У Мінску з дзяржаўным візітам знаходзіўся Старшыня КНР Сі Цзіньпін

Гістарычны візіт на фоне сучаснасці

У Мінску з дзяржаўным візітам знаходзіўся Старшыня КНР Сі Цзіньпін




Цеснае і плённае беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне выйшла на больш высокі ўзровень. Кожная сустрэча кіраўнікоў нашых дзяржаў становіцца своеасаблівым рубяжом, пасля якога супрацоўніцтва набірае ўсё большую дынаміку. Падчас апошняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР Мінск і Пекін дамовіліся развіваць усебаковае стратэгічнае партнёрства. Ужо сёння яно напоўнена шырокім пералікам сумесных праектаў у самых розных сферах. Галоўным дакументам цяперашняга дзяржаўнага візіту ў Беларусь Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна стаў без перабольшання гістарычны міждзяржаўны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. Ён юрыдычна замацоўвае ўстанаўленне паміж краінамі ўжо згаданага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. А адзін з ключавых дзелавых вынікаў заключаецца ў тым, што наша краіна становіцца важным гульцом у рэалізацыі кітайскіх канцэпцый “Эканамічны пояс Шаўковага шляху” і “Марскі шаўковы шлях XXI стагоддзя”.

Паслядоўнасць трох візітаў Сі Цзіньпіна выбудоўваецца ў дакладную логіку. 7 мая ён наведаў Казахстан, затым здзейсніў афіцыйны візіт у Расію, дзе прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Маскве. І вось дзяржаўны візіт у Мінск. Тут, адзначу, дзяржаўны — не проста азначэнне. Паводле дыпламатычнага пратакола гэта — вышэйшы статус наведвання кіраўніком краіны дружалюбнай дзяржавы. Вельмі важны знак. КНР выбудоўвае шырокі пояс добрасуседства і ўзаемавыгаднага партнёрства. І дарэчы лічыць падставай для гонару тое, што наша краіна ў арбіце глабальных інтарэсаў Кітая. Гэта абсалютна супадае з бачаннем Мінска сваёй ролі як надзейнага сувязнога звяна паміж Еўропай і Азіяй. Гэта працуе на аўтарытэт краіны, на ўмацаванне суверэнітэту і прыносіць значныя эканамічныя выгоды. Плюс выдатна ўпісваецца ў вылучаную Мінскам ідэю інтэграцыі інтэграцый, са стварэннем адзінай гандлёва-эканамічнай прасторы ад Уладзівастока да Лісабона. Беларусь у гэтым выпадку аказваецца на вельмі ажыўленым і адказным скрыжаванні, праз якое ездзяць людзі, перамяшчаюцца тавары, і ў выніку гэтага яно вельмі прывабнае для інвестыцый.

Кітай быў і застаецца добрым сябрам, надзейным таварышам і перспектыўным партнёрам. Развіццё ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі будуецца на прынцыпах узаемапавагі, падтрымкі і шматпланавага супрацоўніцтва. Высокі ўзровень кантактаў і шчырасць намераў фарміруюць доўгатэрмі-новую палітыку сумеснага развіцця нашых краін. Мэта ў нас толькі адна: дабрабыт нашых краін і нашых народаў

Аляксандр Лукашэнка

Адзін важны штрых. Асаблівай цеплыні ў атмасферу перагавораў дабавіла ваенная тэматыка. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, завяршэнне Другой сусветнай вайны ў цэлым — фактары аб’яднальныя. І на праўду тых часоў нашы народы глядзяць аднолькава. Лічачы недапушчальным фальсіфікацыю гісторыі і гераізацыю злачынцаў. Пра гэта кіраўнікі дзяржаў гаварылі прама і адкрыта.

Падчас візіту Сі Цзіньпіна падпісана больш за дваццаць розных сумесных дакументаў. Расказваючы журналістам пра вынікі работы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Мінск і Пекін дамовіліся працягваць цеснае супрацоўніцтва на міжнароднай арэне і актыўна падтрымліваць адзін аднаго ў пытаннях, якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы, нацыянальную бяспеку і суверэнітэт. У дзелавой частцы бакі дэманструюць гатоўнасць да зруху акцэнтаў ад чыстага гандлю да нарошчвання ўзаемных прамых інвестыцый, рэалізацыі вытворчых праектаў. Перш за ўсё ў высокатэхналагічных і інавацыйных галінах, якія фарміруюць эканоміку будучыні дзвюх краін. Пачатак тут ужо пакладзены. Пад Мінскам будуецца Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Ён не проста арганічна ўпісваецца ў канцэпцыю Шаўковага шляху, але і становіцца адным з вузлавых яго звёнаў.

Падчас перагавораў кіраўнікоў дзяржаў дасягнуты дамоўленасці аб сумеснай рабоце па будаўніцтве і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі. Аб новых схемах і механізмах міжбанкавага супрацоўніцтва. Аб адкрыцці новых крэдытных ліній. Аб стварэнні ў Беларусі сучасных вытворчасцяў з удзелам буйных кітайскіх кампаній. Ёсць задумы ў сферы ваенна-тэхнічнай кааперацыі. Размова таксама ішла пра пашырэнне турыстычных, адукацыйных, культурных абменаў. Так што, напэўна, няма абласцей, у якіх бы Мінск і Пекін не знайшлі пункты супадзення інтарэсаў.

Цяпер беларуска-кітайскія адносіны знаходзяцца на важным этапе свайго развіцця. Спадзяюся, што мой цяперашні візіт надасць новы імпульс далейшаму развіццю двухбаковых адносінаў на больш высокім узроўні.

Мяркуючы па выніках плённых перагавораў, магу зрабіць выснову, што чаканыя вынікі візіту цалкам дасягнутыя... Нашы краіны будуць на аснове ўзаемапавагі, роўнасці супрацоўнічаць і падтрымліваць адна адну ў пытаннях, якія складаюць ключавыя інтарэсы дзвюх дзяржаў

Сі Цзіньпін

Відавочна, што міждзяржаўнае ўзаемадзеянне выбудоўваецца не толькі на эканамічных матывах. Яны хутчэй вынік высокага палітычнага і чалавечага ўзаемаразумення. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін не хавалі, што іх звязвае шчырае асабістае сяброўства. А гэта ўжо трывалая аснова для вядзення прадметнага дыялогу на любыя тэмы.

Беларуска-кітайскае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства працягваецца. Гэта вынікае і з палажэнняў заключанага Дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве, і з сумеснай дэкларацыі, падпісанай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў. Ужо сёння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, дзякуючы дасягнутым дамоўленасцям праглядаецца рэальная магчымасць як мінімум двухразовага павелічэння тавараабароту. Эстафету прадметнага і зацікаўленага дыялогу прымаюць дзелавыя людзі. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін прынялі ўдзел у рабоце беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму, пабывалі на будаўніцтве парку “Вялікі камень”. Партнёрства не толькі працягваецца, але і напаўняецца ўсё больш сур’ёзным і каштоўным зместам.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter