Футра ці каханне?

Што трэба жанчыне і што ёй мусіць даць мужчынаДзень святога Валянціна — “прыйшлае” свята, але ж яно ўжо пусціла свае карані і ў нашых сэрцах. Да таго ж, святаў многа не бывае, тым больш — рамантычных. Прыемна атрымаць “афіцыйнае пацвярджэнне” кахання ў выглядзе папяровага альбо цацачнага сэрца, асабліва калі пачуцці дарыцеля не папяровыя і не цацачныя. Ну а калі гэта не школьна-студэнцкае каханне, ёсць падстава чакаць чагосьці і больш маштабнага. Упэўнены: кожная жанчына марыць пра футра ці брыльянты, якія, як слушна было агучана ў адной песні, найлепшыя сябры дзяўчат. Перакананы таксама ў тым, што кожны мужчына здатны і нават абавязаны падарыць каханай і брыльянт, і футра, і падарожжа ў Парыж...

Прызнаюся: ні Парыжа, ні дыядэмы, ні нават сукенкі ад куцюр я яшчэ не падарыў ніводнай красуні. Кветкі, рэстаран — пакуль што ўсё, чым магу ганарыцца. Проста я яшчэ не спаткаў свайго шчасця. Хаця мне вельмі хочацца адной-адзінай зрабіць такі прэзент, якога яна, бясспрэчна, варта. І не пашкадую дзеля яе нічога. Бо для мяне яна будзе “number one”, як спявае Дзіма Білан.
Калі вы для свайго мужчыны нумар адзін, дык найлепшы спосаб праверыць, ці сапраўды гэта так, — атрымаць ад яго ў падарунак... футра. Толькі як? Не думаю, што трэба намякаць: “Вось, дарагі, мне холадна, і той кажух, які мы набылі на “Дынама” дзесяць год таму, ужо пацёрты і ўвогуле нямодны”. Гэта было б надта танным ходам. Кшталту таго, калі б студэнтка сказала хлопцу: “Звадзі мяне ў кіно — і я твая на ўсё жыццё!..” Мужчына павінен быць кемлівым і не чакаць, пакуль яго каханая пачне нешта кленчыць.
Аднак я не хачу сказаць, што жанчына — пуп зямлі і ўсё найлепшае трэба аддаваць толькі ёй, служыць ёй безаглядна ды г.д. Мяркую, павінна быць раўнавага. І ордэн Бацькі таксама не шкодзіла б для ўсеагульнага прагрэсу заснаваць — бо маем жа ордэн Маці. Толькі так ужо павялося ў гісторыі, што жанчына — гэта (хай не пакрыўдзяцца спадарыні феміністкі) так званы слабы пол. Іначай біцэпсы і трыцэпсы проста абавязаны былі б з гонарам насіць ды культываваць даўганогія красуні, а не брутальныя самцы.
Ну а калі Бог даў нам тыя суперцягліцы, дык ужо, як ні круці, мы вымушаны (калі каму не падабаецца тэрмін “абавязаны”) хоць штосьці з дапамогай тых мышцаў здабыць для слабых нашых сясцёр. Моцныя мусяць быць высакароднымі.
Такім чынам, жанчына чакае высакароднага ўчынку — яна чакае ад вас футра. А вы ёй яго бац — і прыносіце. Усё проста і лагічна. І мужчыну здаецца, што такім чынам ён выконвае свой абавязак. А затым, выканаўшы пастаўленую абставінамі і лёсам задачу, супакойваецца, адкідваецца ў крэсле, адкаркоўвае пляшку з півам, разгортвае “Народную газету” ці які-небудзь гламурны часопіс ды працягвае жыць далей, пакуль ягоная пані цешыцца ад суперпуперпадарунка.
Не-е-е... Няправільна. Такі сцэнарый загадзя не спрацуе, каб давесці сваёй каханай, што вашы пачуцці да яе сапраўдныя, што вы — мужык.
Цяпер такія часы насталі, што купіць футра не надта складана. Трэба трохі падзарабіць, дзесьці зэканоміць — і схадзіць у ГУМ або ЦУМ па прэзент, а мо нават злятаць у Грэцыю па сапраўдны шыкоўны ўбор...
Вось і я сціпла чакаю таго моманту, калі збярэцца патрэбная сума, з’явіцца “тая самая” і мы разам паедзем у краіну алімпійскіх багоў па шчасце. Неўзабаве — праз год-другі. Але мае мроі разбіла адна вельмі дасведчаная ў жыцці жанчына. Мы знаёмыя з ёю ўжо не першы год, і калі ў мяне з’яўляюцца пытанні да быцця і сумненні ў стасунку да рэчаіснасці, я іду да яе параіцца.
І вось яна ў мяне пытаецца:
— Ну калі ўжо дзецьмі абзавядзешся?
— Дык іх жа пракарміць яшчэ трэба! Дый жонцы — во! — футра трэба будзе набыць, — пажартаваў я.
 — Дык не ў футры ж шчасце, — супакоіла мяне мудрая “прасмаленая” жыццём знаёмая. — Галоўнае — каханне!
Хм, каханне... А ці бывае яно без быту, без дабрабыту? Людзі — істоты сацыяльныя, ім хочацца добра паесці, апрануцца. І як бы ні цешылі мы сябе ілюзіямі, што шчасце — гэта сядзенне ўдваіх на лаўцы ды глядзенне на месяц, — усё ж істотна: у чым сядзець, дый дзе сядзець — ва ўласным садзе ці ў грамадскім парку. Карацей, шмат умоўнасцей стаіць на шляху да шчасця...
Каханне — гэта, натуральна, найперш шчырыя пачуцці, міласць адно да аднаго. Але мала адных слоў, каб засведчыць сваё асаблівае стаўленне да любага чалавека. Патрэбны справы. Падарыце сваёй жонцы футра. Калі не 14 лютага, дык на 8 Сакавіка (дарэчы, тады ўжо і скідкі будуць).
Шчасце не ў тым футры, шчасце — у знаках увагі. Знаках таго, што вы помніце пра чалавека, якого любіце, не толькі па святах, а і кожны дзень. Рабіце любімым людзям прыемнасці — нават дробныя! — пры кожнай нагодзе!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter