Навуковая экспедыцыя здзейсніла ў старажытным Полацку шэраг адкрыццяў
Старажытны храм у Беларусі, які захаваўся да нашых дзён, — гэта Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Цэлыя не толькі сцены XII стагоддзя, але і фрэскі таго ж часу ўнутры.

Лічылася, што сабор ацалеў амаль цалкам, і толькі ў пачатку XIX стагоддзя ўпрыгожванне фасада ў стылі класіцызму пазбавіла яго некаторых старажытных рыс. Аднак даследаванні фундаментаў аспрэчылі версію, якая дагэтуль здавалася бездакорнай. Пра адкрыцці расказаў Дзяніс Дук, кіраўнік навуковай экспедыцыі, прарэктар Полацкага дзяржуніверсітэта па вучэбнай рабоце:
— Вывучалі падмурак царквы выкладчыкі і студэнты нашай ВНУ на чале з Аляксеем Коцам разам з супрацоўнікамі пецярбургскага Эрмітажа Яўгенам Торшыным і Пятром Зыкавым. Высветлілася, што па баках пабудовы існавалі галерэі, а перад галоўным фасадам — прыбудова, якія значна павялічвалі аб’ём будынка. Калісьці яны былі разбураныя. Пад галерэямі знаходзілася крыпта — склеп з пахаваннямі. Яе мы выявілі засыпанай — відаць, гэта адбылося пасля таго, як абрушыліся галерэі.
Усе рэканструкцыі аблічча святыні, якія існавалі дагэтуль, прыходзіцца лічыць памылковымі. Трэба будзе аднавіць выгляд храма з улікам новых адкрыццяў. А падчас раскопак навукоўцам пашанцавала яшчэ не раз. У крыпце справа ад галоўнага ўвахода яны знайшлі пячатку самой Прападобнай Еўфрасінні — заснавальніцы царквы і манастыра пры ёй. Надпіс на пячатцы гаворыць: “Гасподзь, дапамажы рабе тваёй Еўфрасінні”. Але як трапіла сюды пячатка беларускай святой? Дзяніс Дук лі-чыць, што з нейкага іншага месца, адкуль прывозілі зямлю, каб засыпаць крыпту.
Яшчэ адна гістарычная загадка адкрылася падчас раскопак. Выяўлены рэшткі падлогі з тэракотавых плітак са слядамі пажару. Магчыма, што гэта рэшткі храма, які існаваў да цяперашняй Спаса-Праабражэнскай царквы. Але ці быў сабор-папярэднік каменны або драўляны, пакуль дакладна сцвярджаць немагчыма. Акрамя таго, у зямлі знайшлі фрагменты фрэсак, а гэта значыць, што ацалелы да нашых дзён сабор быў распісаны ў XII стагоддзі не толькі знутры, але і знадворку.
Навукоўцы збіраюцца прадоў-жыць даследаванні. Ад іх выніку за-лежыць, якое будзе прынята рашэнне па рэстаўрацыі храма. Галоўнае пытанне: ці магчымая яго максімальна дакладная рэканструкцыя па стане на XII стагоддзе.
Віктар Корбут