Футбол вяртаецца на “Цэнтральны”

— Аб’явіўшы аб сабе ў горадзе над Сожам на пачатку мінулага стагоддзя (а менавіта з 1910 года, паводле ацэнак даследчыкаў, у Гомелі пачыналася гісторыя беларускага футбола), на парозе другога тысячагоддзя гульня многіх тысяч нашых суайчыннікаў атрымала тут новае зместавае напаўненне, — адзначыў перад пачаткам першай гульні на абноўленым гарадскім стадыёне старшыня Гомельскага гарвыканкома Леанід Барабанаў.
Такім напаўненнем, на думку кіраўніка мясцовай выканаўчай улады, стала як своечасовае прыняцце рашэння аб правядзенні капітальнай рэканструкцыі спартыўнага збудавання і ператварэнне яго ў сучасную, адпавядаючую еўрапейскім патрабаванням футбольную арэну, так і адметныя поспехі гомельскіх футбалістаў у прэстыжных турнірах. Як вядома, футбольны клуб “Гомель” у мінулым годзе стаў чэмпіёнам краіны і заваяваў пуцёўку на гульні ў Лізе чэмпіёнаў. Для набліжэння відовішчнага для многіх аматараў футбола свята нямала пастараліся як будаўнікі ААТ “Гомельпрамбуд”, што ўвесь гэты час вялі рэканструкцыю стадыёна, працоўныя калектывы, якія праводзілі тут суботнікі, так і асобныя жыхары Гомеля, што ахвяравалі на ўдзячную справу ўласныя зберажэнні. Усяго ж на правядзенне работ на галоўнай футбольнай арэне Гомеля было накіравана каля 10 мільярдаў рублёў. Дарэчы, футбалісты клуба “Гомель” не азмрочылі радасці каля 10 тысяч сваіх балельшчыкаў, якiя прыйшлі пахварэць за сваю каманду. У матчы чацвёртага тура чэмпіянату краіны яны паказалі на новым стадыёне захапляючую гульню, забіўшы два мячы ў вароты сваіх сапернікаў – каманды “Лакаматыў” з Віцебска.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter