Патэнцыял дзеючай Канстытуцыі яшчэ не вычарпаны

Фундамент права

Вось ужо больш за дваццаць гадоў першы вясновы месяц у нашай краіне спалучаецца не толькі з 8 Сакавіка, але і з Днём Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка. Напярэдадні свята на пытанні “НГ” адказала суддзя Канстытуцыйнага Суда, заслужаны юрыст Беларусі Валянціна Падгруша.

— Валянціна Васільеўна, часам можна пачуць меркаванне, што Канстытуцыя нібыта носіць у большай ступені дэкларатыўны характар. Ці даводзілася за апошні год Канстытуцыйнаму Суду прымяняць свае паўнамоцтвы для абароны правоў і свабод грамадзян?

— У мінулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла ад грамадзян і юрыдычных асоб больш за 740 зваротаў, якія змяшчаюць пытанні прававога характару, у тым ліку аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Прывяду прыклад. У рашэнні ад 26 красавіка 2016 года “Аб праве на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) iх службовых асоб” Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам асоба, якая парушыла падатковае заканадаўства, але спыніла працоўныя адносіны з арганізацыяй-даўжніком, не мае права на абскарджанне рашэння падатковага органа. Гэта не забяспечвае справядлівасць судовага рашэння. Паколькі дзяржава абавязана забяспечыць доступ да правасуддзя кожнаму, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннямі падатковых органаў, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным, каб заканадавец ліквідаваў адпаведны прабел.

— Колькі законаў за мінулы год прайшло кантроль Канстытуцыйнага Суда?

— Такую праверку прайшлі 53 законы. У цэлым яны прызнаныя адпаведнымі Канстытуцыі. Аднак у некаторых выпадках Канстытуцыйны Суд выявіў прававую нявызначанасць і прапанаваў заканадаўцу ліквідаваць дэфекты прававога рэгулявання.

— Гарачыя дыскусіі пры прыняцці рашэнняў у Судзе здараюцца?

— Дыскусіі, безумоўна, суправаджаюць прыняцце любога рашэння, бо ў кожнага суддзі маецца ўласнае меркаванне. І гэта нармальна, бо ў спрэчках нараджаецца ісціна. Галоўнае, каб рашэнне, якое прымаецца, адпавядала патрабаванням Канстытуцыі, было законнае і справядлівае.

— У Канстытуцыі Францыі ёсць артыкул пра тое, што народ заўсёды захоўвае за сабой права перагляду і змены сваёй Канстытуцыі. Адны краіны карыстаюцца гэтым правам даволі часта, другія, наадварот, адданыя прававой стабільнасці. У мінулым годзе Прэзідэнт заявіў, што не выключае магчымасці карэкціроўкі Канстытуцыі Беларусі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. З ініцыятывай унесці змены ў Канстытуцыю выступіла нядаўна і Ліберальна-дэмакратычная партыя. Наколькі сёння актуальныя такія прапановы?

— Далейшае развіццё грамадскіх адносін не выключае магчымасці пэўнай карэкціроўкі асобных норм Канстытуцыі. Я бачу неабходнасць ва ўдакладненні канстытуцыйных норм, якія змяшчаюць указанне на Вышэйшы Гаспадарчы Суд, у сувязі з утварэннем адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, аб’яднаннем Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў у адзіны вышэйшы судовы орган — Вярхоўны Суд, які ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі.

Магчыма, варта было б перагледзець пералік органаў улады, надзеленых правам уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд. Такое права можна было б даць вызначанай колькасці дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі. Патрабуе свайго асэнсавання і неабходнасць замацавання на канстытуцыйным узроўні інстытута канстытуцыйнай скаргі. Пры гэтым важна мець на ўвазе, што патэнцыял дзеючай Канстытуцыі яшчэ далёка не вычарпаны. Галоўнае тут — не нашкодзіць.

— Не так даўно Старшыня Канстытуцыйнага Суда заявіў пра неабходнасць выпрацаваць механізм ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння заканадаўчых актаў на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны. Пра што ідзе гаворка і на якой стадыі гэтая праца?

— Сапраўды, такая выснова ўтрымліваецца ў Пасланні аб стане канстытуцыйнай законнасці ў 2016 годзе. Бо важны не сам факт прыняцця новага закона, а тое, наколькі ён будзе эфектыўны з пункту гледжання публічных і прыватных інтарэсаў. Таму аўтары законапраектаў павінны бачыць і правільна ацэньваць наступствы іх прыняцця. На гэта, дарэчы, накіраваны крыміналагічная, юрыдычная і іншыя віды экспертыз, якiм падлягаюць адпаведныя праекты нарматыўных дакументаў.

Зараз у Парламенце рыхтуецца праект новага закона аб нарматыўных прававых актах, у якім мяркуецца замацаваць адпаведныя механізмы вывучэння і ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння.

— Не аднойчы ў грамадстве гучалі прапановы выдаваць законы на дзвюх мовах: рускай і беларускай. Як вы ставіцеся да такой ідэі?

— Па Канстытуцыі ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. З гэтага вынікае не толькі іх фармальнае раўнапраўе, але і роўнасць падыходаў у выкарыстанні. Сёння на беларускай мове прымаюцца асобныя законы сацыяльнай накіраванасці, напрыклад, “Кодэкс аб культуры” і іншыя.

Пытанне пра выданне законаў на дзвюх мовах патрабуе свайго рашэння. Праўда, нельга скідаць з рахункаў, што гэта пацягне значныя выдаткі. Хаця ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці быў перыяд, калі найважнейшыя заканадаўчыя акты публікаваліся нават на чатырох мовах: беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай (артыкул 23 Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 года).

— Канстытуцыйны Суд у адрозненне ад іншых органаў улады структура менш публічная. Магчыма, таму склалася меркаванне, што работа суддзі КС — ціхая, спакойная і непрыкметная.

— Не магу з гэтым пагадзіцца. Так, працоўны дзень па большай меры праходзіць у кабінеце, пры ўмове, што няма судовых пасяджэнняў. Але такія дні запоўненыя зборам неабходнай інфармацыі, яе вывучэннем, аналізам. Па кожным пытанні, якое выносіцца на калегіяльнае абмеркаванне, суддзя павінен быць у поўным узбраенні. Інакш ён не зможа ні абгрунтаваць сваю пазіцыю, ні адстаяць яе ў дэбатах.

— Ці ёсць у вас хобі?

— У вольны час я вельмі люблю чытаць. Прычым не толькі мастацкую літаратуру, але і публіцыстыку. Лічу, што суддзя павінен быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў краіне, ведаць іх грамадска-палітычны рэзананс. “Дыяген у бочцы” — не пра суддзяў.

— Дзякуй за гутарку!

— І вам дзякуй. У заключэнне хачу павіншаваць чытачоў “Народнай газеты”, усіх грамадзян краіны з Днём Канстытуцыі, пажадаць ім дабрабыту, актыўнай жыццёвай пазіцыі, жадання жыць па Асноўным Законе краіны.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter