У Нацыянальным гістарычным музеі адбылася прэзентацыя маштабнай карціны, адной з гераічных і трагічных падзей Першай сусветнай вайны

Гісторыя Ў батальным палатне

У Нацыянальным гістарычным музеі адбылася прэзентацыя маштабнай карціны, прысвечанай 100-годдзю Нарачскай наступальнай аперацыі Рускай імператарскай арміі, адной з гераічных і трагічных падзей Першай сусветнай вайны. Палатно памерам два на тры метры стваралася на працягу двух гадоў. Аўтар — мастак Уладзімір Сайко (на здымку). Сярод маладых жывапісцаў ён адметны тым, што ў сваіх карцінах звяртаецца да забытага батальнага жанру.



— Уладзімір, чым прыцягнула тэма менавіта Нарачскай аперацыі?

— У сакавіку 1916 года яна стала адной з найбуйнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У ёй удзельнічалі палкі, у склад якіх уваходзіла значная колькасць навабранцаў з мясцовага насельніцтва. Нямала такіх было і сярод жаўнераў 5-й роты 3-га Сібірскага стралковага палка, якія сталі галоўнымі героямі майго палатна. Усяго на ім каля паўсотні персанажаў. Дарэчы, ёсць і адна дзяўчына-воін — гераічная ўдзельніца аперацыі 17-гадовая Яўгенія Варанцова, якая падняла і павяла за сабой у атаку салдат і сама ў ёй загінула. Наступленне рускай арміі працягвалася 12 дзён і было спынена з-за панесеных значных страт, знясілення салдат і вельмі цяжкіх умоў надвор`я.

Але на палатне я адмовіўся ад прысутнасці выбухаў і забойстваў, скажоных ад болю твараў. Карціна адлюстроўвае вельмі патэтычны момант: агульны парыў, імкненне наперад, рух да перамогі.

Я хачу, каб сучаснікі ведалі пра гераізм нашых суайчыннікаў у Першай сусветнай і пра тыя падзеі, якія адбываліся там, дзе сёння красуе маляўнічы Нарачанскі край. Забываць гісторыю — гэта кепска. Да таго ж я не знайшоў звестак, каб хтось у выяўленчым мастацтве адлюстроўваў гэтую падзею раней. Так што за апошнія 100 гадоў, відаць, гэта першая спроба асэнсаваць тэму.

— Папярэдне давялося правесці яе сур`ёзнае даследаванне?

— Сапраўды, каб быць максімальна даставерным, вывучаў тэму дасканала. Шмат часу правёў у архівах, сустракаўся з лепшымі нашымі спецыялістамі-гісторыкамі. Вялікую дапамогу атрымаў ад Івана Бутакова з Іркуцка, ён займаецца рэканструкцыяй ваенных падзей з удзелам сваіх суайчыннікаў у колішніх Сібірскіх палках. Мы пазнаёміліся праз сацыяльныя сеткі, і ён вельмі многа і падрабязна мяне кансультаваў наконт гістарычнай адпаведнасці шэрагу розных дэталяў: у зброі, ваеннай форме, амуніцыі, атрыбутыцы.



— Адкуль такая прага да гісторыі?

— Па шчырасці, колькі сябе памятаю, яе любіў. І першымі маімі малюнкамі былі бітвы ды змаганні. Калі заканчваў каледж-гімназію імя І. Ахрэмчыка, у марах бачыў працяг сваёй дзейнасці менавіта ў гісторыка-батальным жанры. Але тады маё імкненне не падтрымалі, маўляў, неактуальна, навошта гэтым займацца. Таму паехаў у Маскву, у Сурыкаўскі інстытут. Год вывучаў шэдэўры Трацякоўкі, творы мастакоў-баталістаў. І яшчэ больш пераканаўся ў тым, што хачу рабіць далей. Перавёўся ў нашу Акадэмію мастацтваў, пасля другога курса арандаваў даволі вялікае памяшканне недалёка ад Мінска, і першае, што зрабіў, — паставіў у пакоі вялізнае палатно. Так паступова пачаў здзяйсняць сваю мару. Сёння я студэнт 5-га курса, у мяне ўжо некалькі батальных работ, праўда, не такіх маштабных, як прысвечаная Нарачскай аперацыі. Ёсць і вучні — юныя выхаванцы маёй мастацкай майстэрні. Яны, дарэчы, мае заўсёдныя першыя гледачы, часта над сваімі творамі працую ў іх прысутнасці. Разам разважаем, думаем, вучымся.

— Вы абралі сваім шляхам класічны жывапіс і рэдкі сёння батальны жанр, але большасць маладых мастакоў аддаюць зараз перавагу мадэрну і новым формам...

— Так складваецца ў маім лёсе, што я ніколі не выбіраю папулярных шляхоў. Мая пазіцыя такая: калі нейкага мастацтва многа, то буду займацца тым, якое найменш развіваецца на гэты момант. А мастацтва рэалізму наогул вечнае, таму што зразумелае. Я імкнуся, каб мае творы былі зразумелымі і прыцягальнымі для простых людзей, і рады, калі гэта атрымліваецца.

Неяк вандраваў па Случчыне і на звычайнай загрунтаванай кардонцы напісаў краявід. Вяртаючыся дадому, заехаў на станцыю тэхабслугоўвання, і крыху не хапіла грошай, каб расплаціцца, дык слесар папрасіў гэты эцюд. Просты чалавек убачыў, адчуў і захацеў мець яго ў сябе. Хіба не лепшае прызнанне для мастака? Дарэчы, эцюд той сапраўды атрымаўся ўдалым, вельмі эмацыянальным. Я пісаў бераг з вады, седзячы на плыце. Вецер з усіх бакоў круціў, я трымаўся за драбіну, каб надта далёка ад берага не знесла…



— Больш звыкла ўяўляць мастака ў майстэрні за мальбертам...

— Можа, каб мне было 50, я таксама сядзеў бы толькі ў майстэрні. Але мне няма і 25. Дык навошта адмаўляцца ад вандровак і экстрыму? Для мяне вельмі важны пошук, новыя сустрэчы, яркія ўражанні. Падарожжы вельмі люблю. І шмат у час іх пішу. У абставінах самых розных. Праабражэнскую царкву пад Валожынам пісаў у месячную ноч пад фарамі свайго аўтамабіля побач з трасай. Хутка — за 15 хвілін. Мінулай вясной, якраз у час сонечнага зацьмення, залез працаваць на Ваўкавыскае ўзвышша, так званую Шведскую гару. Вецер узняўся, а ў мяне палатно метр на паўтара, дык рэменем яго прывязваў, каб трымалася. Справіўся за паўдня, напісаў Ваўкавыск з вышыні амаль птушынага палёту. Для мяне вельмі значна зрабіць сваю справу якасна насуперак усім вятрам.

— Сёння вы мастак запатрабаваны?

— Калі шчыра, я цалкам жыву заробкамі са сваёй працы мастака, і ўвагай калекцыянераў мае работы не абдзелены, яны знаходзяцца амаль у 20 краінах свету. Некаму дарыў, нехта набываў. Маюць мае творы і многія нашы раённыя краязнаўчыя музеі. Наогул, прадаць для мяне не самамэта. Галоўнае, каб твор убачылі як мага больш людзей і адчулі мой пасыл, зразумелі, што я хачу сказаць. Вось і цяперашняя прэзентацыя — гэта цалкам мой дабрачынны ўчынак для свайго народа, краіны. Ніхто мне не даваў заказ і не фінансаваў. Я рабіў гэты твор з чыстым сэрцам і душой, не думаючы пра камерцыйнасць. Хацеў перадаць гледачам тое, што хвалюе і захапляе мяне: гонар за мужнасць і гераізм нашых суайчыннікаў. Яшчэ і зараз ва ўражаннях ад натхнёнай працы. Часцяком працаваў начамі. Дарэчы, у адну з іх даведаўся, што стаў бацькам. На палатне нават зрабіў пра гэта памятны надпіс. Так было сімвалічна і ўзрушальна: у мяне нарадзіўся першынец-сын, і ў гэты ж час нараджаецца карціна, пра якую даўно марыў.

— Дзе, дарэчы, яе можна будзе ўбачыць пасля прэзентацыі?

— У музеі яна прабудзе мінімум ты-      дзень. Далей хачу павазіць яе па краіне. Няхай людзі паглядзяць, я ж для іх працаваў. Дакладна вядома, што ў маі яе пакажуць у Ноч музеяў у музеі ваеннай гісторыі ва Уруччы. Дарэчы, была прапанова перадаць гэты твор у Францыю ў Вердэнскі музей Першай сусветнай вайны. Але, лічу, гэтае палатно больш прысвечана гераічнаму мінуламу нашага народа, таму застанецца тут.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter