Гісторыя ажывае ў асобах

На вечар вуліца Савецкая ў Гродне стала мясцовым Арбатам

На цэлы вечар брукаваная вуліца Савецкая ў Гродне ператварылася ў мясцовы Арбат

Горад у ХІХ стагоддзі. А вось у часы ваеннага ліхалецця і пасляваенныя гады. Яго тагачасныя жыхары... Подых даўніны адчуваецца са старых фотаздымкаў, якія клапатліва захавала гісторыя для нашчадкаў і якія павінны распавесці пра слаўнае мінулае сённяшняга мегаполіса. Горад сучасны і яго героі. Больш за пяцьсот фотаработ і карцін, створаных лепшымі гродзенскімі майстрамі, сталі своеасаблівым прызнаннем сучаснікаў у любві да вузкіх зялёных вулак, каралеўскіх замкаў і старажытных храмаў.

Такая ўвага да мастацкіх твораў, што ўпрыгожвалі цэнтральную пешаходную вуліцу ўвесь вечар, надавалася невыпадкова. Галоўнай дзеючай асобай на «гродзенскім Арбаце» стаў знакаміты мастак і кампазітар ХІХ стагоддзя Напалеон Орда, які прысвяціў гораду над Нёманам дзясяткі сваіх унікальных прац. Яны і былі пакладзеныя ў аснову так званай жывой экспазіцыі.

На арт-пляцоўках горада святочную атмасферу стваралі вулічныя артысты, танцоры, фокуснікі, клоўны і музыкі. Была арганізаваная выстава рэтрааўтамабіляў, майстар-класы па бодзі-арту і фотасправе. Кожны, хто хацеў, мог атрымаць замалёўку горада, зробленую вулічнымі мастакамі, ці аўтарскі фотаздымак.

Для маленькіх наведвальнікаў мерапрыемства таксама была прадугледжана «творчая майстэрня». Эмоцый у дзятвы было праз край, бо маляваць дазвалялася пальцамі, а новаспечаныя шэдэўры адразу займалі сваё месца ў экспазіцыі.

Арганізатарамі незвычайнага гарадского мерапрыемства сталі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — аўтары сацыяльнага праекта «Жывая гісторыя» (на здымку). Маладзёжная ініцыятыва накіравана перш за ўсё на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны і развіццё турыстычнага патэнцыялу Гродзеншчыны. А зрабіць гэта яскрава і незабыўна можна шляхам інтэрактыўных акцый, якія пазнаёмяць жыхароў і гасцей абласнога цэнтра з вялікімі падзеямі і славутымі імёнамі. Дзякуючы намаганням студэнтаў, гродзенцы ўжо ведаюць нямала цікавых фактаў пра свой горад з аўдыёролікаў, якія транслююцца ў грамадскім транспарце. Шматлікія акцыі праводзяцца ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты ствараюць у ёй акаўнты гістарычных асоб і знакамітых гараджан. Дарэчы, інавацыйны студэнцкі праект быў падтрыманы абласным выканаўчым камітэтам.

Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства, запэўнілі арганізатары, атрымаюць каштоўныя падарункі, сярод якіх — магчымасць вандроўкі на паветраным шары. Імёны шчасліўцаў будуць вызначаны па выніках конкурсаў, якія арганізатары інтэрактыўнай акцыі праводзяць у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter