А яшчэ выразалі разнастайныя сняжынкі, вешалі іх на ёлку і ляпілі на шыбіны. Схем стварэння сняжынак было столькі ж, колькі і людзей з нажніцамі. Выразалі кружок, складвалі ў некалькі разоў, рабілі ўсякія выразы і надрэзы, разгортвалі — непаўторная сняжынка гатовая. Рабілі часцей за ўсё з папяровых сурвэтак, але бывала, што і з фольгі.

Рыхтавацца да навагодніх свят у СССР трэба было загадзя. Перш за ўсё — закупіць прадукты, гэта значыць, «дастаць», выстаяць у гадзінных чэргах, атрымаць у прадуктовых заказах шпроты, ікру, вэнджаную каўбасу. Усё неабходнае куплялі за некалькі тыдняў і беражліва захоўвалі да патрэбнага моманту. Цяпер цяжка сабе гэта ўявіць, але, каб дастаць асноўныя інгрэдыенты, напрыклад, салаты аліўе, трэба было моцна пастарацца: у вольным продажы не было маянэзу, зялёнага гарошку, каўбасы. 

Абавязковыя навагоднія стравы — аліўе, халадзец, заліўная рыба, маркоўная і бурачная салаты, селядзец «пад шубай», нарыхтаваныя з лета марынаваныя агурочкі і памідорчыкі, якія з прычыны адсутнасці сезоннай гародніны былі неад’емнай часткай святочнага стала. З напояў – «Савецкае шампанскае», гарэлка «Сталічная», ліманад «Бураціна», морс ці кампот. Увогуле, елі смачна і сытна, але без асаблівай разнастайнасці. Адно і тое ж з Новага года ў Новы год. У кагосьці на сталах была ікра чырвоная або чорная, але такіх шчасліўчыкаў было няшмат. Як і тых, каму ўдавалася купіць да Новага года бананы, балычок, сервелат. Тыя, у каго меўся знаёмы прадавец у прадуктовай краме, маглі дазволіць сабе на Новы год каньяк за 4 рублі 12 капеек, мандарыны. 

З вялікай цяжкасцю даставалі і асноўны напой – паўсалодкае «Савецкае шампанскае». 

Дзяцей трэба было забяспечыць білетамі на навагоднюю ёлку і падарункамі. Мара кожнага дзіцяці — трапіць на галоўную ёлку краіны, спачатку ў Калонную залу Дома Саюзаў, а пасля 1954-га — на крамлёўскую. Савецкія дзеці, гэтак жа, як і сучасныя, святкавалі Новы год на ранішніках у садзе і ў школе. Карнавальныя касцюмы рыхтавалі бацькі. Можна было купіць і гатовыя ў крамах, але яны былі дэфіцытам. Зрэшты, як і добрая тканіна. Таму звычайна ў дзіцячых садках дзяўчынкі выконвалі танец сняжынак у сукенках з медыцынскай марлі. Хлопчыкі часцей за ўсё былі Зайкамі і Мішкамі. Касцюм Зайкі часта шылі з белага паркалю і дэкаравалі белым футрам ад старога паліто. Мішку рабілі амаль гэтак жа.

Кожнай савецкай жанчыне абавязкова патрабавалася новая модная сукенка — яе можна было пашыць сваімі рукамі ці ў атэлье, у рэдкіх выпадках — купіць у фарцоўшчыкаў; магазін быў апошнім месцам, дзе рэальна было здабыць сабе абноўку, якая б адпавядала нагодзе.

«Нішто так не ўпрыгожвае жанчыну, як перакіс вадароду» — гэты тэзіс станавіўся як нельга больш актуальны напярэдадні кожнай навагодняй урачыстасці ў Савецкім Саюзе. Словазлучэнне «салон прыгажосці» тады не зразумелі б і самыя заўзятыя модніцы. У цырульні запісваліся за некалькі тыдняў, падрыхтоўка прычоскі, макіяжу і ўсяго «навагодняга аблічча» патрабавала ад савецкіх жанчын максімум часу, вынаходлівасці і самастойнасці — іншы раз прычоскі рабілі ўмелыя рукі сябровак.

Навагоднія падарункі — чарговая перашкода для савецкіх грамадзян у працэсе падрыхтоўкі да Новага года. З любымі таварамі ў краіне было напружана, а з прыгожымі таварамі — справа яшчэ горшая, таму нашы бацькі адпраўляліся ў госці, прыхапіўшы шампанскае, каўбасу, пажадана сервелат, кансерваваныя экзатычныя ананасы, банкі з чырвонай і чорнай ікрой, каробкі шакаладных цукерак.

Часта дарылі савецкія духі, якіх у крамах было з лішкам. Мужчынам — адэкалоны. Дзіцячыя падарункі, якія прыносілі бацькі з працы (прафкам стабільна забяспечваў падарункамі — па адным на кожнае дзіця да 14 гадоў), былі, у прынцыпе, нядрэннымі, але некаторыя іх кампаненты здзівілі б сучасных дзяцей. Напрыклад, яблыкі, грэцкія арэхі ў шкарлупіне і танныя карамелькі сярод навагодніх ласункаў.

Вялікае значэнне мела тэлевізійная праграма. І яна, варта сказаць, не падводзіла, хоць працавала ўсяго два каналы. Паказвалі шмат камедый (тады яшчэ свежых і новых), мультфільмаў, канцэртаў, без якіх ні адзін савецкі грамадзянін не ўяўляў сабе святочнага дня і ночы. Зрэшты, гэтая традыцыя захоўваецца і цяпер.

Святлана ЮРАШОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter