Ксёндз Яцак Хутман з Пастаўскага раёна разам з вяскоўцамі прыводзіць у парадак тэрыторыю іх жыцця

Фундамент Бацькаўшчыны - гэта родная зямля і магілы продкаў

Ксёндз Яцак з пастаўскіх Камаёў не замыкаецца на касцёле, а разам з уладамі і вяскоўцамі прыводзіць у парадак наваколле

НЕ так даўно пры размове аб хлебаробскіх справах з Люцыяй Грэсько, намеснікам начальніка Верхнядзвінскага райсельгасхарчу, якая звыш 40 гадоў аддала хлебнай ніве, апроч таго, высокія рэкордныя ўраджаі на тутэйшых гонях цалкам і яе заслуга, нечакана пачуў:

— А напішыце вы лепш пра камайскага ксяндза Яцака, што на Пастаўшчыне.

Прыкмеціўшы, што я цяжкавата “ўваходжу» ў тэму, патлумачыла:

– У Камаях жыве мая маці, якая працавала ў сельскай гаспадарцы. Дарэчы, не толькі выпісвае заўсёды “Сельскую газету”, але і беражэ яе падшыўкі. Дык вось, ад маці я даведалася пра яго настолькі шмат незвычайнага і неардынарнага, ды і сама нямала пабачыла, што і ў галаву ўсё не ўкладваецца. Ён поўнасцю адрамантаваў храм, разбіў парк перад ім, пабудаваў стадыён каля школы, прывёў у парадак звыш трох дзясяткаў вясковых могілак. Дапамагае ў розных складаных сітуацыях. Напрыклад, завёз на могілкі помнік жанчыне, якая скончыла сваё жыццё на сацыяльным ложку. Не мае аўтамабіля, не карыстаецца мабільнікам, не прызнае інтэрнэта. А яшчэ піша вершы пра хлебаробаў...


У КАМАЯХ давялося быць вельмі даўно. Касцёл тады знаходзіўся, мякка кажучы, не ў надта прывабным выглядзе: абшарпаны звонку, з аблезлай фарбай на сценах знутры. А ў яго склепе, сабраныя ў горку, ляжалі чэрапы і косці — рэшткі даўніх тут захоўванняў. Перад касцёлам — даволі шэрая плошча з дзясяткам старых з абламанымі сукамі дрэў.

Цяпер жа адкрылася зусім іншая карцiна. Перада мной раскінуўся велізарны, памерам у гектар парк, з аблагароджанымі старымі дрэвамі і пасаджанымі новымі: ланцужком елачак, клёнаў, ліп, бярозак — відаў пад трыццаць. Цэлы дэндрарый! Парк наскрозь праразалі акуратныя, выкладзеныя плітамі пешаходныя дарожкі з кованымі ліхтарамі паабапал. А яшчэ ў ім выдатна размясціліся дзве дзіцячыя пляцоўкі.

Сам касцёл Святога Іаана Хрысціцеля стаяў на ўзвышшы абноўлены, зіхацеў пазалочанымі купаламі, прыцягваючы ўвагу высачэзнымі вехамi з байніцамі-амбразурамі. Кажуць, што таўшчыня сцен гэтага збудавання-крэпасці дасягае двух метраў.

Дасведчаныя людзі паведалі, што ксёндз Яцак толькі што вярнуўся з Пастаў. Трывожыць было няёмка, але тыя ж людзі засведчылі, што нічога страшнага: ксёндз не ганарысты і, калі чалавек прыехаў, ці то зблізку, ці то здалёку, абавязкова прыме яго.

Я ўжо ведаў: Яцак Хутман нарадзіўся ў вёсцы Копкі Падкарпацкага ваяводства Польшчы ў сям’і касцёльнага арганіста, а маці працавала ў бальніцы. Зараз яна на пенсіі і пляце пад заказ кошыкі. Жыццё з касцёлам Яцак вырашыў звязаць яшчэ ў дзяцінстве. Таму пасля ліцэя закончыў духоўную семінарыю. У Камаях — шаснаццаты год.

Клебанія — дом, дзе жыве ксёндз, — насупраць касцёла, праз дарогу. Гаспадар, канечне, не чакаў карэспандэнта, за што мне давялося павінаваціцца. Але ён і выгляду не падаў, што заклапочаны. Запрасіў у пакой, у якім за сталом было пару гасцей. Супакоіў, што гэта — свае, тутэйшыя людзі. Выпілі па кубку кавы. Прыгадалі ксяндза Бульку з Мосара: колькі ён зрабіў там добрых спраў, ператварыўшы занядбаны куточак у райскі.

Ксёндз Яцак за працай.

— Ну, у мяне, як у Булькі, калі прыехаў сюды, свіння перад касцёлам у лужыне не ляжала, — пажартаваў Яцак, — але спраў было таксама шмат, проста ашалець!

ТАК завязалася наша гутарка, якую падаю чытачу ў выглядзе інтэрв’ю.

— Ксёндз Яцак, як вы трапілі ў Беларусь і канкрэтна ў Камаі?

— Шчыра кажучы, у мяне была мара падацца працаваць в Украіну ці Славакію, бо гэта было блізка ад дома, кіламетраў 120—140. У Беларусь жа я прыязджаў на летніх вакацыях, падчас вучобы. У Параф’янава, што ў Докшыцкім раёне, падсабляў мясцоваму ксяндзу. Біскуп Алег Буткевіч, які цяпер у Віцебску, прасіў мяне: ”Застанься!” Але я тады мовіў яму, што падумаю. Хто не быў ніколі ў Беларусі, не меў нават паняцця пра яе, адгаворвалі мяне: “Не едзь! Навошта табе гэта?” Я не слухаў такіх “спецыялістаў”, але і адважыцца не мог, хаця вывучаў у школе восем гадоў рускую мову. Так у ваганнях мінула паўтары гады. Усё вырашыў выпадак. У Пастаўскім раёне ў прыходах Лынтупы і Камаі служыў тады ксёндз Павел Кнурэк, з якім мы разам калісьці вучыліся. Яму было цяжка спраўляцца на два прыходы, і біскуп параіў: “Шукай ксяндза ў Камаі”. А я быў у гэты час якраз у Беларусі. Сустрэліся. Ён адразу павёз мяне ў Камаі. Уразіў касцёл, такі, як крэпасць, але ў даволі запушчаным стане: цёмны, слёзны. Перад касцёлам адзін каменны вельмі старажытны крыж стаяў, больш нічога. Ксёндз Павел мяне ўгаворваў: “Не бойся, я тут — побач, я табе буду падмагаць”. І праўда, наведваўся ці не кожны месяц. Вельмі цёпла сустрэлі мяне людзі, улада. Старшынёй Пастаўскага райвыканкама тады была Ванда Януковіч. Ва ўсім адчуваў яе падтрымку.

— З чаго пачыналі?

— Усё нельга адразу зрабіць. Падумаў, трэба пачынаць з таго, што мне патрэбна як святару — месца для хрышчэння дзяцей, а таксама спаведніца, дзе людзей спавядаць, алтар, дзе службу весці. Потым аднавілі разламаны арган. Апошняе для мяне было важна яшчэ таму, што я — сын арганіста. Бацька іграе на такім інструменце больш паўвека. Шмат займаліся ўборкай. З гарышча касцёла, дзе жылі галубы, вывезлі 14 цялежак памёту. Дадатковыя шыбы ў вокны паставілі, двайныя, трайныя, каб холадна не было. Далей заняліся пазалотай у касцёле, бо стыль барока патрабуе таго. Шмат чаго, у тым ліку алтар, пакрылі сусальным золатам.

— Вы нават у храме адчынілі яго музей?

— Камайскі касцёл — самы старэйшы ў Віцебскай вобласці. Ён збудаваны ў 1606 годзе і летась адзначыў свой чарговы юбілей. Шмат чаго давялося храму перацярпець. “Праз яго” пракацілася некалькі страшэнных апусташальных войнаў. У сцяне касцёла дагэтуль сядзіць каменнае ядро, атрыманае ў руска-шведскую вайну напачатку XVIII стагоддзя. Тут пакінула свой след заваёўнікаў армія Напалеона. У Першую сусветную вайну стаяў фронт, а ў Другую — акупацыя гітлераўскімі войскамі. Што тычыцца музея, то ў ім, акрамя таго, размешчаны памятныя дошкі, прысвечаныя людзям, лёс якіх звязаны з лёсам касцёла, яго гісторыяй.

— Але ж вы адрэстаўрыравалі не толькі сам касцёл, а навялі таксама парадак і перад ім. Маю на ўвазе парк і плошчу.

— Гэта не проста парк. У Камаях касцёл, старажытны каменны крыж — каштоўнасцi. Але сам крыж стаіць на былой местачковай гатычнай плошчы, якая спрадвеку была цэнтрам для мясцовых жыхароў і захавалася дагэтуль. Людзі, праўда, напачатку здзіўляліся: якія адносіны мае ксёндз да плошчы, парку? Адказ тут просты: ёсць Бог Айцец, ёсць Сын, ёсць Дух Святы. Так і ў нас ёсць таксама касцёл, крыж і плошча. Гэта адно цэлае, адна каштоўнасць! Кожны год у парку нешта дабаўляем. Сёлета — чырвоны клён, розныя іншыя кветкi.

— Усё ж гэта трэба дагледзець...

— Тэрыторыя пастаянна прыбіраецца. Урны паставілі пад смецце. Складзены спецыяльны графік, хто, калі і што павінен прыбіраць.

— А што гэта за гісторыя такая: прыехалі журналісты, а вы на ферме мясцовай гаспадаркі ў шлёпанцах?..

— А, гэта на трактар “Амкадор” дамаўляўся. Мы міні-стадыён у школе рабілі: 35 метраў на 24. Якраз спатрэбілася зямлю разраўняць.

— Вы і да школы дабраліся?

— Урокаў я там не праводжу, а нешта карыснае зрабіць — чаму ж не? Замыкацца толькі на касцёле — гэта няправільна будзе. Касцёл — гэта раз, а прыход, у якім 44 вёскі, дзе жывуць людзі, — два. І я не магу думаць толькі пра касцёл. У нас ёсць каплічка, сем кіламетраў адсюль, на могілках стаіць. Дзвесце год ёй амаль. Раз у тыдзень ладжу ў ёй імшу.


— Вось вы закранулі размову пра могілкі. Кажуць людзі, што іх паспелі прывесці ў парадак.

— Усяго ў прыходзе 45 могілак. Парадак наведзены пакуль што на 35. Так што работа яшчэ ёсць. Адшукалі нават такія, пра якія люді не ведалі гадоў сорак. Грыбнік выпадкова адкрыў старадаўнія яўрэйскія могілкі, усё было заросшае лесам. І яно ня дзіўна: яўрэяў, якіх багата было ў мястэчку да вайны, знішчылі нямецка-фашысцкія карнікі. Застаўся цудам (хавала адна хутарская сям’я) усяго адзін чалавек, урач Дзерачынскі, і той выехаў за мяжу.

— І як вы далі рады, бо як паглядзіш, цяпер на месцы непраходнага лесу — цывілізаваныя еўрапейскія могілкі?

— Я ж не адзін. Працавалі камайцы розных пакаленняў. Знайшлі агульную мову з кіраўніцтвам ААТ “Камайскі-агра”, Пастаўскім ДРБУ, іншымі арганізацыямi і прадпрыемствамі. Я прасіў у калгасе трактар, машыну МАЗ не для сябе асабіста, а для работы на могілках. Гаварыў: “Тут ляжаць нашы людзі, калгаснікі, якія працавалі, кароў даілі...” А перш-наперш арганізаваў моладзь. Мы ставілі навокал могілак слупкі пад агароджу: выкапаць ямы роўненькiя, заліць бетонам. Выходзіла да 100 слупкоў у дзень, працавалі па 5—7 чалавек. І гэта там, у лесе, дзе няма бетонамяшалкі, ваду з лужыны насілі, а камяні збіралі на калгасным полі.

Для мяне вельмі важна было памяняць мышленне ў людзей. Я тры гады вучыў казаць «не ваш касцёл, ваш парк, вашы могілкі, а — наш касцёл, наш парк, нашы могілкі»! Вёска Камаі — наша вёска. Дапамагалі ў навядзенні парадку і католікі, і праваслаўныя, і стараверы, і мусульмане, і нехрышчоныя. Чаму? Адказ просты. Калі некаторыя заяўлялі: ”Я не пайду!”, пытаўся: ”У вас пашпарт ёсць? Ёсць. Чытайце, што ў ім напісана… Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. А цяпер, — паказваю на шыльдачку на касцёле, — чытайце, што на ёй: “Архітэктурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь”.

Я — католік. Ёсць у Паставах праваслаўная царква. Яна таксама архітэктурны помнік Рэспублікі Беларусь. І таму для мяне яна таксама каштоўнасць. Яна і касцёл у Беларусі стаяць! Вось чаму важна змяніць мышленне, што гэта не ваша, а тваё! Вось у Камаях жывуць таксама баптысты. Яны прыйшлі да мяне руку паціснуць. “Чаго гэта?” — цікаўлюся. “А таго, што вы не напісалі “каталіцкія могілкі”, а «хрысціянскія», хаця католікаў большасць на іх ляжыць. Людзі за ўсім назіраюць і ўсё бачаць. Ёсць такая пагаворка ў свеце: што такое Радзіма, Бацькаўшчына? Гэта родная зямля і могілкі продкаў! Гэта — фундамент. Пра гэта заўсёды патрэбна памятаць.

— Ксёндз Яцак, кажуць, вы не карыстаецеся мабільнікам, інтэрнэтам...

— Так, усе важныя справы вырашаюцца не па тэлефоне. І ніхто мяне не пераканае ў адваротным. Трэба шмат хадзіць, размаўляць з людзьмі.

— А праўда, што вы складаеце вершы?

— (Усміхаецца). Ну не, гэта мне прыпісалі. А вось мой сябар, камайскі паэт Аркадзь Нафрановіч, якога ўжо няма, сапраўды пісаў цудоўныя творы, дарэчы, пра хлебаробаў. Услаўляў іх працу. Але жыццё — гэта сама паэзія!

Трэба жыць!

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter