Гісторыя адной паштоўкі

Гродзенскі музей падрыхтаваў калекцыю чорна-белых паштовак

Невялікія ілюстраваныя кардонкі часам лепш за падручнік могуць распавесці пра страчаную спадчыну гарадоў і лёсы людзей.

Багатая калекцыя чорна-белых паштовак канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якую прапанаваў увазе наведвальнікаў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, прысвечана святыням Бацькаўшчыны. Выявы праваслаўных і ўніяцкіх цэркваў, каталіцкіх касцёлаў, сінагог, мячэцей, пратэстанцкіх збораў, тых, што не скарыліся часу і захаваліся да сённяшніх дзён, і тых, што ўжо страчаны, дапамагаюць сучаснікам зрабіць экскурс у гісторыю архітэктуры буйных гарадоў Беларусі. На выставе прадстаўлена больш за двесце паштовак, на 160 з іх — выявы храмаў.

Дарэчы, не ўвесь сабраны матэрыял належыць музейным фондам. У стварэнні экспазіцыі супрацоўнікам установы культуры дапамагаў мясцовы калекцыянер Ян Лялевіч, які таксама падзяліўся сваімі ўнікальнымі набыткамі з наведвальнікамі музея.

Вітрыны са старымі паштоўкамі аформлены не па канфесійным прынцыпе, а па тэрытарыяльным. Самая вялікая падборка прысвечана, канешне ж, Гродна. Менш прадстаўлены ўсходнія рэгіёны краіны, а таксама помнікі архітэктуры беларускіх вёсак і малых гарадоў. Але навуковыя супрацоўнікі абяцаюць у хуткім часе выправіць гэту несправядлівасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter